Пуцін запрасіў Лукашэнку ў Расею і распавёў пра сустрэчу з Трампам


Сёння, 23 ліпеня, адбылася тэлефонная размова Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна. Як сцвярджае прэс-служба Лукашэнкі, гутарка прайшла па ініцыятыве расейскага боку.

Лідары дзяржаваў абмеркавалі двухбаковую супрацу, перш за ўсё ў гандлёвай сферы.

«Уладзімір Пуцін запрасіў Аляксандра Лукашэнкі ў бліжэйшы час наведаць Расею. Магчымая сустрэча двух лідараў, падчас якой плануецца дэталёва абмеркаваць увесь спектр двухбаковых адносінаў, можа адбыцца ў Сочы», – паведамляецца ў афіцыйным прэс-рэлізе.

Акрамя таго, Лукашэнка і Пуцін абмеркавалі расейска-амерыканскія стасункі, у тым ліку нядаўні саміт у Хельсінкі.

«Расейскі лідар праінфармаваў Аляксандра Лукашэнку аб нюансах праведзенай сустрэчы. Асноўная ўвага ў ходзе размовы была ўдзелена пытанням кантролю над узбраеннямі і падаўжэння Дагавора аб скарачэнні стратэгічных наступальных узбраенняў паміж Расеяй і ЗША, тэрмін дзеяння якога мінае ў лютым 2021 года», – паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

Прэс-служба Крамля паведаміла пра размову Пуціна і Лукашэнкі адным сказам: адзначаецца, што прэзідэнты абмеркавалі «некаторыя аспекты дзейнасці Еўразійскай эканамічнай саюзу, а таксама актуальныя міжнародныя пытанні».

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў