Пуцін прыйшоў за Беларуссю, Украіна наступная? Кіеў у чаканні «інтэграцыйнай кропкі»

Аднаго інтэрв’ю беларускага пасла ў Расеі Уладзімера Сямашкі аказалася дастаткова, каб тэма расейска-беларускай інтэграцыі заняла галоўнае месца ва ўкраінскай медыя-прасторы і сацыяльных сетках. Выказванні дыпламата ўспрынялі як доказ хуткага паглынання Беларусі Расеяй, а запланаваная сустрэча прэзідэнтаў Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна – як заключны акт такога паглынання.

Пры гэтым ад украінскіх назіральнікаў практычна схаваўся той факт, што словы Уладзіміра Сямашкі аб агульным парламенце і ўрадзе праз некалькі гадзін пасля апублікавання інтэрвʼю дэзавуяваліся яго ж уласнай амбасадай.

Кіеў у чаканні «інтэграцыйнай кропкі»

У Кіеве не вельмі ўважліва сочаць за самім працэсам расейска-беларускіх перамоваў на інтэграцыйныя тэмы і, па вялікім рахунку, не вельмі ўяўляюць сабе той глыбіні, якой гэтая інтэграцыя ўжо дасягнула, а таксама той выкрутлівасці, якую ўжо 25 гадоў праяўляе Аляксандр Лукашэнка, калі ў Маскве патрабуюць зрабіць апошні, вырашальны крок для абʼяднання двух былых савецкіх рэспублік у сапраўдную, а не імітаваную «саюзную дзяржаву».

Меркаванні
Чаму Лукашэнка і Макей сталі дзёрзка паводзіць сябе з Крамлём
2019.10.11 19:57

Затое тут добра разумеюць небяспечны для Украіны сімвалізм таго, што адбываецца. На 8 снежня запланаваная сустрэча расейскага і беларускага прэзідэнтаў, на якой і мусяць паставіць «інтэграцыйную кропку». А 9 снежня Уладзімір Пуцін збіраецца ў Парыж, дзе павінна адбыцца сустрэча ў «нармандскім фармаце» і першыя перамовы расейскага прэзідэнта з яго новым украінскім калегам.

І атрымліваецца, што «справіўшыся» з Беларуссю, Пуцін адправіцца ў Парыж «спраўляцца» з Украінай. Беларускі сцэнар, такім чынам, выглядае сцэнаром будучага не толькі для Менску, але і для Кіева.

Чаму б тое, з чым пагодзіцца 8 снежня беларускі прэзідэнт, не прапанаваць 9 снежня прэзідэнту Украіны – хай і ў палегчаным (пакуль што) выглядзе, без агульнага парламента і ўрада? Але з эканамічнымі прэферэнцыямі, гэтак важнымі для любога прэзідэнта, які абяцае сваім выбарнікам сацыяльныя выгоды?

Адзін козыр Пуціна супраць Менску і Кіева

Тым больш, што галоўны козыр у перамовах і з украінскім, і з беларускім прэзідэнтамі – энергетыка. Лукашэнка плануе – паводле словаў усё таго ж Сямашкі – абмеркаваць з Пуціным цану на расейскія энерганосьбіты, гэтай жа тэме будзе прысвечана і запланаваная сустрэча прэм’ер-міністраў Расеі і Беларусі. Але і Украіна зацікаўленая ў захаванні вялікіх абʼёмаў транзіту расейскага газу па сваёй ГТС нават пасля заканчэння будаўніцтва газаправода «Паўночны струмень-2».

Чытайце па тэме:

Днямі аб умовах захавання транзіту гаварылі на першых за доўгія гады двухбаковых перамовах міністраў энергетыкі Расеі і Украіны, а магчымасць абмеркавання тэмы транзіту падчас «нармандскага саміту» прызнаў сам прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

І тут, вядома ж, узнікае самае галоўнае пытанне – што папросіць Уладзімір Пуцін за сваю энергетычную добразычлівасць у Беларусі? І што ён папросіць у Украіны?

Чытайце іншыя тэксты аўтара:

Віталь Портнікаў /МВ для belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў