Пуціна афіцыйна вылучылі ў прэзідэнты, але сам ён на сход не прыйшоў


У Маскве на ВДНХ у павільёне «Расея – мая гісторыя» адбыўся сход ініцыятыўнай групы выбарцаў, які падтрымаў самавылучэнне Уладзіміра Пуціна кандыдатам у прэзідэнты на выбарах у сакавіку 2018 года.

Як паведамляе «Інтэрфакс», рашэнне аб вылучэнні было прынята аднагалосна.

Сам Пуцін на сходзе не прысутнічаў – замест гэтага, паводле сайта kremlin.ru, 26 снежня ён сустракаўся з чальцамі ўрада.

Уладзімір Пуцін абвясціў пра намер балатавацца на чацвёрты прэзідэнцкі тэрмін як самавылучэнец, а не ад партыі «Единая Россия». Паводле расейскага закону, для гэтага павінен прайсці сход ініцыятыўнай групы колькасцю не менш за 500 чалавек. Пасля гэтага кандыдату для рэгістрацыі неабходна сабраць не менш за 300 тысяч подпісаў у сваю падтрымку.

Нагадаем, прэзідэнцкія выбары ў Расеі прызначаны на 18 сакавіка 2018 года.

КА, belsat.eu

 

 

Стужка навінаў