Пуцін склікаў Саўбез: Крэмль спадзяецца на вызваленне баевікоў ПВК Вагнэра у Беларусі


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і пастаянныя чальцы Савета бяспекі Расеі абмеркавалі «беспадстаўнае затрыманне» расейцаў у Беларусі, выказаўшы надзею на іхнае вызваленне.

Пра гэта гаворыцца ў паведамленні на сайце Крамля.

«Адбылася грунтоўная размова пра інцыдэнт з затрыманнем расейскіх грамадзянаў у Беларусі. Выказана надзея на тое, што ўжо ў бліжэйшы час у гэтую сітуацыю будзе ўнесена яснасць і беспадстаўна затрыманыя расейскія грамадзяне будуць вызваленыя», – адзначаецца ў паведамленні.

У нарадзе прынялі ўдзел прэм’ер-міністр Міхаіл Мішусцін, спікеры абедзвюх палат парламента Валянціна Мацвіенка і Вячаслаў Валодзін, намеснік старшыні Савета бяспекі Дзмітрый Мядзведзеў, кіраўнік адміністрацыі Крамля Антон Вайно, сакратар Савета бяспекі Мікалай Патрушаў, міністры ўнутраных спраў Уладзімір Калакольцаў і абароны Сяргей Шайгу, дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў, кіраўнік СВР Сяргей Нарышкін, а таксама спецпрадстаўнік прэзідэнта па пытаннях прыродаахоўнай дзейнасці, экалогіі і транспарту Сяргей Іваноў.

Тым часам на ўездзе ў Беларусь расейскія памежнікі праводзяць узмоцнены кантроль, правяраюць пашпарты і ўносяць асабістыя дадзеныя ў камп’ютарную базу.

Нагадаем, 29 ліпеня ў санаторыі пад Менскам затрымалі 32 грамадзянаў Расеі – баевікоў ПВК Вагнэра. Яшчэ адзін – Андрэй Бакуновіч з падвойным грамадзянствам – быў затрыманы ў Калінкавічах. Дзяржаўныя СМІ са спасылкай на праваахоўныя органы заявілі, што «была атрымана інфармацыя аб прыбыцці на нашу тэрыторыю больш за 200 баевікоў для дэстабілізацыі абстаноўкі ў перыяд выбарчай кампаніі». Паводле сакратара Савету бяспекі Беларусі Андрэя Раўкова, астатніх баевікоў цяпер шукаюць.

Hавiны
Сястра затрыманага баевіка ПВК «Вагнэра»: «Ён гады тры-чатыры жыве ў Беларусі»
2020.07.29 17:31

Лукашэнка назваў тое, што адбылося надзвычайным здарэннем. Па гэтым інцыдэнце ў МЗС Беларусі выкліканыя амбасадары Украіны і Расеі. Следчы камітэт 30 ліпеня заявіў, што затрыманыя расейцы падазраюцца ў падрыхтоўцы масавых беспарадкаў разам з Сяргеем Ціханоўскім і Міколам Статкевічам, якія знаходзяцца ў СІЗА.

Hавiны
БТ: затрыманых баевікоў падазраюць у падрыхтоўцы масавых закалотаў
2020.07.31 00:12

Амбасадар Расеі ў Беларусі Дзмітрый Мезенцаў заявіў аб тым, што расейцы былі ў Беларусі праездам – ​​яны мелі намер паляцець з Стамбул. МЗС Расеі назваў «адыёзнай трактоўкай» беларускім бокам затрыманне 33 расейцаў і сказаў, што яна «не вытрымлівае ніякай крытыкі».

КА belsat.eu

Стужка навінаў