Псіхолаг з Расеі, якога затрымалі ў Менску, вызвалены


Расейскі псіхолаг Міхаіл Казлоў, якога затрымалі 14 жніўня падчас трэнінгу па асобасным росце «Абуджэньне» на вуліцы Варанянскага, выйшаў на свабоду. Псіхолаг цяпер скардзіцца на жорсткае абыходжанне падчас затрымання.

«Я ізноў на свабодзе! – паведаміў у сацсетках сам Міхаіл Казлоў, – На апошнім трэнінгу «Пераадоленьне» ў Менску здарыўся інцыдэнт, калі раўнівы муж уварваўся ў залю і сілком вывеў сваю жонку, яна плакала. На трэці дзень ён пачаў пагражаць нам праз тэлефон мясцовым КДБ, але я засмяяўся яму ў твар і, мабыць, дарма. Праз 5 гадзін проста падчас трэнінгу ў залю ўварваўся чувак з велізарнай сякерай, які пры гэтым жудасна гарлаў, а за ім і АМАП. Усіх паклалі на падлогу, а я з гонарам заявіў, што я грамадзянін Расеі і патрабую расейскага консула. І тут жа адчуў удар бота ў бок і яшчэ пару ўдараў дубінкай па галаве».

Паводле псіхолага, стаўленне да яго «падчас маскі-шоў было быдлячае».

«Начальнік РУУС Кастрычніцкі яшчэ хадзіў і подстебывал мяне: будзе табе і адвакат і консул расейскі. Упершыню за 9 гадоў я трохі расчараваўся ў менскіх уладах», – адзначыў ён у сваім Instagram.

Як паведамлялася раней, увечары 14 жніўня ў міліцыю патэлефанавала жанчына, якая паведаміла, што падчас трэнінгу псіхолаг Міхаіл Казлоў ашукаў яе, каб завалодаць грашыма ў памеры 250 USD, а таксама абразіў. На месца правядзення трэнінгу прыехалі супрацоўнікі падраздзяленняў наркакантролю і патрульна-паставой службы Кастрычніцкага РУУС. Удзельнікаў трэнінгу даставілі ў РУУС для разбору і пасля апытання адпусцілі, але сам Казлоў застаўся ва ўпраўленні. ГУУС Менгарвыканкаму паведамляла што ў адносінах да псіхолага праводзіцца праверка. Памочнік Казлова, Яўген, сказаў у размове з Onliner, што псіхолага нібыта падазраюць у гандлі людзьмі, а таксама «па артыкуле, звязаным з наркотыкамі».

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў