Пуцін і Лукашэнка абмяняліся падарункамі, але наконт інтэграцыі не дамовіліся


Аляксандр Лукашэнка пасля перамоваў з Уладзімірам Пуціным вярнуўся ў Менск. Заяваў для прэсы з вуснаў кіраўнікоў дзяржаваў па выніках сустрэчы так і не прагучала.

Падчас развітання пасля перамоваў кіраўнікі краінаў абмяняліся падарункамі. Telegram-канал «Пул першага» паведаміў што ў якасці падарунку кіраўнік Беларусі прывёз прадуктовы набор – каўбасу, цукеркі, сыр, сала, а таксама нейкую загадкавую бутэльку.

Фота: t.me/pul_1/212

Прэсавая служба кіраўніка Беларусі паказала падарунак Пуціна. Лукашэнка атрымаў самавар «у расейскім стылі». Прыгожа аздоблены выраб, верагодна, пазалочаны.

Фота: president.gov.by

Перамовы Аляксандра Лукашэнкі і Уладзіміра Пуціна працягваліся пяць гадзінаў. Пра вынікі перамоваў распавёў кіраўнік Мінэканомразвіцця Расеі Максім Арэшкін.

«Дасягнулі вельмі сур’ёзнага прагрэсу, нават вакол пытанняў нафты і газу пазіцыі былі вельмі сурʼёзна збліжаныя», – цытуе словы міністра Максіма Арэшкіна БелТА.

Паводле словаў міністра, з панядзелка на экспертным узроўні будзе распачата дзейная прапрацоўка атрыманых указанняў. А 20 снежня Лукашэнка і Пуцін сустрэнуцца зноў 20 снежня ў Санкт-Пецярбурзе.

6 снежня ў Сочы адбыліся перамовы прэмʼераў Беларусі і РФ Сяргея Румаса і Дзмітрыя Мядзведзева. Па выніках сустрэчы Мядзведзеў распавёў, што праца зроблена вялікая, але без дапамогі кіраўнікоў краінаў не абысціся.

У Менску апазіцыя заявіла, што 8 снежня а 12 гадзіне працягне акцыю пратэсту супраць «паглыбленай інтэграцыі» Беларусі і Расеі. Са зваротам далучыцца да акцыі выступіў палітык Павел Севярынец. 7 снежня, падчас сустрэчы Пуціна з Лукашэнкам у Сочы, на Кастрычніцкай плошчы ў Менску выйшла каля 700 асобаў. «Белсат» паказаў акцыю ў жывым эфіры.

Абноўлена
«Гэтага саюзу не павінна быць». Два дні запар пратэсты супраць інтэграцыі. ВІДЭА
2019.12.07 17:17

СК belsat.eu

Стужка навінаў