Пуцін лічыць памылкай датацыі для Беларусі без будаўніцтва Саюзнай дзяржавы


Уладзімір Пуцін падчас прэс-канферэнцыі 19 снежня 2019 года. Фота – Valery Sharifulin / TASS / Forum

Расея даціруе беларускую гаспадарку сабе на шкоду, і рабіць гэта далей Масква гатовая толькі ў выпадку вырашэння пытання будаўніцтва Саюзная дзяржавы, заявіў Пуцін, адказваючы падчас прэсавай канферэнцыі ў чацвер.

«У Беларусі – самыя нізкія кошты сярод нашых замежных партнёраў: 127 долараў. Нагадаю, што ў Еўропу мы прадаем за 200. Прыбытковасць ад продажу газу ў Беларусь і Еўропу адрозніваецца ў чатыры разы», – сказаў Уладзімір Пуцін.

«Сярэдняя цана для Расеі за газ – 75 долараў за 1000 кубоў. Чым далей ад месца здабычы, тым больш мы даціруем гэтую цану. Смаленск адносіцца да такой зоны, дзе даціраванне – самае высокае. Смаленск спажывае 2 млрд [кубоў]. Беларусі мы прадаем 20 млрд [кубоў]. І гэта дзіўна, калі мы будзем даціраваць цэлую краіну як самую даціраваную расейскую вобласць, Смаленскую», – працягнуў Пуцін.

Паводле расейскага лідара, умова для далейшых датацыяў і крэдытаў беларускай гаспадаркі з боку Масквы – будаўніцтва Саюзнай дзяржавы.

«Патрэбныя цэлыя наднацыянальныя органы – кантрольныя і эмісійныя. Павінныя працаваць агульныя правілы ў сферы антыманапольнай палітыкі. А можа быць, і агульны орган. Гэта вялізарная праца, і яна можа быць зробленая і рэалізаваная толькі ў тым выпадку, калі ёсць палітычная воля і жаданне з абодвух бакоў. У нас такое жаданне ёсць. Мы абмяркоўваем гэта з нашымі беларускімі партнёрамі, прасоўваемся ў нейкай ступені. Але што ў нас атрымаецца – пакуль незразумела. Даціраваць для Беларусі […] ува ўмовах нявырашанасці пытанняў саюзнага будаўніцтва было б з нашага боку памылковым», – падсумаваў Пуцін.

ДД belsat.eu

Стужка навінаў