Пуцін хоча стварыць «закон аб расейскай нацыі»


Чаго канкрэтна хоча расейскі кіраўнік ад дакумент, ён не ўдакладніў.

«Але што дакладна цалкам можна і трэба рэалізоўваць – над гэтым трэба падумаць і ў практычным плане пачаць працаваць – гэта закон аб расейскай нацыі», – цытуе прэзідэнта «Інтэрфакс».

Пуцін адзначыў, што гэты закон можа быць распрацаваны на аснове стратэгіі па развіцці нацыянальных адносін у Расеі.

Пра неабходнасць стварыць «Закон аб расейскай нацыі» Пуцін заявіў на пасяджэнні Рады па міжнацыянальных адносінах. Расейскі лідар таксама выказаўся за стварэнне «федэральнага органу», які б адказваў за «сацыяльную адаптацыю» мігрантаў у краіне.

Распрацаваць закон «Аб расейскай нацыі і кіраванні міжэтнічнымі адносінамі» прапанаваў загадчык кафедры РАНХіГС Вячаслаў Міхайлаў. Закон павінен «увабраць у сябе ўсе навацыі, звязаныя з міжнацыянальнымі адносінамі».

У 2012 годзе Пуцін падпісаў указ «аб дзяржаўнай стратэгіі нацыянальнай палітыкі Расеі на перыяд да 2025 года». У гэтым дакуменце, у прыватнасці, гаворыцца пра неабходнасць «захавання і развіцця этнакультурнай разнастайнасці народаў» краіны.

У 2015 было створана Федэральнае агенцтва па справах нацыянальнасцяў, якому Пуцін даручыў «умацоўваць адзінства» народаў Расеі.

ДР belsat.eu паводле meduza.io

Стужка навінаў