«Пуцін натыкаецца на супраціў Лукашэнкі». Украінскі палітолаг пра гібрыдную пагрозу ў Беларусі

ВІДЭА

Панятак «гібрыдная вайна» загучаў ува ўсім свеце пасля расейскай агрэсіі ва Украіне. Але яго прыдумала не Расея, мяркуе ўкраінскі палітолаг Уладзімір Дубовік, хоць менавіта Уладзімір Пуцін актыўна выкарыстоўвае гэты метад супраць суседзяў. Ці магчымы падобны сцэнар у Беларусі? Інтэрв’ю Ганны Русінавай з дырэктарам Цэнтру міжнародных даследаванняў Адэскага ўніверсітэту для праграмы «Прасвет».

У чым асаблівасць гібрыднай вайны, якую вядзе Расея супраць Украіны?

Панятак «гібрыдная вайна» сёння часта выкарыстоўваецца. Насамрэч, часам занадта часта. І сёння некаторыя эксперты пратэстуюць супраць таго, што ўсё запар падпісваецца пад панятак «гібрыдная вайна». Але ў прынцыпе, вядома, у адпаведнасці з самою назвай «гібрыдная вайна» азначае спалучэнне вайсковых і невайсковых фактараў уздзеяння на праціўніка.

У гэтым выпадку тое, што адбываецца на Данбасе, – гэта класічны выпадак гібрыднай вайны. Мы дакладна бачым выкарыстанне ўзброеных сілаў Расейскай Федэрацыі, мы бачым гэтак званых добраахвотнікаў, мы бачым забеспячэнне, фінансаванне гэтак званых сепаратыстаў з боку Расеі. З іншага боку мы бачым інфармацыйнае ўздзеянне, уплыў з боку Расеі. Мы бачым спробу паказаць усё гэта пад выглядам таго, што Расея амаль не ўмешваецца, не бярэ ніякага ўдзелу ў канфлікце на Данбасе, што гэта чыста ўкраінскі ўнутраны канфлікт. Вось гэтае спалучэнне вайсковых і невайсковых фактараў – яно называецца гібрыднаю вайной з лёгкай рукі расейскага генерала або нялёгкай, Герасімава, які выступіў з гэтаю дактрынай. Але сёння шмат якія даследчыкі падкрэсліваюць, што гібрыдныя войны былі заўсёды, што гэта не вынаходства Расеі сёння, не вынаходства Герасімава. Вельмі часта ў сусветнай гісторыі мы бачылі прыклады таго, калі спалучаюцца вайсковыя і невайсковыя фактары ўздзеяння на праціўніка. Але тое, што Расея сёння робіць ва Украіне, на Данбасе, – так, гэта сапраўды гібрыдная вайна.

Якім чынам Расея ініцыюе канфлікт ва Украіне?

Я думаю, што без наўпроставага расейскага ўмяшання на Данбасе не было б канфлікту як такога. Насамрэч, мы ведаем, што былі сацыялагічныя апытанні ўвесну 2014-га года, да пачатку расейскага ўварвання, дзе вялося пра тое, што не больш за траціну людзей на Данбасе лічаць неабходным сыход з Украіны, уключэнне ў склад Расеі, а ў Крыме такая лічба складала 41 %, а ў Адэсе, Адэскай вобласці, дарэчы, 24 %. Даволі высокія адсоткі, як на мяне, але ўсё роўна гэта не большасць насельніцтва.

Не было адпаведных магутных сепаратысцкіх рухаў, бо, калі мы паглядзім на нейкія іншыя краіны, дзе даўно ўжо існуе менавіта сепаратысцкі рух, дзе людзі прэтэндуюць на рэалізацыю прынцыпу народаў і права нацыі на самавызначэнне, то там ёсць гэты рух. Ён ёсць у баскаў, ёсць у каталонцаў, у шатландцаў, ён ёсць у карсіканцаў і гэтак далей. Але ва Украіне ніколі такога не было, таму вядома, ні крымскую сітуацыю, ні данбаскую сітуацыю немагчыма справядліва ўпісаць у рамкі нейкага руху за самавызначэнне або за аўтаномію.

Людзі, якія жылі на Данбасе, нічым не адрозніваюцца ад украінцаў, якія жылі ў іншых рэгіёнах.

Праблема толькі ў тым, што Расея арганізавала ўварванне, навучыўшы, у тым ліку частку ўкраінскіх грамадзянаў, спачатку ідэалагічна іх апрацаваўшы, забяспечыўшы іх зброяй, забяспечыўшы іх фінансавымі сродкамі і гэтак далей.

І потым, вядома, падсілкоўванне ідзе праз гэтыя бясконцыя гуманітарныя канвоі. Ніхто не ведае, што ў іх увозіцца і вывозіцца. Расея сцвярджае, што гэта дапамога мірнаму насельніцтву мясцоваму, а, насамрэч, мы бачым – гэта лёгка сёння ўбачыць – самыя сучасныя віды ўзбраенняў, расейскія, якія, насамрэч, выйшлі з расейскіх вайсковых лабараторыяў зусім нядаўна. Таму, якім чынам яны апынуліся ў гэтак званых узброеных сілаў ДНР і ЛНР, – гэта вялікае пытанне. Вядома, мы разумеем, што нейкія, можа быць, мясцовыя актывісты, яны і былі настроеныя супраць Кіева, яны хацелі б, можа быць, зладзіць нейкую заварушку, але без гэткага наўпроставага, актыўнага, масіраванага, сістэмнага ўмяшання з боку Расеі ніякага канфлікту на Данбасе б не было.

Атрымліваецца, яны забяспечылі гэтым усім да канфлікту Украіне?

Падчас канфлікту, ужо на пачатку канфлікту, пасля Крыму, так… Спачатку яны ўмяшаліся ў Крым, зладзілі анексію ў Крыме. Тады Украіна прыняла рашэнне, што мы не будзем супраціўляцца, што супраціву расейскаму ўварванню ў Крым украінскія ўзброеныя сілы аказваць не будуць. Гэтае пытанне цяпер, дарэчы, абмяркоўваецца, яно спрэчнае – ці слушна тады зрабіла кіраўніцтва кіеўскае, што не аддало загаду нашым узброеным сілам супраціўляцца анексіі Крыму? Але чаканні былі такія, што Крымам Расея тады задаволіцца, але атрымалася інакш. Атрымалася так, што яны захацелі яшчэ і Данбас. Таму, калі ўжо пачалося ўварванне і агрэсія Расеі на Данбасе, тады ва Украіне ўжо быў кансэнсус як у палітычнай эліце, гэтак і сярод простых людзей, якія пайшлі на фронт, што трэба супраціўляцца, бо яны апынуцца не сёння-заўтра ў Запарожжы, а паслязаўтра ў Жытоміры, пасля паслязаўтра ў Кіеве, таму гэтак не можа быць. Насамрэч, людзі, якія там у акопах на ўкраінскім боку на Данбасе, яны абараняюць сваю радзіму, яны абараняюць свае семʼі. Шмат хто з іх, дарэчы, з рэгіёнаў, прылеглых да Данбасу: з Днепрапятроўскага, з Крыварожскага і шмат якіх іншых. Яны разумеюць, што калі яны не спыняць там гэтага расейскага прасоўвання і прасоўвання саюзнікаў Расеі ва Украіне, то невядома, дзе гэтае прасоўванне можа скончыцца. Гэта сапраўды лінія абароны для Украіны.

Зяленскі пачаў інфармацыйную вайну за Крым і Данбас. Як і абяцаў

А чаму Расея гэтак адчувальна рэагуе на выбары ва Украіне?

Украіна вельмі важная для расейскага геапалітычнага праекту. Расея сцвярджае, што яна ператвараецца ў вялікую дзяржаву, спрабуе ўсім даказаць, што яна такая. Настойвае на тым, што свет, у якім мы жывем, шматпалярны, шматполюсны, і што Расея адзін з полюсаў, адзін з цэнтраў сілы гэтага свету. А для таго, каб усім і ўся гэта даказаць, яны мусяць паказаць, што яны гаспадары ў постсавецкай прасторы.

Асобная размова наконт трох прыбалтыйскіх рэспублік – Літвы, Латвіі ды Эстоніі. Што датычыць астатніх рэспублік, то Расея спрабуе паказаць, хто ў хаце гаспадар, як кажуць у народзе, што з ёй трэба лічыцца, што немагчыма будаваць планы вакол збліжэння з Захадам, з Еўразвязам, з NATO, з Амерыкаю і пры гэтым не заплаціць за гэта. Расея карае ўсіх тых, хто спрабуе правесці такую ​​палітыку. Ва Украіне, напрыклад, Расея шмат разоў казала: мы супраць уваходжання Украіны ў NATO. Што датычыць збліжэння з ЕЗ: мы наагул не супраць. Але калі ў канцы 2013-га года Украіна была блізкая да таго, каб падпісаць Пагадненне аб асацыяцыі з ЕЗ, было аказанае жахлівае ўздзеянне на Украіну, ціск – Януковіча вымусілі не падпісваць гэтага пагаднення. У выніку калі здарыўся Еўрамайдан, то ўжо выкарысталі і ўзброеную сілу для таго, каб дэстабілізаваць Украіну, аслабіць Украіну і зрабіць немагчымым уваходжанне Украіны ў еўрапейскія і еўраатлантычныя структуры.

Як Расея выкарыстоўвае блізкасць культурніцкіх асаблівасцяў украінцаў і расейцаў?

Вельмі актыўна выкарыстоўвае, але перш за ўсё яна выкарыстоўвае расейскую мову, на якой размаўляюць шмат якія ўкраінцы, натуральна. Перш за ўсё на поўдні ды на паўднёвым усходзе. Адпаведна, гэты момант выкарыстоўваўся заўсёды. Расея ўрывалася ў нашую гэтак званую інфармацыйную прастору, укідвала ўсякія стэрэатыпы. Маляваліся адпаведныя карцінкі наконт таго, што Расея магутная, заможная краіна, дзе ўсе шчаслівыя, дзе ўсе добра жывуць, а Украіна, наадварот, уся няшчасная, загразла ў карупцыі, у абавязках, вельмі бедная краіна і гэтак далей. І, калі людзям усе гэтыя думкі ў галаву ўбівалі, прамывалі мазгі пэўным чынам, гэта паўплывала на частку насельніцтва поўдня, усходу.

Асаблівую ролю адыграла Расейская праваслаўная царква, вядома, якая ніколі не хавала працы сваіх святароў, што яна, па сутнасці, выконвае геапалітычную задачу для Крамля, што Крэмль і кіраўніцтва праваслаўнай царквы, па сутнасці, разам працуюць у гэтым кірунку.

Украіна для іх занадта важная. Украіна для расейскага імперскага або неаімперскага праекту – гэта ключавы элемент. Калі яны не будуць кантраляваць Украіны, калі яны дадуць Украіне сысці з расейскай сферы ўплыву або трапіць пад заходнюю сферу ўплыву, то гэта будзе поўнае крушэнне ўсяго гэтага расейскага імперскага або неаімперскага праекту. Без кантролю над Украінаю, як у свой час сказаў Збігнеў Бжэзіньскі, вельмі вядомы амерыканскі палітолаг і палітык, без кантролю над Украінаю ў Расеі ёсць шанец стаць нармальнаю дзяржавай, дэмакратыяй, быць часткаю цывілізаванага свету. А калі Украіну Расея будзе кантраляваць, то Расея аўтаматычна ператвараецца ў імперыю. Так было заўсёды, калі мы нават паглядзім на гісторыю ў XVI стагоддзі, у сярэдзіне XVI стагоддзя, Расея не называлася Расеяй, яна называлася Масквою і Маскоўскаю дзяржавай. Менавіта пасля ўключэння пад кантроль паловы Украіны ў 2-ой пал. XVII стагоддзя Расея ператварылася ў імперыю і пачала называць сябе імперыяй. Пётр I прыйшоў да ўлады ў якасці цара маскоўскага, а скончыў сваё перабыванне ва ўладзе ў якасці імператара расейскага. Так што, вядома, нават гістарычна кантроль над Украінаю мае для Расеі велізарную ролю. І ў гэтым сэнсе за гэтыя стагоддзі не так шмат змянілася.

Менавіта таму Расея выступае супраць украінскага закону аб мове?

Проста выкарыстоўваецца метадалогія такая – ціск на Украіну. Апроч таго, ствараецца перадумова, каб заяўляць: бачыце, Украіна ўціскае расейскамоўных, таму мы павінныя абараняць расейскамоўных. Гэтая тэма не новая, Расея ўжо доўгія гады казала пра тое, што мы павінныя абараняць, гэта частка нашай вонкавапалітычнай дактрыны – абараняць інтарэсы этнічных расейцаў і расейскамоўных. Насамрэч, ніякага пацверджання ў міжнародным праве гэтыя прэтэнзіі не маюць, і этнічныя расейцы, расейскамоўныя ва Украіне ніколі не прасілі ў Расеі абароны.

Вярхоўная Рада прыняла закон пра ўкраінскую мову як адзіную дзяржаўную

Тым не менш, гэты элемент выкарыстоўваецца для ціску на Украіну і для вымалёўвання непрывабнай карціны Украіны, што, вось, глядзіце, украінскія нацыяналісты, па сутнасці, ствараюць Украіну для ўкраінцаў, што Украіна будзе нацыяналістычнаю дзяржавай, што людзям іншай нацыянальнасці будзе там няўтульна жыць, што яны будуць людзьмі іншага гатунку. І такая вось карцінка вельмі важны рычаг для Расеі, для ціску на Украіну і для стварэння негатыўнага іміджу Украіны на Захадзе. Ёсць людзі на Захадзе, якія згаджаюцца з такім мэсіджам з боку Расеі ў дачыненні да Украіны і таксама пачынаюць крытыкаваць Украіну, тыя ці іншыя крокі, напрыклад, для ўкраінізацыі.

А чаму менавіта цяпер Расея вырашыла выдаваць пашпарты ўкраінцам?

Пуцін заявіў аб намеры раздаць расейскія пашпарты ўсім украінцам

Гэтая ідэя лунала ў паветры даволі даўно. Насамрэч, яны выдавалі пашпарты і раней. Яны выдавалі іх у Расеі, яны выдавалі іх у Крыме. Зараз, я думаю, Пуцін хоча паглядзець, якая будзе рэакцыя на ягоную ініцыятыву, як адрэагуе новы прэзідэнт Уладзімір Зяленскі, як Украіна адрэагуе. Ці дасць Украіна слабіну, як той казаў. Пуцін не геніяльны стратэг, але ён вельмі нядрэнны тактык, таму ён часам робіць пробныя крокі, а потым глядзіць, якая рэакцыя, як атрымалася ці не атрымалася, выйшла ці не выйшла. Калі, скажам, Данбас вернецца ў склад Украіны, то гэта будзе нядрэнна для Расеі, калі там будзе пара мільёнаў чалавек з расейскімі пашпартамі, яны змогуць умешвацца заўсёды. Калі Данбас не вернецца ў склад Украіны, то тады тым больш. Калі Расея раптам скажа, што гэта частка Расеі цяпер, то тым больш лагічна, каб гэтыя людзі мелі расейскія пашпарты. У любым выпадку гэта такі крок для Пуціна, дзе ён нічога асабліва не губляе. Ён глядзіць цяпер, наколькі будзе актыўная і вялікая крытыка з боку Захаду таксама. А калі гэтая крытыка не будзе моцная, калі не будзе новых санкцыяў, а падобна, што ў гэтым пытанні не будзе новых санкцыяў з боку Захаду, то ён, мабыць, будзе працягваць гэтую палітыку.

І што можа быць наступным крокам?

