Пуцін ад нас адвязаўся. І гэта кепска

Тое, пра што казалі палітолагі і пляткарылі беларускія чыноўнікі, адбылося. Расейская ўлада ўвайшла ў паласу свайго транзіту. Гэта стала зразумела з чарговага паслання Пуціна Уладзіміра Уладзіміравіча Федэральнаму Сходу Расейскай Федэрацыі.

Пуцін Уладзімір Уладзіміравіч абвясціў пра рэферэндум з мэтай змены Канстытуцыі.

Урад Расеі сышоў у адстаўку, каб не перашкаджаць Пуціну Уладзіміру Уладзіміравічу рэфармаваць сістэму ўлады ў краіне – гэта значыць, ажыццяўляць транзіт.

Што з гэтага датычыць Беларусі? Нешмат, але нам хопіць па самыя вушы.

Будуць рэальна пашыраныя паўнамоцтвы – а значыць, і зона адказнасці, і фінансавыя магчымасці – ніжняга ўзроўню ўлады ў Расеі. Для нашай сістэмы, дзе гасудар не пойдзе на гэта – прынамсі, цяперашні гасудар – гэта надзвычай дрэнны прыклад. Нездарма кажуць, што ваенныя пенсіянеры і пенсіянеры сілавых структур надзвычай незадаволеныя сваім становішчам у Беларусі. Яны проста параўноўваюць сваё становішча з становішчам аналагічных катэгорый расейскіх грамадзянаў. Параўнанне не на іх карысць. Цяпер да гэтых незадаволеных – прыкладна праз паўтара года пасля ўвядзення рэформы ў Расеі – дададуцца чыноўнікі ніжэйшага звяна: ім таксама будзе з чым параўноўваць, прычым таксама далёка не на нашу карысць. Пры гэтым калі вышэйшае звяно будзе шчыра выступаць за дзяржаўнасць і суверэнітэт, разумеючы, што ўсіх гэтых Качанавых, Румасаў і тым больш Калаураў замяніць – раз плюнуць, то на кожны гарадскі пасёлак і сельсавет з Расеі замену не прывязуць. Прасцей плаціць нашым, хто паспее перафарбавацца.

Фота: kremlin.ru

Будучы прэзідэнт Расеі не павінен быць нават у мінулым грамадзянінам іншай дзяржавы. Ну, гэта датычыць усяго аднаго грамадзяніна Беларусі – аднак і гэта варта ўлічваць. На стварэнні адзінай дзяржавы на раўнапраўнай аснове Пуцін Уладзімір Уладзіміравіч паставіў тоўсты крыж: хочаце інтэгравацца – сям’ю губернямі інтэгруюцца.

Кіраўнікам федэральных органаў улады, дэпутатам, сенатарам, суддзям і кіраўнікам субʼектаў Федэрацыі мусіць быць на канстытуцыйным узроўні забаронена мець замежнае грамадзянства, від на жыхарства або «іншы дакумент, які дазваляе пастаянна пражываць на тэрыторыі іншай дзяржавы». Гэта значыць, тая раскоша, якой увесь гэты час прываджвалі расейскую эліту, таксама губляе сваю прывабнасць. Бо наступны крок – забарона на наяўнасць рахункаў у замежных (а значыць, і ў беларускіх) банках.

І ёсць яшчэ адна дэталь. Урад Расеі сышоў у адстаўку. Катэгарычна. Разам з Мядзведзевым. Старыя памятаюць, што менавіта з чахарды з прэмʼерамі пачаўся транзіт улады пры Барысе Ельцыне. Тры месяцы – і глядзім новага.

Відэа
Расейскі ўрад падаў ў адстаўку. Мядзведзеў сыходзіць у Савет бяспекі
2020.01.15 15:40

Цяпер Пуцін Уладзімір Уладзіміравіч пачынае разглядацца за новым. Уласна кажучы, ён ужо ўсіх выглядзеў, і цяпер справа толькі за тым, каб пераканацца ў правільнасці зробленага выбару. Абярэ – і сыдзе куды-небудзь у бок. Захоўваючы рычагі кіравання на новай пасадзе. Не ўсе рычагі – але ўсё-такі.

Сябры мае, мы чужыя на гэтым свяце жыцця. Цяпер ужо зусім. Беларусь не ўдзельнічае ў гэтым сцэнары, для яе роля не прадугледжаная. Хіба што ў ролі баксёрскай грушы, на якой прэм’ер, прызначаны Пуціным Уладзімірам Уладзіміравічам, зможа адпрацоўваць удар. Як сам Пуцін Уладзімір Уладзіміравіч адпрацоўваў удар на Чачэніі. Не, абстрэльваць нас не будуць. Але біць будуць балюча. Эканамічна.

Уладзімір Пуцін. Фота: Dmitry Astakhov / Pool / SPUTNIK / Reuters / Forum

І – самае галоўнае. Цяпер нікому не пажалішся на тое, што Расея такім чынам спрабуе пазбавіць нас суверэнітэту. Таму што ў гэтым выпадку кожны нармальны суразмоўца задасца пытаннем:

– А на фіга гэта Расеі трэба цяпер?

Сапраўды. Цяпер не трэба. Цяпер ёй грошы патрэбныя. Ну, або ўласнасць.

Прывітанне, як той казаў, Макею Уладзіміру Уладзіміравічу.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў