Пуцін прапанаваў Лукашэнку кампенсацыю за нафтавы манеўр


21 лютага адбылася тэлефонная размова паміж Уладзімірам Пуціным і Аляксандрам Лукашэнкам. Падчас яе бакі, сярод іншага, абмеркавалі сітуацыю з нафтай ды крэдыт на БелАЭС.

У Крамлі адзначылі, што «ў працяг расейска-беларускіх перамоваў на вышэйшым узроўні 7 лютага ў Сочы абмеркаваныя некаторыя актуальныя пытанні развіцця двухбаковых стасункаў. Асаблівая ўвага нададзеная ўзаемадзеянню ў энергетычнай сферы і рэалізацыі буйных сумесных праектаў».

Hавiны
Беларусь набыла два танкеры расейскай нафты. Кошт – таямніца
2020.02.20 21:42

Падрабязнасці размовы раскрыў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Архангельскай вобласці РФ Ігарам Арловым, паведамляе БелТА.

«Прэзідэнт Расеі патэлефанаваў (вы ведаеце, што ў нас часам узнікаюць спрэчкі па асобных пытаннях). Ён унёс прапанову, каб мы над ёй падумалі, у тым ліку і па пастаўках нафты ў Беларусь. Мы, вядома, цяпер (гэта нечаканая была прапанова) спрабуем пралічыць яе», – сказаў кіраўнік Беларусі.

Паводле яго, Пуцін прапанаваў палічыць, колькі Беларусь можа страціць ад нафтагазавага манеўру ў Расеі ў 2020 годзе адносна ўзроўню 2019-га.

Hавiны
Румас агучыў страты Беларусі праз падатковы манеўр Расеі
2020.02.06 13:27

«Калі мы атрымлівалі ў мінулым годзе ад мыта $ 1 млрд, уявім, а ў гэтым годзе за кошт зніжэння гэтага самага мыта (яно ж увесь час зніжаецца) атрымаем $ 700 млн. Ён сказаў: мы $ 300 млн кампенсуем. У тым ліку за кошт прэміяў кампаніям», – заявіў Лукашэнка.

Таксама Расея «гатовая нам захаваць фінансавы ўзровень па нафце мінулага года».

«Мы зараз палічым гэта ўсё. Але кошт гэты практычна не мае ніякага значэння. Бо іншага варыянту пакуль няма з боку Расеі. Прасілі, каб мы гандлявалі нафту па сусветнай цане. Але кампаніі на гэта не згаджаліся. Да сусветнай цане яны яшчэ прасілі дадаць $ 12 прэміі», – сказаў кіраўнік Беларусі.

Ён дадаў, што даручыў прэм’ер-міністру, каб усё было разлічана і дасягнутае пагадненне адносна далейшай працы ў гэтай сферы.

Фізічны пуск першага энергаблока Беларускай АЭС плануецца ў 2020 годзе. Фота Natalia Fedosenko / TASS / Forum

Таксама Лукашэнка і Пуцін абмеркавалі пытанне працэнтных ставак паводле крэдыту на БелАЭС.

«Абмеркавалі пытанні крэдытных нашых пагадненняў, абавязкаў і крэдытавання Беларусі, беларускай эканомікі, пытанні працэнтных ставак, асабліва па атамнай станцыі, каб хутчэй скончылі ў пакеце», – сказаў Лукашэнка.

Апроч таго, Беларусь гатовая дапамагчы Расеі завяршыць будаўніцтва касмадрому «Усходні».

«Цяпер, калі мы дамовімся адносна «Усходняга», можам перакінуць туды 2-3 трэсты, якія могуць працаваць пад ключ – жыллё, прамысловыя абʼекты. Напэўна, трэба. Бо прэзідэнт [Пуцін. – Рэд. Belsat.eu] сказаў, што вельмі трэба дапамагчы і аператыўна пабудаваць «Усходні». Кажа, там яшчэ і другая, трэцяя чэргі будуць», – распавёў Лукашэнка.

  • У 2019 годзе Менск і Масква гэтак і не змаглі дамовіцца пра ўмовы пастаўкі нафты ў Беларусь у 2020 годзе. У выніку ў студзені–лютым нафту ў Беларусь пастаўлялі толькі кампаніі Міхаіла Гуцэрыева, якога звязваюць сяброўскія адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам. Апошнія два месяцы айчынныя НПЗ працуюць на мінімальнай загрузцы.
  • Уладзімір Пуцін пасля сустрэчы з кіраўніком Беларусі паабяцаў зняць абмежаванні доступу да нафтапроваду кампаніяў, якім будзе цікава працаваць з Беларуссю. Цяпер беларускія ўрад спадзяецца на інтарэс да супрацы з нашай краінай дробных і сярэдніх нафтавых фірмаў.
  • Дыверсіфікацыя паставак нафты – адная з самых прыярытэтных задач «Белнафтахіму» на 2020 год. Дасягнуць гэтага аднак пакуль не ўдалося: сёлета Беларусь закупіла толькі 86 тысяч тон нарвежскай нафты.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў