Пуцін, матрошкі і міліцыянты. Што не так з беларускімі сувенірамі?


У Горадні мы прайшліся па сувенірных крамах і шапіках, каб уявіць, што патэнцыйны турыст з Польшчы ці Нямеччыны можа прывесці сабе на памяць з Беларусі. Вынікі нас уразілі…

Выпраўляючыся на турыстычны шопінг па «каралеўскай» Горадні, мы, канешне ж, чакалі на статуэткі ці магніты са Стэфанам Баторыем ці Вітаўтам, выявы Старога замку і Фарнага касцёлу, тое-сёе на габрэйскую тэматыку.

Каложская царква, упісаная ў матрошку – магніт. Фота – Васіль Малчанаў/ «Белсат»

Відаць, спадзяванні былі занадта аптымістычныя. Побач з прыгожай і якаснай керамікай ці магнітамі знайшлося багата «артэфактаў», якія, як мінімум, выклікаюць пытанні. Прапануем і Вам ацаніць наш шорт-ліст:

Матрошкі

Драўляныя распісныя лялечкі мы знайшлі ці не ў кожным кутку, дзе прадаецца сувенірка. Кошты розныя, у залежнасці ад памеру: ад 10 да 40 рублёў.

Матрошкі, нібыта папулярныя сярод польскіх турыстаў. Фота – Васіль Малчанаў/ «Белсат»

Вырабляюцца матрошкі, што цікава, у Беларусі, бо на гістарычнай радзіме, у Расеі, дорага. Паводле прадаўцоў, найбольшым попытам матрошкі карыстаюцца ў польскіх турыстаў.

«Абярэг ад дармаедаў»

Абярэг ад дармаедаў. Фота – Васіль Малчанаў/ «Белсат»

Магніт з выявай жанчыны нам удалося знайсці ва ўніверсаме «Ратушны» у самым цэнтры Горадні. Кошт сувеніра – 4 рублі 2 капейкі. Цікава, што падобныя магніты да нас возяць з Украіны.

Лялькі з трыкалорам

А вось лялькі з расейскімі трыкалорамі ці надпісамі «Расея» робяць не за мяжой, а ў нас – у Маладзечне.

Лялькі з расейскімі сцяжкамі і сімволікай. Фота – Васіль Малчанаў/ «Белсат»

Называецца сувенір «Расіяначка», паводле выгляду – дзікая сумесь беларускай народнай лялькі ды элементаў расейскай традыцыі (какошнікі, румяны і г.д.). Набыць сабе «Расіяначку» кожны можа прыкладна за 12 рублёў.

Лялькі з расейскімі сцяжкамі і сімволікай. Фота – Васіль Малчанаў/ «Белсат»

Берасцейскія шкарпэткі

Сапраўдныя шкарпэткі, запакаваныя ў кансервную банку, можна было б палічыць дзівацтвам, але – попыт ёсць.

Хіт продажаў, берасцейскія шкарпэткі. Фота – Васіль Малчанаў/ «Белсат»

«Памятаеце, як у Крыму прадаваліся кансервы з крымскім паветрам? – запытваецца прадавачка з шапіку ля сінагогі. – Вось і ў нас такое – толькі са шкарпэткамі. Людзі ўсміхаюцца і набываюць!»

Для большай брутальнасці кансервы аформленыя камуфляжам, выявамі танкаў, верталётаў і сілуэтамі ўзброеных людзей.

Пуцін-дзюдаіст

Глінянага кіраўніка Расеі ў касцюме дзюдаіста можна набыць на першым паверсе гарадзенскага ГЦ «Нёман». На пытанне, чаму прадаецца менавіта Пуцін і дзе, дзеля справядлівасці, іншыя кіраўнікі дзяржаваў, дзяўчына-прадавачка здзіўлена адказвае:

«Ну і што? Купляюць жа. А па дакументах ён не ідзе як Пуцін – наўпрост фігурка з гліны».

Маленькі Пуцін і вялікі АМАПавец з гліны. Фота – Васіль Малчанаў/ «Белсат»

Кошт ВВП – 29 рублёў, «фігурка з гліны» зробленая недзе ў Менскай вобласці. Цікава, што побач з Уладзімірам Уладзіміравічам стаіць фігурка АМАПаўца, ці не ў два разы вышэйшая за прэзідэнта Расеі. АМАПавец выглядае на ахоўніка прэзідэнта, але ў камплекце з ім не ідзе.

«Гліняная армія МУС»

Першага «глінянага міліцыянта» мы сустрэлі яшчэ каля замкаў – гэта быў вусаты «палкоўнік-скарбонка» за 8 рублёў. Пытаемся, маўляў, а як пасля разбіваць фігурку супрацоўніка пры пагонах – ці не парушэнне?

Скарбонка ў выглядзе палкоўніка МУС. Фота – Васіль Малчанаў/ «Белсат»

«У жыцці і не такое разбіваецца», – смяецца прадавачка.

Далей – болей. На Савецкай у краме бачым ужо цэлую «гліняную армію», нібыта з грабніцы кітайскага імператара Цынь Шы Хуандзі. Маёры, капітаны, падпалкоўнікі, нават інспектары ДАІ. Кошт глінянага абаронцы парадку – каля 30 рублёў, у залежнасці ад памеру.

Цэлая армія гліняных міліцыянтаў. Фота – Васіль Малчанаў/ «Белсат»

Вусаты «Бульбаш»

На фоне каляровых матрошак ды здаравенных гліняных міліцыянтаў, маленькая лялька «бульбаша», якую нам удалося расшукаць у аддзяленні пошты, выглядае неяк сціпла і сіратліва.

Вусаты «Бульбаш» у лапцях з кошыкам з грыбамі. Фота – Васіль Малчанаў/ «Белсат»

Падобны на дамавіка вусаты блакітнавокі «бульбаш» у лапцях зроблены з тканіны, абуты ў лапці, паміж якіх – торбачка з бутафорскімі грыбамі. Цацка зроблена ў Беларусі і каштуе амаль 8 рублёў.

«Людзі будуць галасаваць рублём»

Пасля рэйду па шапіках мы вырашылі завітаць да Сяргея Верамеенкі, уласніка крамы «Адметнасць», якая спецыялізуецца на нацыянальна-арыентаванай сувенірцы: цішоткі і кубкі з пагоняй, магніты з калюмнамі, куфлі з Вітаўтам – усё гэта можна знайсці тут.

Сяргей Верамеенка, уласнік крамы «Адметнасць». Фота – Васіль Малчанаў/ «Белсат»

«Часам глянеш на падобныя сувеніры і жахнешся, – распавядае Верамеенка. – Беларус у шапцы-аблавушцы з балалайкай… Жэсць! Дзе вы такога беларуса бачылі? Хіба пад крамай, адно што без балалайкі. Але я думаю, людзі самі разбяруцца, што купляць. Будуць галасаваць рублём ці талерам, выбіраць больш якаснае і густоўнае».

Нацыянальна-арыентаваны асартымент крамы «Адметнасць». Фота – Васіль Малчанаў/ «Белсат»

Паводле Сяргея, які працуе акурат з беларускімі вытворцамі (Ворша, Менск, Слонім, Ліда і г.д.) нашыя фабрыкі ды майстры-рамеснікі здольныя выпускаць якасную прадукцыю, за якую не сорамна перад замежнікамі. Адно што грамадства дагэтуль вельмі стракатае, таму і маем на рынку падобныя кур’ёзы.

АК, фота Васіль Малчанаў belsat.eu

Стужка навінаў