Пуцін здасць Лукашэнку?


Пуцін не збіраецца істотна дапамагаць Лукашэнку – да гэткае высновы можна прыйсці паводле вынікаў панядзелкавых перамоваў кіраўнікоў Беларусі ды Расеі. Але ці сведчыць гэта пра курс Расеі на падтрыманне пераменаў у Беларусі? І ці можа Крэмль дамовіцца з Захадам у абыход Лукашэнкі ды такім чынам вызначыць лёс Беларусі?

Аляксандр Лукашэнка сустракаецца з Уладзімірам Пуціным у Сочы і падчас перамоваў публічна пераконвае таго ды, імаверна, самога сябе ў тым, што Расея непахісна падтрымлівае дзейны рэжым у Беларусі. Які цалкам кантралюе сітуацыю ў краіне.

Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«І для нас гэта таксама вельмі су’ёзны ўрок, які мы з вамі, я спадзяюся, вытрымалі? Мы паводле дамовы АДКБ ішлі роўна, улічваючы вучэнні паміж братнімі народамі, фактычна гэта адзін народ, мы так і паступілі. Мы не ваявалі, мы не стралялі, мы не кідаліся нават палкамі. Але прадэманстравалі сваю рашучасць».

Hавiны
«Тэрмінаў і ставак назваць нельга». Менск і Масква абмяркоўваюць умовы крэдыту на $ 1,5 млрд
2020.09.15 11:55

Увесь свет абляцела фатаграфія з сустрэчы Лукашэнкі ды Пуціна, на якой без усялякага каментара відаць, хто – гаспадар сітуацыі, а хто прыехаў, так бы мовіць, біць чалом. Відавочна, што фатэлі, у якіх сядзелі кіраўнікі Беларусі ды Расеі, былі абраныя невыпадкова: Лукашэнку з ягонымі габарытамі было банальна нязручна размяшчацца на такой мэблі, што толькі дадавала сітуацыі камічнасці.

Каментуе Аляксандр Сыцін, эксперт Цэнтру палітычных даследаванняў Паўночнай і Усходняй Еўропы, Расея:

«Лукашэнка паказаў, што ён цалкам гатовы падпарадкавацца. Ці падпарадкуецца ён ці не ў перспектыве года ці больш – гэта мы пабачым, тут я не магу сказаць. Але тое, што Крэмль цяпер будзе лічыць Лукашэнку сваім намеснікам і правадніком яго інтарэсаў – гэта безумоўна. І такім ён у бліжэйшым часе будзе».

Такім чынам, Крэмль выкарыстоўвае палітычны крызіс у Беларусі для ўмацавання сваёй тут прысутнасці. Напрыклад, дзяржаўнымі медыямі ўжо фактычна кіруюць расейскія прапагандысты з Russia Today. Аднак ніякага буйнамаштабнага падтрымання рэжыму Лукашэнкі Расея не прапануе. Дый верагодны крэдыт паўтара мільярда долараў – зусім не тое, што можа выратаваць беларускую эканоміку ад зацяжнога палёту ў прорву. А Януковічу ў свой час Пуцін прапаноўваў 15 мільярдаў.

Аляксандр Сыцін:

«Гэта не столькі крэдыт, як аванс за выкананую працу. Калі будзе сябе паводзіць добра – можа, яшчэ дадуць. А калі будзе сябе паводзіць кепска, тады ўспомняць пра тое, што гэта крэдыт».

Выглядае, што Расея не збіраецца актыўна выступаць на баку Лукашэнкі, які зрабіўся таксічным актывам і толькі істотна пагаршае імідж Крамля, у тым ліку і ў Беларусі. Таму не выключаная сітуацыя, падобная да малдаўскага сцэнару. Летась там алігарха Улада Плахатнюка, які практычна манапалізаваў палітычны працэс у краіне, адсунулі ад улады ў выніку дамоўленасці Расеі ды Захаду з мэтаю вярнуць стабільнасць у дзяржаве. Паводле былога міністра абароны Малдовы Віёрэла Чыбатару, Плахатнюк таксама хацеў балансаваць у дачыненнях з Захадам і Расеяй, але ў пэўны момант стаўся настолькі адыёзным, што з ім проста ніхто больш не хацеў мець справы. Нічога не нагадвае?

Каментуе Віёрэл Чыбатару, былы міністр абароны Малдовы:

«Расейская Федэрацыя палічыла, што яна больш не можа працаваць з кіраўніцтвам, падуладным адной асобе – Плахатнюку, які нефармальна кіруе Рэспублікай Малдова. І гэтага ж хацелі і ў Бухарэсце, і ў Берліне, і ў Страсбуры, і ў Бруселі, і ў Вашынгтоне. Гэта было супадзенне геапалітычных інтарэсаў з палітычнымі інтарэсамі развіцця Рэспублікі Малдова».

ПраСвет
Малдова: скрадзеная перамога, партыя-прывід і запаведнік СССР. «Прасвет» з Сяргеем Пелясою
2019.03.01 21:14

Разам з тым, варта ўлічваць асабісты ды культурны фактары. Крэмль паслядоўна падтрымлівае дыктатарскія рэжымы, якімі можа лёгка кіраваць у сітуацыі крызісаў і выкарыстоўваць іх для прасоўвання сваіх інтарэсаў – як гэта было ва Украіне і адбываецца цяпер у Сірыі ды Венесуэле.

Аляксандр Сыцін:

«Там усё яшчэ ёсць адзін прынцып, які фармулюецца як «мы сваіх не здаём». Лукашэнка ж, калі ўзгадаць расейскую гісторыю пачатку 20 ст., класава свой. А гэтыя – незразумела хто.

І, вядома, ніхто не адмяняў асабістага фактару Лукашэнкі, які, відавочна, будзе да апошняга дэманстраваць захаванне сітуацыі ў краіне пад кантролем.

Віёрэл Чыбатару:

«Калі вядзецца пра тое, каб пераканаць Лукашэнку падаць у адстаўку і здзейсніць увесь працэс без яго, – я магу гэта дапусціць. Але наўрад ці хтосьці будзе прэтэндаваць на тое, што можа пераканаць Лукашэнку зрабіць штосьці са шкодаю для сябе: ці шантажаваць, ці нават пагражаць. Ні Захад, ні Расея так наўпрост даўно не дзеюць».

Аднак у кожным разе ціск на рэжым адбываецца фактычна з усіх бакоў – як звонку, гэтак і знутры. І разлічваць Лукашэнку пры такім раскладзе застаецца выключна на ўнутраныя рэзервы сістэмы.

Зміцер Міцкевіч, для праграмы «ПраСвет»

Калаж з фота: VLADISLAV CULIOMZA / Reuters / Forum; POOL / Reuters / Forum

Стужка навінаў