Пуцін – прычына правалу спецслужбаў. Сябры адварочваюцца ад яго


Ланцужок правалаў і зліваў пераследуе расейскую вайсковую выведку пасля спробы атруціць Скрыпаля ў Вялікай Брытаніі 8 месяцаў назад. Што адбываецца з галоўным упраўленнем Генеральнага штабу Узброеных сілаў Расейскай Федэрацыі і як гэтыя змены будуць адбівацца на расейскай уладнай вертыкалі?

Правал. Сёння ўжо абсалютна ясна, што ніякім іншым словам атручванне былога расейскага выведніка Сяргея Скрыпаля назваць нельга. І рэч не столькі ў персонах Башырава-Чапігі ды Пятрова-Мішкіна, якія задачы не выканалі, трапілі на ўсе камеры, а пасля інтэрв’ю для «Russia Today» сталіся глабальнымі клоўнамі, колькі ў дэталях таго, наколькі непрафесійна працуе расейская вайсковая выведка апошнім часам.

«Галоўная прычына правалу расейскіх спецслужбаў – гэта Пуцін. З 1997 года, калі ён як шэф ФСБ трапіў на Лубянку, ён выгнаў усіх прафесіяналаў, якія там былі. Ён прыцягнуў сваіх знаёмых з Піцеру, яны не былі добрымі прафесіяналамі, але былі добрымі знаёмымі Пуціна», – распавядае аўтарка кнігі «Вова, Валодзя, Уладзімір. Таямніцы Расеі Пуціна» Крыстына Курчаб-Рэдліх.

Змены датычылі не толькі ФСБ. Піцерскія сябры Уладзіміра Пуціна занялі пасады і ў службе замежнай выведкі (СВР) і ў Галоўным упраўленні Генеральнага штабу Мінабароны, больш вядомым як ГРУ.

«Беспакаранасць гэтае структуры пры яе сакрэтным характары адбілася на выніках працы. І гэта правал – магчыма, адзін з самых гучных правалаў у гісторыі гэтае арганізацыі», – лічыць кіраўнік праграмы «Расейская ўнутраная палітыка» маскоўскага Цэнтру Карнегі Андрэй Калеснікаў.

І ці не ёсць другім правалам той факт, што ў Расеі Уладзіміра Пуціна журналісты здолелі здабыць дакументы на дзейных супрацоўнікаў спецслужбаў: пашпарты, аўтамабільныя правы, адрасы, дамовы на набыццё аўтамабіля? Якім чынам СМІ даведаліся пра іхныя вайсковыя званні ды ўзнагароды?

«У спецслужбах ёсць канкурэнцыя, гэта раз. Ёсць шмат прыхільнікаў не тое каб дэмакратычнага развіцця краіны, але людзей, незадаволеных з таго, што адбываецца ўнутры спецслужбаў. Акрамя ГРУ ёсць яшчэ маса іншых арганізацыяў. Я думаю, што без «зліваў» такога кшталту тут не абышлося», – працягвае Андрэй Калеснікаў.

Вядома, што расейскія выведнікі абсалютна бесклапотна званілі з Нідэрландаў на звычайныя маскоўскія тэлефоны, а аднаго з агентаў затрымалі ў Нідэрландах з рахункам на таксі. Ён ехаў ад галоўнага офісу ГУ ў Маскве да лётнішча і захаваў плацежку, каб вярнуць пазней грошы за паездку. Усё гэта сведчыць пра небывалы маштаб непрафесійнасці, які напаткаў ГУ, якое ўсе звыкла называюць ГРУ. Але ёсць правалы больш маштабныя, як промах з аднолькавымі серыямі пашпартоў і адрасоў солсбэрыйскіх атрутнікаў ды некаторых расейскіх вайсковых хакераў з аперацыі ў Нідэрландах. Гэты промах дазволіў раскрыць прозвішчы сотні іншых агентаў, якія падарожнічалі раней з падобнымі пашпартамі. Раскрыць не толькі заходнім спецслужбам, але і контрвыведцы Украіны, у якую большасць згаданых вышэй персанажаў таксама наведвалася.

«Гэта ўсё кажа пра дрэнную арганізацыю, татальна дрэнную арганізацыю службы Упраўлення выведкі Мінабароны. Вядома, высновы будуць зробленыя. Але адбыўся падрыў даверу да арміі, якая гістарычна карысталася высокім аўтарытэтам, давер падарваны капітальна. Нам гэта на руку, тут мы можам ім стоячы пляскаць», – мяркуе украінскі кансультант у пытаннях рызыка і абароны Яўгеній Лаўер.

На пачатку кастрычніка ў Мінабароны Расеі прайшло сакрэтнае паседжанне, на якім апошнія правалы ГУ ў Вялікай Брытаніі, ЗША, Галандыі і Чарнагорыі назвалі, цытата, «непралазнай некампетэнтнасцю» і «бязмежным разгільдзяйствам». Гучалі ацэнкі кшталту «дэбілы» і «яшчэ б будзёнаўкі апранулі». Выведку чакае вялікая зачыстка, інфармуе расследавальны цэнтр «Досье» са спасылкаю на свае крыніцы.

«Магчымыя патаемныя адстаўкі ўнутры нейкіх групаў. Мы пра гэта нічога не ведаем. У іх жа няма нават ніякага твару, у структуры няма нават ўэб-сайту. Можа, будуць нейкія высновы ў дачыненні нейкіх асобаў, але перафарматаванне арганізацыі наўрад ці адбудзецца. Ужо пайшлі чуткі, што ГРУ займаецца чарговым фронтам працы ў Лівіі. Таму арганізацыя будзе жыць і працаваць», – працягвае Андрэй Калеснікаў.

А ці адабʼецца ўся гэтая справа на пазіцыі Уладзіміра Пуціна?

«Добрыя сябры Пуціна зараз павернуцца супраць яго, бо санкцыі, якія ўводзяць ЗША супраць Расеі, адбіваюцца на іх асабіста. І цяпер вельмі блізкае сяброўства з Пуціным адбіваецца на іхным бізнесе ды жыцці», – лічыць Крыстына Курчаб-Рэдліх.

І апошняе. Хтосьці скажа, што ў наш час амаль немагчыма правесці аперацыю кшталту солсбэрыйскай і не засвяціць агентаў. Але варта згадаць аперацыю ізраільскай выведкі ў 2010 годзе, калі 11 супрацоўнікаў «Масаду» прыбылі ў Дубай паводле скрадзеных брытанскіх пашпартоў, зліквідавалі аднаго з лідараў «Хамасу», засвяціліся на сотнях камераў назірання. Але нават цяпер, праз 8 гадоў, пра ніводнага з іх прэсе нічога не вядома.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Сяргеем Пелясою:

Глядзіце таксама:

Hавiны
Вільня забаніла электрычнасць з Беларусі. Ці Варшава таксама?
2018.10.13 11:00
Hавiны
Беларусь: беспілотнікі, ракеты і новы аўтамат. Што падказваюць Украіна і Польшча?
2018.10.14 11:00
Стужка навінаў