Пуцін лічыць, што Беларусь і Расея да канца году дамовяцца пра кошты на газ


Расея і Беларусь дамовяцца пра кошты на газ своечасова, выказаў перакананне прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, паведамляе interfax.

«Перамовы з Беларуссю ідуць згодна з планам. Я спадзяюся, што да канца года мы гэта адрэгулюем», – сказаў Уладзімір Пуцін.

Цяпер кошты на расейскі газ для Беларусі складаюць 127 долараў за тысячу кубаметраў. Але такая цана дзейнічае да канца бягучага году. Згодна з міжурадавым пратаколам, які быў падпісаны ў 2017 годзе, энергетычныя ведамствы краінаў павінны ўзгадняць кошты кожны год. Але пакуль каштарыс на сыравіну для нашай краіны ў 2020 годзе не вызначаны.

Ілюстрацыйны здымак

Раней Расейскі бок катэгарычна адмовіўся размаўляць пра кошты на газ, пакуль не будзе вырашана пытанне аб паглыбленні інтэграцыі. Прынамсі такую заяву агучыў віцэ-прэм’ер РФ Дзмітрый Козак. Паводле віцэ-міністра толькі пасля завяршэння перамоваў па інтэграцыі будзе зразумела, як бакі будуць збліжаць рынкі газу і ці будзе створаны адзіны або агульны рынак газу.

Міністэрствы энергетыкі Расеі і Беларусі ўжо агучылі, што падрыхтавалі дарожную мапу інтэграцыі і перадалі дакументы на разгляд прэм’ер-міністрам. Сяргей Румас адзначыў, што пакуль існуе шмат супярэчнасцяў у распрацаваных праграмах. Праблемныя моманты будуць разглядацца 19 лістапада падчас яго сустрэчы з Дзмітрыем Мядзведзевым.

СК belsat.eu

Стужка навінаў