Канфлікт на Данбасе будзе працягвацца ў любым выпадку. Пакуль ключ да развязання сітуацыі на Данбасе , на жаль, не ў Кіеве, а больш у Маскве і залежыць ад ціску нашага з нашымі сябрамі на Захадзе на Расею. Без адпаведнага ціску, без узмацнення санкцыяў, я думаю, Расея не адпусціць Данбасу ці прынамсі будзе імкнуцца вярнуць Данбас, але на расейскіх умовах. А гэта значыць, што Данбас будзе мець адмысловы статус, Данбас будзе блакаваць рашэнні ўсёй дзяржавы Украіны ў пытаннях збліжэння з ЕЗ, NATO, ЗША. Мы гэтага ва Украіне, вядома, не хочам. Таму з аднаго боку мы хочам спынення ваенных дзеянняў, бо гінуць нашыя хлопцы на фронце. З іншага боку мы не хочам, каб Данбас нам вярнулі ў якасці нейкага траянскага каня, які Масква будзе заўсёды выкарыстоўваць, каб спаралізаваць Украіну і фактычна не даваць нам магчымасці прымаць рашэнні, якія будуць адпавядаць нацыянальным інтарэсам усёй нашай дзяржавы.

Або пасля пашпартоў выкарыстоўваць іншыя прэферэнцыі…

Так, вядома. Для некаторых украінцаў гэта заўсёды было важным фактарам, што ў Расеі пенсіі вышэйшыя, напрыклад. Шмат якія крымчане галасавалі на гэтак званым рэферэндуме ў сакавіку 2014 года, бо яны ведалі, што ў іх будуць вышэйшыя пенсіі. У людзей розная планка: хтосьці згодны за вышэйшую пенсію, за таннейшы кавалак каўбасы памяняць адну радзіму на іншую, хтосьці не. Тут такая справа, усё індывідуальна. У Крыме сапраўды паднялі пенсіі, наколькі мы ведаем. З іншага боку і цэны таксама выраслі. Гэта галава на галоў, па вялікім рахунку. Нельга сказаць, што крымчане жывуць лепш. Больш за тое, яны сёння спрабуюць – пра гэта ёсць матэрыялы – адстаяць свае правы ў тых ці іншых канфліктах, а ім кажуць: прабачце, гэта ўжо не Украіна, вы ўжо не можаце спакойна пайсці з пікетам або дэманстрацыяй, з плакатамі ды кінуць выклік мясцовым чыноўнікам.

У Расеі так не робіцца, Расея – іншая дзяржава. Украіна заўсёды была больш плюралістычнаю дзяржавай. Ва Украіне, дзякуй Богу, у маёй прафесіі выкладчыка ўніверсітэту ніколі такога не было, каб я баяўся што-небудзь сказаць студэнтам на лекцыі. У адрозненне, на жаль, ад шмат якіх маіх калегаў у Расеі, якія ў прыватных гутарках дзеляцца, што яны як у гады Савецкага Саюзу, так і сёння вымушаныя ўважліва ставіцца да таго, што яны кажуць, каб не мець непрыемнасцяў з уладамі. Але гэта такое, можа быць, лірычнае адступленне ад вашага пытання, але такія рэаліі Крыму.

Ці можа Расея выкарыстоўваць тыя ж самыя метады гібрыднай вайны ў дачыненні Беларусі?

Адназначна можа і ўжо выкарыстоўвае даўно. Па-першае, яны робяць усё магчымае для таго, каб паказаць, што беларусы – гэта, у прынцыпе, тыя ж самыя расейцы. Гэта такая ідэя вядомая, даўняя, што ёсць вялікая Расея, а гэтыя дзіўныя адгалінаванні Белая Русь ці там Малая Русь – гэта проста такія прыдаткі. Пуцін даўно казаў, напрыклад, заходнім партнёрам на Бухарэсцкім саміце NATO: зразумейце, Украіна – гэта не краіна, гэта такое штучнае ўтварэнне, адхіленне ад нормы, хутчэй, гэта частка Польшчы і частка Расеі, але так атрымалася, што цяпер гэта самастойная дзяржава. Такую ж ідэю яны спрабуюць у Беларусі ўкараніць. Тым больш, што ў Беларусі крыху прасцей, на жаль, бо менш людзей, якія ведаюць мову, клапоцяцца пра нацыянальныя карані, чым ва Украіне. Ва Украіне ўсё ж сегмент насельніцтва, які вельмі адказна ставіцца да сваіх нацыянальных каранёў, да традыцыяў, да мовы, ён вышэйшы, вядома, у адсоткавых адносінах і лікавых, чым у Беларусі. Але нават у Беларусі мы бачым, што Пуцін натыкаецца са сваймі праектамі на супраціў, нават з боку прэзідэнта Лукашэнкі. Бо нават гэткі прарасейскі палітык, як Лукашэнка разумее, што адная справа быць прэзідэнтам незалежнай краіны, а іншая справа, калі заўтра ён прачнецца губернатарам новай нейкай губерні або вобласці ў складзе Расейскай Федэрацыі. Нават беларуская палітычная эліта гэтага не хоча, натуральна. Адсюль, вядома, гэта лавіраванне пастаяннае, манеўраванне паміж Расеяй і Захадам, адсюль гэтае заляцанне перыядычнае да Еўропы, ЕЗ, NATO, Амерыкі. І спадар Лукашэнка спрактыкаваўся ў гэтым пытанні. Але Расея, вядома, з ціскоў сваіх Беларусь не выпусціць, як і Украіну, бо Беларусь таксама вельмі важная для іхнага імперскага бачання саміх сябе.

І можа нават паспрабаваць захапіць?

Лёгка. Уласна кажучы, расейскія войскі і так рэгулярна перабываюць у Беларусі, таму, вядома, захапіць можа лёгка, калі будзе нейкі супраціў. Спадзяюся, што да гэтага не дойдзе, але, насамрэч, гэта цалкам рэальная магчымасць. Мы ва Украіне таксама пра гэта ведаем, мы заклапочаныя гэтаю магчымасцю, бо расейскія войскі апынуцца беспасярэдне на ўкраінскай мяжы на поўнач ад Кіева. Там ім наагул вельмі блізка да Кіева. У выпадку Данбасу, калі найгоршы сцэнар будзе рэалізоўвацца, калі будзе шырокамаштабнае ўварванне з Данбасу, ім трэба ўсё ж ісці ды ісці ў цэнтральную Украіну. Калі яны зойдуць праз Беларусь, што рэальна, тады ім вельмі блізка да Кіева. Яны тады спаралізуюць кіраўніцтва краіны. Таму так, зусім немагчыма выключаць, што будзе выкарыстаная ў тым ліку і сіла. Пакуль што Пуцін больш выкарыстоўвае, хутчэй, мяккую сілу ў дачыненні Беларусі: інфармацыйнае ўварванне, эканоміка – шмат гадоў ён падсілкоўваў беларускую эканоміку, зніжаў цэны на газ і гэтак далей. Тое ж самае ўсё мы праходзілі ва Украіне. Расея выкарыстоўвала гэтак званую мяккую сілу. Але бачыце, у 2014 годзе яны зрабілі тое, што ў свой час здавалася немагчымае – як мы можам падумаць, што расейскія войскі прыйдуць ва Украіну ваяваць? Тым не менш гэта здарылася. Дасюль гэта застаецца рэальнасцю. Таму не толькі Беларусі, але нават дзяржавам Балтыйскага рэгіёну, дзяржавам Чарнаморскага рэгіёну, ім трэба задумацца, што гэта цалкам рэальная магчымасць. Асабліва калі яны [Расея] будуць рабіць гэта якраз у ракурсе гібрыднай вайны. Яны могуць папросту – у Эстоніі гэта выдатна разумеюць – убачыць дэманстрацыю масавую супраць прыгнёту расейцаў або расейскамоўных, і з’явяцца нейкія людзі з аўтаматамі без знакаў адрознення на іхнай вопратцы. Цяпер мы выдатна разумеем, адкуль такія людзі бяруцца, гэтыя зялёныя чалавечкі. Насамрэч, так, гэты сцэнар вельмі трывожны, і няма ніякай магчымасці дакладна сказаць, што Расея не будзе яго выкарыстоўваць супраць іншых краінаў, апроч Украіны.

Інтэрв’ю паказалі ў праграме «ПраСвет» 24.05.2019

 

Глядзі таксама
Каментары