Пуцін назваў расследаванне Навальнага пра палац сумным


Кіраўнік Крамля Уладзімір Пуцін адрэагаваў на расследаванне Аляксея Навальнага пра палац каля Геленджыку і пракаментаваў масавыя акцыі пратэсту ў Расеі. На гэтыя пытанні Пуцін адказаў падчас онлайн-сустрэчы са студэнтамі, якую трансляваў РБК.

Уладзімір Пуцін адказаў на пытанне пра расследаванне Аляксея Навальнага датычна палацу ў ваколіцах Геленджыку. Паводле кіраўніка Крамля, гэтае расследаванне – сумнае.

Hавiны
За 16 гадзінаў відэа Навальнага пра палац Пуціна набрала 16 млн праглядаў
2021.01.20 09:07

Уладзімір Пуцін прызнаў, што ведае некаторых людзей, прозвішчы якіх прагучалі ў фільме, а таксама пазітыўна выказаўся пра вінаробства, але запэўніў, што не зацікаўлены ў тым, каб займацца бізнесам. Прэзідэнт Расеі пры гэтым аспрэчыў сваю датычнасць да палацу.

«Нічога з таго, што ў ім пазначана ў якасці маёй уласнасці, ні мне, ні маім блізкім сваякам не належыць і ніколі не належала. Ніколі», – сказаў Уладзімір Пуцін.

Кіраўнік Крамля лічыць, што калі б факты, агучаныя ў фільме, былі б праўдай, то яны мусяць мець дакументальнае пацверджанне. Аднак, на ягоную думку, пацверджання няма.

«У сучасным свеце, калі вядзецца пра аб’екты, якія каштуюць мільёны, а можа быць, мільярды, недзе хоць неяк (дарэчы, інфармацыя мусіруецца ўжо цягам больш як 10 гадоў, цяпер проста зручны выпадак: так скампанавалі і вырашылі ўсімі гэтымі матэрыяламі прамыць мазгі нашых грамадзянаў) на працягу 10 гадоў нешта павінна было застацца: афармленне нейкіх участкаў, нейкія дакументы фінансавыя», – дадаў Пуцін.

Закрануў Уладзімір Пуцін і масавыя акцыі пратэсту ў Расеі.

«Якімі б добрымі намерамі ні кіраваліся людзі, якія разгойдвалі Расейскую імперыю, але да чаго гэта потым прывяло? Або ў 90-я гады, калі ўсё было, здавалася, так дрэнна, што горш не будзе. Не. Пасля крушэння Савецкага Саюзу стала настолькі горш, што нікому і ў галаву не магло прыйсці, што гэта магчыма. Я ўжо не кажу пра страту геапалітычных пазіцыяў вялікай Расеі. Але і ў жыцці канкрэтных людзей: эканоміка развалілася, армія развалілася, праваахоўная сфера, медыцына – усё павалілася. Людзі прайшлі праз цяжкія выпрабаванні грамадзянскай вайной фактычна, якая была разгорнутая міжнародным тэрарызмам на Каўказе», – сказаў Пуцін.

ВІДЭА
Ці магчымая рэвалюцыя ў Расеі пры Пуціне?
2021.01.23 10:02

СК belsat.eu

 

Стужка навінаў