Пуцін: Расея занепакоеная пагаршэннем стасункаў з ЗША


Аднак весці дыялог з дзейснай адміністрацыяй немагчыма, заявіў у падчас форуму «Расея кліча» расейскі прэзідэнт Уладзімер Пуцін.

«Бо дыялогу практычна няма. Ён як выглядае? Адміністрацыя фармулюе, што ёй трэба, а потым настойвае на тым, каб гэта было выканана. Але гэта не дыялог, гэта дыктат нейкі. І так амаль па кожным пытанні», – сказаў Пуцін.

Паводле Пуціна, дыялог – гэта пошук кампрамісаў. «Трэба паводзіць сябе па-партнёрску і ўлічваць інтарэсы адно аднаго. Мы да гэтага гатовыя», – заявіў ён.

Закранаючы тэму амерыканскіх выбараў, Пуцін заявіў, што Масква будзе працаваць з любым лідарам, якога абярэ амерыканскі народ, калі новы прэзідэнт захоча.

«Амерыканскі народ зробіць выбар, які палічыць патрэбным. Пры любым раскладзе мы будзем працаваць з любым лідарам Злучаных Штатаў, хто б ні быў прэзідэнтам, калі кіраўнік Злучаных Штатаў хоча працаваць з намі», – сказаў Пуцін.

Напярэдадні прэс-сакратар Белага дому Джош Эрнэст заявіў, што прэзідэнт ЗША Барак Оўбама разгледзіць шэраг мер у адказ на ўзлом сайтаў урадавых арганізацыяў ЗША, у якім міністэрства ўнутранай бяспекі ЗША нядаўна афіцыйна абвінаваціла Расею.

«У распараджэнні прэзідэнта маецца некалькі варыянтаў мер у адказ, і ён разгледзіць тыя з іх, якія палічыць прапарцыйнымі, – заявіў Эрнэст журналістам. – Цалкам магчыма, што прэзідэнт абярэ адзін з тых варыянтаў адказу, пра якія мы не абʼяўляем загадзя».

ЮВ, belsat.eu, паводле bbc.com

Стужка навінаў