Пуцін шукае падставу для абвастрэння адносін з Польшчай

У Расеі інтэрпрэтацыя Пуціным пачатку Другой сусветнай вайны і ролі Польшчы ў ёй не ўспрымаюцца ні як адкрыццё, ні як нешта незвычайнае, лічыць Аляксандр Падрабінек. Расейскі журналіст, былы савецкі дысідэнт і палітвязень пракаментаваў Belsat.eu дыпламатычны скандал, які разгараецца паміж Масквой і Варшавай пасля выказвання прэзідэнта РФ падчас штогадовай прэс-канферэнцыі.

Мы ўсе даўно прывыклі тут да палітычнай дэмагогіі і толькі дзівімся: што гэта раптам яму спатрэбілася даставаць са старой савецкай шафы са шматлікімі шкілетамі па кутах запылены прапагандысцкі міф пра здрадлівую ролю Польшчы ў перадваенныя гады?

Не толькі інтуіцыя падказвае нам, што Пуцін шукае падставу для абвастрэння адносін з Польшчай.

Большая частка расейскай гісторыі звязаная з тэрытарыяльнай экспансіяй, а Польшча – краіна асаблівай і прагнай увагі да яе з боку расейскіх кіраўнікоў, ад цароў і імператараў да генсекаў і прэзідэнтаў. І Уладзімір Пуцін не стаў выключэннем, ён жыве ў той жа самай невясёлай расейскай парадыгме: краіна павінна быць вялікай, улада моцнай, а народ паслухмяным.

Але краіна ўжо даўно не такая вялікая, улада не такая моцная, а народ не такі паслухмяны, як некаторым хацелася б. Пуціна гэта раздражняе. Сваю слабасць і няздольнасць годна адказваць на выклікі XXI стагоддзя ён кампенсуе задзірлівым стаўленнем да суседзяў, лакальнымі ваеннымі акцыямі за мяжой і публічнымі істэрыкамі на тэмы гісторыі.

Яму хочацца прызнання для сябе, велічы для краіны, а ні таго, ні іншага ўсё няма і няма. Што ж рабіць маленькаму дыктатару перад тварам вялікага свету? Як зрабіць так, каб калі ўжо ня паважалі, то хаця б баяліся? 20 гадоў бесперапыннага знаходжання ва ўладзе дарма не праходзяць.

Ясны і годны адказ Матэўша Маравецкага на антыпольскія выпады Пуціна амаль напэўна зробіць спрыяльнае ўражанне на разумную, мыслячую частку расейскага грамадства і, больш таго, адгукнецца падзякай за адкрыта выказанае перакананне ў тым, што «расейскі народ – гэта свабодныя людзі, і што яны не прымаюць сталінізм, нават калі прэзідэнт Пуцін спрабуе яго рэабілітаваць». Мы таксама спадзяемся на гэта.

Аднак надзеі на тое, што адказ прэм’ер-міністра Польшчы стане для Пуціна халодным душам, няма ніякай. Вельмі розныя мэты. Занадта розныя людзі.

Чытайце падрабязней па тэме:

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў