Псіхічнахворы напаў на мэра Гданьску з нажом. Палітык у крытычным стане


Сведкамі нападу на прэзідэнта Гданьску Паўла Адамовіча сталі тысячы людзей. Нападнік уварваўся на сцэну ў разгар дабрачыннага канцэрту «Вялікі аркестр святочнай дапамогі» і ўдарыў яго ножам. Палітык атрымаў сур’ёзныя раны сэрца і ўнутраных органаў.

Цяпер Павел Адамовіч у цяжкім стане пасля пяцігадзіннай аперацыі. Ён страціў вельмі шмат крыві. Дактары ацэньваюць ягоны стан як крытычны. У шпіталі збіраюць крывю.

27-гадовага злачынцу, які раней быў судзімы, затрымалі. Паводле сведкаў, мужчына выбег на сцэну і пачаў крычаць, што сядзеў невінаваты ў турме, а кіроўная ў той час ліберальная партыя «Грамадзянская плятформа» катавала яго. Пасля нападу ён яшчэ прайшоўся па сцэне і хацеў узяць мікрафон. Мясцовыя медыя паведамлялі, што нападнік мае праблемы з псіхікай.

На напад адрэагавалі шмат якія палітыкі і сусветныя медыі.

«Звычайна мы разыходзімся з мэрам Паўлам Адамовічам у поглядах на тое, як трэба праводзіць дзяржаўныя справы і справы Польшчы, але сёння я адзназначна з ім і ягонымі блізкімі, як – я спадзяюся – усе нашыя суайчыннікі. Я малюся за ягонае здароўе», – напісаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў Twitter.

53-гадовы Павел Адамовіч – вельмі папулярны мэр. Ён кіруе горадам з 1998 года. Нядаўна выбарцы зноў падоўжылі ягоны мандат. Кіраўнік Гданьску шмат робіць на карысць правоў меншасцяў і актыўна іх падтрымлівае.

ДР belsat.eu

Стужка навінаў