Пуцін падпісаў закон, які можа вымусіць «Apple» сысці з Расеі


З ліпеня 2020 году гаджэты, якія паступаюць на продаж у Расею, павінны мець усталяванае расейскае праграмаванне. Такое патрабаванне вынікае з закону, што падпісаў Уладзімір Пуцін.

Афіцыйна пазначаецца, што закон аб перадусталяванні расейскага софту абавязвае забяспечыць спажыўцоў з Расеі расейскімі праграмамі. Інфармацыя пра тое, які софт і на якія прылады павінен быць усталяваны, з’явіцца ў бліжэйшыя месяцы. Пакуль вядома, што закон закране смартфоны, кампутары і тэлевізары з функцыяй Smart TV.

Каму і навошта спатрэбіўся такі закон?

«Расейскія праграмы зʼяўляюцца больш прывабнымі для расейскіх спажыўцоў, павышаюць зручнасць выкарыстання прылад, на якіх яны ўстаноўлены, уплываюць на якасць выкарыстання такіх прылад, павышаюць каштоўнасць тавару для спажыўца», – пазначаецца ў тлумачальнай запісцы да закону.

Але, як лічаць крыніцы Meduza, законапраект паступіў у парламент з адміністрацыі прэзідэнта дзеля далейшай «суверэнізацыі інтэрнэту».

Расейскія кампаніі падтрымалі закон

Галоўнай ахвярай закону імаверна стане кампанія «Apple». Амерыканская карпарацыя вельмі неахвотна падыходзіць да выкарыстання іншага софту на сваіх прыладах. Раней прадстаўнікі «Apple» казалі, што ўвядзенне такіх патрабаванняў вымусіць кампанію або «перагледзець сваю бізнэс-мадэль у Расеі», або сысці з расейскага рынку.

«Вытворцы прыладаў на iOS і іншых закрытых аперацыйных сістэмах цалкам могуць сысці з расейскага рынку, яны ўжо казалі пра гэта», – лічыць Антон Гуськоў, прадстаўнік Асацыяцыя гандлёвых кампаніяў і таваравытворцаў электрабытавой і кампутарнай тэхнікі.

У сваю чаргу шэраг кампаніяў, сярод якіх Mail.ru Group, «Лабараторыя Касперскага», МТС, «Мегафон», а таксама шэраг іншых успрынялі новы закон з аптымізмам.

Якія могуць быць наступствы? «Apple» сапраўды сыдзе з Расеі?

Выручка ТАА «Эпл Рус» у 2018 годзе склала 197,2 мільярдаў рублёў (каля 3 мільярдаў долараў). Гэта крыху больш за 1 % ад выручкі кампаніі ва ўсім свеце.

«Не ва ўсіх кампаніяў глабальныя палітыкі спецыфікуюцца пад пэўную краіну. Таму ў лепшым выпадку могуць быць затрымкі паставак гаджэтаў, у выпадку больш радыкальным, можа быць проста сыход гэтых кампаніяў з рынку, таму што для многіх кампаніяў рынак Расеі не зʼяўляецца стратэгічным», – лічыць Ілля Крэтаў, гендырэктар eBay у Расеі.

Іншыя эксперты выказваюць меркаванне, што якасць софту стане горшай.

Аб’ектыў
«Суверэнны інтэрнэт» у Расеі можа негатыўна адбіцца на сусветным інтэрнэце
2019.10.31 21:52

 

СК belsat.eu

Стужка навінаў