Пуцін заявіў аб намеры раздаць расейскія пашпарты ўсім украінцам


Падчас прэс-канферэнцыі ў Пекіне Уладзімір Пуцін заявіў, што ў Маскве думаюць над тым, каб прадстаўляць грамадзянства ў спрошчаным парадку не толькі жыхарам Данецкай і Луганскай вобласцяў, але і ўсім украінцам.

«Мы наагул думаем пра тое, каб падаваць у спрошчаным парадку грамадзянам Украіны наша грамадзянства» – перадае ягоныя словы «Интерфакс».

Акрамя таго, прэзідэнт РФ назваў «страшылкамі» сцвярджэнні аб тым, што прадстаўленне пашпартоў РФ жыхарам Данбасу дорага абыдзецца расейскаму бюджэту. Ён падкрэсліў, што рашэнне аб грамадзянстве не было спантанным, і «не прымалася з наскоку». Паводле ягоных слоў, выдаткі на прадстаўленне пашпартоў могуць скласці 100 млрд рублёў у бліжэйшыя некалькі гадоў.

«Мы ўсё пралічылі. І колькасць магчымых прэтэндэнтаў на нашы пашпарты, і колькасць пенсіянераў з гэтага ліку. Гэта прыкладна адна траціна з таго кантынгенту, які, як мы мяркуем, можа прэтэндаваць на наша грамадзянства», – сказаў Пуцін.

Нагадаем, 24 красавіка Пуцін падпісаў указ аб спрошчаным парадку атрымання расейскага грамадзянства для жыхароў акупаваных раёнаў Данецкай і Луганскай вобласцяў. Міністэрства замежных спраў Украіны назвала гэты дакумент «юрыдычна нікчэмным» і заявіла, што гэтае рашэнне мае на мэце дэстабілізацыю ўнутрыпалітычнай сітуацыі ва Украіне ў паслявыбарчы перыяд.

Hавiны
Дзярждэп асудзіў рашэнне Расеі выдаваць пашпарты жыхарам «ЛДНР»
2019.04.25 08:34

Рада Бяспекі ААН сабралася на адмысловае паседжанне і прыйшла да высновы, што «пашпартны ўказ Пуціна» падрывае суверэнітэт Украіны.

КА belsat.eu

Стужка навінаў