Пуцін і Эрдаган пераканалі лівійскага фельдмаршала Хафтара пагадзіцца на перамір'е


Лівійская нацыянальная армія фельдмаршала Халіфы Хафтара абвясціла пра спыненне агню пасля апоўначы 12 студзеня (пасля 01:00 па менскім часе). Такім чынам лівійскія вайскоўцы прынялі прапанову прэзідэнтаў Расеі і Турцыі Уладзіміра Пуціна і Рэджэпа Таіпа Эрдагана, агучаную імі 8 студзеня па выніках перамоваў у Стамбуле, адзначае «Коммерсант».

Пры гэтым армія Хафтара абяцае жорсткі адказ тым, хто парушыць гэтае пагадненне. Да гэтага ініцыятыву двух прэзідэнтаў аб спыненні агню падтрымаў Урад нацыянальнага згоды Лівіі.

У сумеснай заяве прэзідэнтаў РФ і Турцыі ўсім бакам лівійскага канфлікту прапаноўвалася спыніць баявыя дзеянні з 00:00 гадзінаў 12 студзеня 2020 года, «абвясціць устойлівае спыненне агню, падмацаванае неабходнымі мерамі« для нармалізацыі паўсядзённага жыцця Трыпалі і іншых гарадоў, а таксама неадкладна сесці за стол перамоваў.

Раней ЛНА на чале з фельдмаршалам Хафтарам адхіліла прапанову аб спыненні агню.

  • З таго часу як у 2011 годзе быў зрынуты і забіты кіраўнік Муамар Кадафі, у Лівіі пануе палітычная нестабільнасць і двоеўладдзе. На захадзе краіны, у Трыпалі, размяшчаецца ўрад нацыянальнай згоды, сфармаваны пры падтрымцы ААН і прызнаны міжнароднай супольнасцю. На ўсходзе знаходзіцца парламент і армія пад камандаваннем фельдмаршала Халіфа Хафтара.
  • У апошнія гады Хафтар наладзіў шчыльныя стасункі з Масквой. Паводле СМІ, частку вагнэраўцаў летась перакінулі ў Лівію, таксама Расея пастаўляе туды ўзбраенне. У красавіку 2019 года Хафтар актывізаваў свае дзеянні і пачаў наступ на Трыпалі.
  • Эрдаган лічыць нелегітымным урад Халіфа Хафтара і падтрымлівае Урад нацыяльнальнай згоды. У студзені 2020 года парламент Турцыі ўхваліў законапраект, які прадугледжвае магчымасць адпраўкі турэцкіх вайскоўцаў у Лівію.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў