Пуцін заявіў, што марыць паспяхова завяршыць карʼеру і падарожнічаць


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін сказаў, што марыць паспяхова завяршыць сваю карʼеру і хоча прысвячаць больш часу падарожжам.

«Сёння ўсе мае падарожжы зводзяцца да таго, што я прыязджаю ў аэрапорт, з яго перабіраюся ў нейкае памяшканне, потым назад у аэрапорт, вось нібы кудысьці зʼездзіў. Мне хацелася б, вядома, па-іншаму падарожнічаць, паглядзець на прыроду, на нейкія гістарычныя славутасці», – сказаў прэзідэнт Расеі ў гутарцы з працаўнікамі Чэлябінскага трубапракатнага заводу.

Перад гэтым адзін з працаўнікоў заводу сказаў Пуціну, што марыць пабудаваць паспяховую карʼеру, і спытаў, пра што марыць прэзідэнт. «Я хачу паспяхова завяршыць сваю карʼеру», – адказаў Пуцін.

Уладзімір Пуцін быў упершыню абраны на пасаду прэзідэнта Расеі ў 2000 годзе. У 2018 годзе заканчваецца яго трэці прэзідэнцкі тэрмін, які пачаўся ў 2012 годзе.

У верасні 2013 года Пуцін заяўляў, што не выключае свайго ўдзелу ў прэзідэнцкіх выбарах у чацвёрты раз у 2018 годзе.

Аднак у верасні мінулага года Пуцін заявіў у інтэрвʼю амерыканскаму тэлебачанню, што не ўпэўнены, што скарыстаецца правам вылучыцца на новы прэзідэнцкі тэрмін.

«Гэта ўжо будзе залежаць ад канкрэтнай сітуацыі ў краіне, у свеце, і ад маіх уласных настрояў», – растлумачыў расейскі лідар.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў