Пуцін: Калі нічога не рабіць і выдаткоўваць рэзервы, іх хопіць на 4 месяцы


Нацыянальныя рэзервы Расеі вярнуліся на ўзровень 2014 года і складаюць 387 млрд расейскіх рублёў [відавочна, мелася на ўвазе 387 млрд долараў], заявіў прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін падчас «прамой лініі» 14 красавіка.

Рэзервовы фонд і фонд нацыянальнага дабрабыту, паводле ягоных слоў, толькі крыху знізіліся, а з улікам таго, што эканоміка зноў пачне расці ў гэтым годзе, вычарпанне рэзерваў для Расеі – не праблема.

«Калі будзем выдаткоўваць рэзервовыя фонды як у мінулым годзе, у тым жа рэжыме, і не будзем папаўняць іх, то сродкаў хопіць на чатыры гады», – адзначыў Пуцін, дадаўшы, што калі наагул нічога не рабіць і не працаваць, то хопіць на чатыры месяцы.

На думку кіраўніка РФ, расейская эканоміка цяпер знаходзіцца ў «шэрай» зоне і ўжо можна намацаць «дно».

«Сітуацыя яшчэ не выправілася, але трэнд станоўчы. Урад зыходзіць з таго, што спад працягнецца ў гэтым годзе, але ўжо вельмі невялікі. А ў наступным годзе – ужо ўздым», – заявіў Пуцін.

МЯ, паводле bbc.com

Стужка навінаў