Псіхолаг з Расеі – пасля затрымання менскай міліцыяй: «Нафта падаражэе»


Сталічныя міліцыянты затрымалі Міхаіла Казлова пасля заявы жыхаркі Менску, што той ашукаў яе на $ 250.

Увечары 14 жніўня ў міліцыю патэлефанавала жанчына, якая паведаміла, што падчас трэнінгу псіхолаг Міхаіл Казлоў ашукаў яе, каб завалодаць грашыма ў памеры $ 250, а таксама абразіў.

На месца правядзення трэнінгу прыехалі супрацоўнікі падраздзяленняў наркакантролю і патрульна-паставой службы Кастрычніцкага РУУС. Памочнік Казлова, Яўген, сказаў у размове з Onliner, што псіхолага падазраюць у гандлі людзьмі, а таксама «па артыкуле, звязаным з наркотыкамі».

Удзельнікаў трэнінгу даставілі ў РУУС для разбору і пасля апытання адпусцілі.

Міхаіла Казлова затрымалі, ён знаходзіцца ў раённым упраўленні. Міліцыя праводзіць праверку паводле факту заявы пацярпелай, а таксама законнасці трэнінгу.

Пуцевадзіцель па трэнінгам «Самопознание» сцвярджае, што Казлоў – эксперт па фінансавай псіхалогіі «Першага каналу», НТВ і «Коммерсантъ FM».

У сваім відэазвароце Казлоў кажа, што ягоныя трэнінгі скіраваныя на пошук і пераадольванне перашкодаў для «сапраўднага кахання» і «яшчэ большым грашам». Ён запрашае на іх усіх, хто шчаслівы «менш, чым на 70 %».

«У 22 гады я быў вінен паўмільёна долараў. Праз тры гады я стаў доларавым мільянерам. У 2012-м па запрашэнню прэзідэнта я пабываў у Крамлі», – заяўляе Казлоў.

Падчас затрымання, Казлоў сказаў, «што вось яно – рэальнае сяброўства Расеі і Беларусі» ды дадаў, што зараз «нафта падаражэе».

Расейскі кансулят у Менску заяўляе, што сочыць за сітуацыяй.

ДД

Стужка навінаў