Пуцін пацвердзіў сустрэчу з Лукашэнкам, запланаваную на 25 снежня


Прэс-служба Уладзіміра Пуціна паведамляе, што ён пацвердзіў працоўную сустрэчу з кіраўніком Беларусі. Яна адбудзецца ў Маскве 25 снежня.

«Падчас перамоваў лідары абмяркуюць ключавыя пытанні двухбаковых адносін і перспектывы далейшага прасоўвання інтэграцыйных працэсаў на еўразійскай прасторы», – паведамляецца на сайце расейскага прэзідэнта.

Перамовы на вышэйшым узроўні пройдуць з удзелам чальцоў урадаў дзвюх дзяржаў.

24 снежня Лукашэнка правёў нараду па актуальных пытаннях супрацы з Расеяй. Двухбаковыя перамовы, якія маюць адбыцца ў Маскве, ён назваў няпростымі. Адным з першарадных пытанняў на парадку дня будзе падатковы манеўр у нафтавай сферы, які прывядзе да падаражэння нафты для беларускіх НПЗ. Менск прапануе Маскве кампенсаваць гэтыя страты, якія ў 2019 годзе складуць 383 млн долараў пры кошце барэля нафты 70 долараў за барэль. А ў перспектыве шасці гадоў глабальныя страты для Беларусі складуць каля 10,8 млрд долараў. У абмен на кампенсацыю Масква патрабуе ад Лукашэнкі «глыбокай інтэграцыі».

ВІДЭА
Лукашэнка: Расея абяцала кампенсаваць страты ад падатковага манеўра. І потым раптам усё спынілася
2018.12.24 14:24

Раней рэм’ер-міністра РФ Дзмітрый Мядзведзеў выставіў беларускаму боку ўльтыматум: на эканамічныя датацыі Беларусь можа разлічваць толькі ў выпадку рэалізацыі дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года. У прыватнасці, гаворка ідзе пра стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду і падліковай палаты. У адказ Аляксандр Лукашэнка 14 снежня заявіў, што Беларусь ніколі не адмовіцца ад свайго суверэнітэту. «Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласці і ўпіхнуць у Расею – гэтага не будзе ніколі», – падкрэсліў ён.

Hавiны
Напярэдадні перамоваў з Пуціным Лукашэнка склікаў адмысловую нараду
2018.12.24 11:25

КА, belsat.eu

Стужка навінаў