«Пужаюць эканамічныя наступствы». Як перажывае каранцін турыстычны іспанскі востраў Тэнэрыфэ?

Звыкла насычаная турыстамі ў зімова-вясновы сезон выспа Тэнэрыфэ сёння ціхая і пустая – Іспанія перажывае другі тыдзень каранціну ў звязку з каронавіруснай інфекцыяй. Пра абмежаванні, якія ўвёў іспанскі ўрад, і пра тых, хто найбольш пацярпеў пры каранціне, Belsat.eu распавядае беларуска Марына Зверава, што жыве на востраве.

Марына Зверава. Фота: facebook

Згодна са звесткамі ад 28 сакавіка колькасць памерлых ад COVID-19 у Іспаніі перавысіла 4000 чалавек, краіна выйшла на другое месца пасля Італіі па смяротнасці ад каронавіруса. Паводле колькасці выяўленых выпадкаў Іспанія трымаецца ў чацвёрцы лідараў – больш 56 000 чалавек. Болей – толькі ў ЗША, Кітаі ды Італіі.

Відавочна: краіне не ўдалося ўзяць пад кантроль распаўсюд віруса і абысціся «некалькімі выпадкамі», як тое прадракаў на пачатку лютага Фэрнанда Сімон (Fernando Simón), начальнік службы хуткай медычнай дапамогі Мадрыду. Адной з прычынаў надзвычайнай сітуацыі якраз лічаць легкадумнасць уладаў і запозна прынятыя захады.

«Калі ў Італіі фіксавалі даволі шмат выпадкаў інфікавання каронавірусам, то ў Іспаніі якраз быў час карнавалаў, і ніхто іх не адмяняў. На Тэнэрыфэ традыцыйна правялі «Santa Cruz de Tenerife» – другі ў свеце карнавал па маштабе і размаху пасля бразільскага», – распавядае Марына Зверава.

Упершыню курорты Іспаніі сутыкнуліся з нулявым прытокам турыстаў. Фота: Mercedes Menendez / Zuma Press / Forum

Паступова ўлады змянілі тактыку, рэкамендавалі ўстрымлівацца ад наведвання месцаў збору людзей. А затым літаральна за адзін дзень прынялі рашэнне, што людзі мусяць заставацца дома.

«Адразу ж пачалі зачыняцца бары і рэстараны. Працуюць выключна харчовыя крамы. Выходзіць з дому можна толькі камусьці аднаму з сямʼі ў краму, аптэку, банк, ці каб вывесці гадаванца. Нельга быць на вуліцы з дзецьмі. Але не забараняецца наведваць працу, калі ёсць неабходнасць. Паліцыя строга сочыць за парадкам: усіх спыняюць, падрабязна распытваюць і кантралююць», – кажа Марына.

Найбольш у гэтай сітуацыі не пашанцавала турыстам. Зімова-вясновы сезон – самы насычаны на Тэнэрыфэ. Аднак з пачаткам каранціну сталі зачыняцца гатэлі. Людзі былі вымушаныя хутка пакідаць востраў, анулюючы свае квіткі і шукаючы варыянты адлёту. Паводле дзяўчыны, на момант закрыцця межаў на Тэнэрыфэ заставаліся 90 000 турыстаў. Цяпер жа іх прыблізна 20 000–30 000.

Іспанскія вайскоўцы каля паліклінікі на поўдні Тэнэрыфэ. Фота: Mercedes Menendez / Zuma Press / Forum

«Людзям даводзіцца цяжка. З аэрапорту арганізоўваюцца чартары, але кошт квіткоў сягае 500–600 еўраў, можа нават больш. Не ўсе могуць дазволіць сабе такія сумы. Калі хтосьці здымаў жытло, ён яшчэ можа пераседзець пэўны час і пашукаць выгаднейшыя рэйсы», – апавядае Марына Зверава.

Завышаныя кошты авіякампаніі тлумачаць неабходнасцю пакрыць выдаткі за пустыя самалёты, якія даводзіцца прыганяць у аэрапорт, падкрэслівае дзяўчына.

«$ 400 за тое, што не трымалі дыстанцыю». Беларусы ЗША – пра тое, як каранцін змяніў Амерыку

Што да харчоў ці рэчаў першай неабходнасці, то з імі, са словаў Марыны, праблемаў няма. Выратоўвае тое, што шмат чаго расце і вырабляецца на востраве. Дый перабояў з пастаўкамі не назіраецца.«Першы дзень-два быў ажыятаж, людзі сапраўды беглі ў краму набываць туалетную паперу, змяталі курынае мяса. Цяпер жа няма ніякіх праблемаў, усё ў доступе і можна набыць», – кажа Марына.

Панікі не ўзнікае, спакойна і на поўдні вострава, дзе якраз жыве дзяўчына. Каронавірус выяўляюць пераважна на поўначы Тэнэрыфэ, у сталіцы.

«Тут у краме ніхто не будзе ад цябе шарахацца, калі ты блізка падыдзеш. На вуліцы людзі сталага веку могуць перайсці на іншы бок, калі ты ідзеш ім насустрач. Я сама з такім сутыкалася і цалкам разумею іх», – кажа Марына. Бо дазвол пайсці ў краму ці аптэку – адзіная магчымасць не сядзець днямі ў чатырох сценах.

Фота: Mercedes Menendez / Zuma Press / Forum

Урад арганізаваў дапамогу тым, хто застаўся без працы. «Уладальнікі, работнікі бараў і рэстаранаў атрымаюць фінансавую кампенсацыю ад дзяржавы. Для прадпрымальнікаў і кампаніяў прадугледжаныя падатковыя і крэдытныя ільготы. На мой погляд, у дадзенай сітуацыі гэта вельмі важная падтрымка», – разважае Марына.

Што ж датычыць унутранага страху перад вірусам, то дзяўчына прызнаецца, што яго няма – нягледзячы на невысокі ўзровень медыцыны, недахоп спецыялістаў і апаратаў для вентыляцыі лёгкіх. Марына ўпэўненая, што не трапляе ў групу рызыкі.

«Хутчэй перажываеш за людзей сталага ўзросту і тых, хто мае пэўныя праблемы са здароўем. А таксама пужаюць эканамічныя наступствы ад каранавіруса. Асабліва тут, на Тэнэрыфэ, дзе ўсё базавалася на турызме. Цяпер нічога няма. У будучым, відавочна, будзе цяжка, і гэта крыху бянтэжыць», – падкрэслівае Марына.

Аднак дзяўчына спадзяецца, што ў хуткім часе эпідэміялагічная сітуацыя пачне паляпшацца, і разам з тым востраў будзе вяртацца да жыцця.

«Есці, спаць і працаваць». Беларусы Швецыі – пра самы дзіўны каранцін у Еўропе

Хрысціна Чарняўская belsat.eu

Hавiны