Пуцін запрасіў Лукашэнку ў Маскву


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка на запрашэнне расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна 14–15 снежня наведае Расею з афіцыйным візітам.

Як паведамляе афіцыйны сайт Крамля, «15 снежня адбудуцца перамовы Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі па шырокім спектры актуальных пытанняў расейска-беларускіх адносін і міжнароднага парадку дня».

«Асаблівую ўвагу мяркуецца надаць далейшаму паглыбленню эканамічнай інтэграцыі на еўразійскай прасторы і захадам па нарошчванні гандлёва-інвестыцыйнай супрацы ў межах Саюзнай дзяржавы», – сказана ў паведамленні.

Афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Расею планаваўся на 25–26 лістапада. У Маскве 26 лістапада павінна была адбыцца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Уладзімірам Пуціным у вузкім складзе, затым – перамовы ў пашыраным фармаце. Па выніках сустрэчы анансавалася падпісанне міжнародных дакументаў. Лукашэнка таксама планаваў сустрэцца з прэмʼер-міністрам РФ Дзмітрыем Мядзведзевым, старшынёй Савету Федэрацыі Валянцінай Мацвіенкай і старшынёй Дзярждумы Сяргеем Нарышкіным.

Аднак 24 лістапада было абвешчана, што візіт перанесены, як заявіў прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў, «у сувязі з загружанасцю рабочых графікаў прэзідэнтаў Беларусі і Расеі».

Абмяркоўваючы будучы візіт з паслом РФ у Беларусі Аляксандрам Сурыкавым, Лукашэнка заявіў 16 лістапада, што «гатовы да сурёзнай гутаркі на тэму беларуска-расейскіх адносін». А памочнік расейскага прэзідэнта Юрый Ушакоў у канцы мінулага тыдня паведаміў, што сярод тэм сустрэчы Пуціна і Лукашэнкі будзе стварэнне расейскай авіябазы ў Беларусі – тэма, якая «яшчэ не да канца зачыненая».

Лукашэнка планаваў па традыцыі ажыццявіць свой першы візіт пасля пераабрання кіраўніком дзяржавы ў Расею, аднак 8 снежня адправіўся з візітам у Вʼетнам, а 10 снежня – у Туркменістан, дзе знаходзіцца цяпер. Сёння ж у Туркменістан прыбыў з афіцыйным візітам прэзідэнт Турцыі Рэджэп Эрдаган, які можа спаткацца з Лукашэнкам.

У сваю чаргу Расея знаходзіцца ў стане канфлікту з Турцыяй пасля збіцця турэцкім знішчальнікам расейскага бамбавальніка, які Турцыя абвінавацілі ў парушэнні сваёй мяжы.

МЯ, паводле БелаПАН

Стужка навінаў