Пуцінскі «план Б» і Лукашэнка


Уладзімір Пуцін раскрыў мадэль, паводле якой застанецца ва ўладзе пасля 2024 года. Аслабіць ролю чарговага прэзідэнта, узмацніць правы Дзярждумы, а сам, імаверна, узначаліць Дзяржаўны Савет, які атрымае адпаведныя паўнамоцтвы. Добрая навіна для суверэнітэту Беларусі. Да гэтага моманту здавалася, што паглыбленая інтэграцыя існавала дзеля стварэння новага працоўнага месца Уладзіміру Пуціну. Калі не – то які лёс чакае Саюзную дзяржаву і эканоміку нашай краіны?

На двух з шаснаццаці праблемных участкаў нафтаправаду «Дружба» ідзе рамонт. На аб’ёмах транзіту расейскай нафты ў Еўропу гэта не адабʼецца – запэўніваюць у Беларусі. Але рамонт распачаўся пасля таго, як кіраўнік Беларусі прыгразіў узяцца за «сяброўскую» трубу.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Калі расейскі рынак на 25 мільёнаў тонаў нафты і 22 мільярды кубоў газу сыдзе кудысьці – вы на мяне не крыўдуйце».

ВІДЭА
Ці Лукашэнка знайшоў альтэрнатыўную нафту?
2020.01.19 09:15

Год працы ўрадаў Беларусі і Расеі над паглыбленаю інтэграцыяй закончыўся прыпыненнем абмеркавання: Беларусь настойвае на ільготных коштах на нафту і адмовілася падпісваць распрацаваную расейскім бокам 31-ю дарожную мапу.

Аляксандр Лукашэнка:

«Гэта план будаўніцтва наднацыянальных органаў: ураду, парламенту, магчыма, прэзідэнт будзе ды іншае… Мы з Пуціным дамовіліся на гэтую тэму ўвогуле не размаўляць».

Прэзідэнцтва ў Саюзнай дзяржаве аналітыкі называлі наступным месцам працы Уладзіміра Пуціна, які, згодна з Канстытуцыяй, не можа балатавацца на прэзідэнта Расеі ў 2024 годзе. Але гаспадар Крамля выбраў «план Б».

Уладзімір Пуцін, прэзідэнт Расеі:

«Лічу неабходным правесці галасаванне грамадзянаў краіны паводле ўсяго прапанаванага пакету паправак у Канстытуцыю Расейскай Федэрацыі».

Менш паўнамоцтваў – наступнаму прэзідэнту. Больш паўнамоцтваў – парламенту, і асаблівая роля – Дзяржаўны Савет, які, імаверна, і ўзначаліць дзейны кіраўнік Расеі. Гэтак ягонае прэзідэнцтва зменіцца на нацыянальнае лідарства.

Каментуе палітолаг Валер Карбалевіч:

«Ідэя стварэння Саюзнай дзяржавы як спосабу працягнення паўнамоцтваў Пуціна пакінутая. Мяркую, што гэта рэзка зменшыць увагу Расеі да Беларусі, да праекту Саюзнай дзяржавы. Хіба што па інерцыі гэты працэс будзе працягвацца дзеля таго, каб вельмі моцна скараціць эканамічныя прэферэнцыі з боку Расеі».

Дзеля атрымання гэтых прэферэнцыяў і захавання ўлады кіраўнік Беларусі год таму і ўвязаўся ў паглыбленую інтэграцыю – вынікае з ягонай рэакцыі на неатрыманне ільготаў на энерганосьбіты. Выбар Пуціным альтэрнатыўнага шляху застацца ва ўладзе ставіць пад пытанне праект паглыбленай інтэграцыі. Калі гэта тупік, то…

«Будуць падвышацца кошты на газ, – працягвае Валер Карбалевіч. – Расея ўжо не дае Беларусі крэдытаў (летась не давала аніводнага). Мяркую, што могуць узнікнуць пэўныя праблемы з экспартам беларускай прадукцыі на расейскі рынак. То бок можам быць пазбаўленыя ільготных умоваў».

ВІДЭА
Нафтавы эмірат Лукашэнкі закончыўся
2020.01.11 13:39

Эканамічныя абмежаванні ўжо дзеюць у дачыненні шэрагу айчынных прадпрыемстваў харчовай вытворчасці. Яшчэ перад другім раўндам падпісання агульных інтэграцыйных дакументаў Дзмітрый Мядзведзеў, дзейны прэмʼер Расеі, нагадваў беларусам:

«Усім жа зразумела – які рынак для беларускіх тавараў… Што, еўрапейскі рынак? Хто там чакае гэтыя тавары? Ды ніхто не чакае. Безумоўна – расейскі рынак. І гэтым трэба даражыць».

У дзень прамовы Уладзіміра Пуціна расейскі прэмʼер агучыў яшчэ адну нечаканую навіну:

«Было б правільна, каб згодна з арт 117 Канстытуцыі Расеі Урад у дзейным складзе падаў у адстаўку».

Менавіта міжурадавая камісія займалася падрыхтоўкай інтэграцыйных дамоваў. Частка экспертаў лічыць, што пераабранне ўраду затармозіць працэсы. Але палітолаг Павел Усаў кажа, што ключавыя асобы пяройдуць у новы склад кабінету:

«Міністр эканамічнага развіцця Максім Арэшкін, мяркую, застанецца на сваёй пасадзе, як малады і перспектыўны. Застануцца ягоныя намеснікі, як той жа Міхаіл Бабіч, які кантралюе пытанні інтэграцыі на постсавецкай прасторы».

ВІДЭА
Сям’я Лукашэнкі страчвае ад інтэграцыі
2020.01.04 10:10

Ад Беларусі, якой імаверна сёлета давядзецца зацягнуць пас, Крэмль не адмовіцца. Ён папросту пачакае…

Працягвае Павал Усаў:

«Вонкавая палітыка Расеі не зменіцца, і Беларусь будзе працягваць разглядацца як абʼект уздзеяння, як краіна, якая мае быць глыбока далучаная да расейскай прасторы – пад выглядам саюзнай дзяржавы ці іншага праекту, гэта ўжо не мае значэння».

Адзінаю магчымасцю знізіць сваю залежнасць ад усходняй суседкі і не змушаць беларусаў пераймацца за будучыню застаюцца эканамічныя рэформы і пошук альтэрнатыўных крыніцаў паставак нафты. Пошук апошніх Лукашэнка ўжо распачаў.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 17.01.2020

 

Стужка навінаў