Пуцін «паплыў» падчас размовы з аўстрыйскім журналістам


Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін знерваваўся падчас размовы з аўстрыйскім журналістам Армінам Вольфам з тэлерадыёкампаніі ORF.

Гэта было першае за шмат гадоў інтэрв’ю Пуціна, калі ён не хаваў свайго раздражнення. Размова адбылася 4 чэрвеня напярэдадні візіту кіраўніка Расеі ў Аўстрыю. Размову Пуцін пачаў з традыцыйнага маналогу пра ўзважаную расейскую палітыку ў стасунках з Аўстрыяй і ЕЗ.

Але праз момант пачуў невыгодныя пытанні пра спробу Расеі падзяліць Еўропу, збіты над Украінаю малаазійскі «Боінг» ды анексію Крыму.

Пуцін быў у стане шаленства

Аналізуючы мову цела расейскага прэзідэнта можна сцвярджаць, што ён быў у стане шаленства. Пуцін губляў кантроль над эмоцыямі і некалькі разоў звяртаў увагу аўстрыйскага журналіста, што той не дае яму скончыць думку.

Гэта было інтэрвʼю ў ягоным нелюбімым фармаце, калі пытанні і адказы не рыхтуюць працаўнікі крамлёўскай прэс-службы. Апроч таго, журналіст цвёрда стаяў на сваім і перарываў Пуціна падчас спробаў агучыць прапагандысцкія загатоўкі. Так было з пытаннем пра Украіну.

Хлус

Вольф папрасіў кіраўніка Расеі растлумачыць чаму ён схлусіў пра «зялёных чалавечкаў» у Крыме, заявіўшы, што яны самі набылі сабе вайсковую форму. Пуцін адказаў пытаннем, маўляў, ён быў павінен сапраўды выслаць туды войска, каб абараніць ад украінскіх нацыяналістаў расейскія вайсковыя базы…

Гэтае інтэрвʼю было запланаванае ў якасці медыяпадтрымкі перад першым візітам на Захад пасля перамогі на прэзідэнціх выбарах, але па выніку сталася суцэльным правалам Пуціна. А паколькі размова мела афіцыйны характар, правал быў апублікаваны на сайце прэзідэнта.

Голы кароль

Сярод больш лёгкі пытанняў, была спроба аўстрыйца высветліць чаму Пуцін так часта пазуе з голым торсам. Уцямнага адказу не атрымаў, але відавочна прысароміў кіраўніка Расеі. Прысароміў настолькі, што на просьбу журналіста сказаць напрыканцы размовы пару сказаў па-нямецку (Пуцін добра ведае мову Гётэ) той коратка адрэзаў: «danke schoen» (дзякуй).

Міхал Кацэвіч, пераклад з польскай ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары