Псіхолаг-валанцёр: Не глядзіце навіны, як фільм жахаў


Крысціна Вязоўская – прафесійны псіхолаг. Як і іншыя калегі, сёння яна дапамагае грамадзянам Беларусі знайсці сваё месца ў новым свеце. У тым ліку, як валанцёр працавала з ахвярамі гвалту сілавікоў каля следчага ізалятара ў Жодзіна.

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

Людзі забываюць спаць і есці

Сёння лагер валанцёраў у Жодзіна зняты – уся магчымая дапамога на месцы аказана. Некалькі дзён неабыякавыя людзі, сярод якіх былі прафесійныя псіхолагі, медыкі, падтрымлівалі тых, хто выходзіў з засценкаў СІЗА. Суразмоўца belsat.eu адразу тлумачыць, што этычны кодэкс псіхолага не дазваляе ёй распавядаць гісторыі тых, з кім ёй давялося працаваць – немагчыма быць занадта асцярожным і тактоўным у адносінах да ахвяр гвалту.

– Гвалт – працэс вельмі шырокі, ён накіраваны на тое, каб жывое зрабіць мёртвым або, калі заўгодна, жывое зрабіць зламаным. І зараз атака ідзе на ўсіх. Калі абагульніць, то мая праца цяпер у тым, каб людзі заставаліся жывымі ў псіхалагічным сэнсе і ўключанымі ў рэальнасць. І пад сценамі СІЗА, і падчас сеансаў тых, хто працягвае тэрапію. Для ўсіх нас вельмі важна знайсці сваё месца ў новай рэальнасці. Настаўнікі, міліцыянты – з імі таксама асобная праца. Як і з тым, хто звярнуўся з нагоды хатняга гвалту: не маглі вырашыць, трэба ісці на барыкады ці не. У выніку кроў.

ЦІП на Акрэсціна. Менск, Беларусь. 13 жніўня 2020 г.
Фота: Vot-tak.tv / Belsat.eu

– За час працы я пагутарыла, напэўна, больш чым з шасцю дзясяткамі тых, хто мае патрэбу ў падтрымцы. Пад сценамі СІЗА ў першую чаргу працавалі з шокавым станам, калі чалавек дэзарыентаваны. У працы з тымі, хто працягвае тэрапію, часцей сутыкаюся калі не з шокам, а з перадшоком. Таму што рассыпаюцца бізнесы, зніжаецца якасць жыцця, цярпіць здароўе. Плюс пачуццё віны – я не на барыкадах, не раблю дастаткова. Шмат звязана з рэакцыямі цела, шмат зваротаў з нагоды таго, што людзі не ядуць, перастаюць піць. Рэчы, якія звязаны з паўсядзённым жыццём, перастаюць цікавіць.

Валанцёры, якія працуюць з пацярпелымі ад гвалту з боку сілавікоў, падвяргаюцца сур’ёзнаму выпрабаванню. Выгаранне – стан, пры якім чалавек не можа больш дапамагаць іншым, – надыходзіць вельмі хутка.

– У ідэале валанцёрская змена павінна доўжыцца 4-5 гадзін у суткі, але такой магчымасці няма, таму людзі выгараюць. Людзі заўсёды застаюцца людзьмі, валанцёрам трэба спаць, адпачываць, харчавацца.

На ЦІП і ІЧУ на Акрэсціна выдаюць затрыманым рэчы. Менск, 15 жніўня 2020 года.
Фота: Іра Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Заставацца ў працаздольным стане Крысціне дапамагаюць рэчы, якія раней здаваліся звычайнымі – прагулкі з сабакамі, хатнія справы, падрыхтоўка дзіцяці да школы.

– Дома ў мяне забароненыя гарачыя абмеркавання палітычных тэм, а калі моцна накрыла ад працы каля СІЗА, я бегала. Чытаць кнігі цяжка, кагнітыўная сістэма раздёрганая ўсім, што адбывалася. Пры гэтым не чытаю больш, чым мне трэба. Навіны – гэта шлях атрымання інфармацыі, а не фільм жахаў.

Псіхолаг нагадвае, што валанцёрам як і звычайным людзям вельмі важна з кімсьці абмяркоўваць тое, што яны бачылі, перажылі.

– З часам мы вернемся ў жыццё без гвалту. Праходзіць адаптацыю да мірнага жыцця будзе няпроста. Наша краіна 26 гадоў у цэнтры гвалту. І мы нават не на парозе пераменаў, перамены ўжо адбываюцца.

Інтэрв’ю
«Абяцалі па чарзе памачыцца на мяне». Бабруйскі гісторык і журналіст – пра затрыманне і збіццё
2020.08.19 12:43

Чакаць новага вітка гвалту?

Нягледзячы на тое, што валанцёрскі лагер у Жодзіна згорнуты, Крысціна працягвае аказваць бясплатную дапамогу. Стабілізацыя людзей, якія настолькі выбітыя са звыклай каляіны тым, што адбываецца ў краіне, што не могуць вярнуцца да звычайнага жыцця, сёння галоўная задача. «Калі мы «страцім» гэтых людзей, хто будзе жыць у нашай краіне?» – тлумачыць яна.

Псіхолаг адзначае, што аддаленыя наступствы сённяшніх траўмаў будуць уплываць на жыццё ўсяго грамадства яшчэ вельмі доўга.

– Трэба рыхтавацца да ўсплёску хатняга гвалту. Варта чакаць, што яго будзе шмат і ўсё будзе жорстка. Гэта першае. А другое – нам варта падумаць пра тое, што наша грамадства змянілася, што ў краіне па маіх самых ласкавых прыкідках каля двух тысяч чалавек, якія маюць спецыфічны посттраўматычны сіндром. Вялікая група – не ведаю, як у абсалютных лічбах, але калі адкінуць узроставых людзей і дзяцей, гэта будзе вялікая лічба, – прадстаўнікі разнастайных сілавых структур. Тыя, хто збівалі, таксама людзі са сваім посттраўматычным сіндромам. Ёсць даследаванні, якія кажуць пра тое, што посттраўматычны сіндром разаўецца ў рознай цяжкасці ў 10-20 %. Астатнія будуць пачувацца дрэнна, будзе перажыванне шоку, але не будзе працяглых кашмараў, бясконцых флэшбекаў, заліпання.

Hавiны
«Яны білі мяне як мяса». Напалі на машыну, катавалі, зрабілі фігурантам крымінальнай справы
2020.08.19 15:59

– Цяпер абвешчана паляванне на ведзьмаў, яшчэ ўчора ўсе шукалі Крысціну-Карыну – жанчыну, якая паводле зняволеных была асабліва жорсткая. Пачалі цкаваць дзюдаістку. Хоць пацярпелыя адразу заклікалі не рабіць гэтага, пацвердзілі – гэта не тая жанчына. Але зліў агрэсіі, які павінен быць кіраваным, становіцца лавінападобным. У псіхалагічным сэнсе цкаванне – праява неабходнасці кантролю над сітуацыяй. Чым дрэннае паляванне на ведзьмаў? Тым, што гэта запуск новага цыклу гвалту. Хачу звярнуцца да тых, хто думае, што мужчыны і жанчыны, збіваючы іншых людзей, прыходзяць дадому і там у іх добрарастварэнне ў воздусях. Не. Яны прыходзяць дадому і паводзяць сябе гэтак жа сама, як на працы – зрываюцца на слабых. Таму трэба разумець усю недарэчнасць звароту да гуманізму людзей у чорнай форме. «У цябе ж дзеткі!». Ды ўсё роўна яму на гэтых дзетак. Ён іх бʼе гэтак жа. І жонцы таксама будзе нармальна глядзець у вочы. Для яго яна таксама ахвяра. Гэтая дэфармацыя не робіць выключэнняў.

Hавiны
Бясконцая ноч катаванняў у аўтазаку і РАУС. Юнака схапілі амапаўцы, калі той вяртаўся дадому
2020.08.19 11:04

– Цяпер шмат спробаў дэгуманізацыі АМАПу. Не, гэта людзі. Можна сказаць, што ў нейкай ступені гэта найміты – іх наймае дзяржава за зарплату. Але людзям давядзецца жыць з тым, што гэта прадстаўнікі нашага грамадства. Пры гэтым сапраўды вялікая колькасць былых і цяперашніх супрацоўнікаў МУС зараз звяртаецца па дапамогу да псіхолагаў. Многія спрабуюць працаваць над сітуацыяй. Важна адзначыць, што некаторыя пацярпелыя пад сценамі СІЗА казалі пра тое, што амапаўцы, замкнёныя са сваім псіхапатычным кіраўніцтвам, самі падвяргаліся збіццю, калі адмаўляліся збіваць людзей. Мы не можам без следства і суда агулам вінаваціць усіх хоць бы таму, што мы хочам пазбегнуць паўтарэння гэтых трагічных падзей.

Сёння для многіх людзей вельмі важна атрымаць упэўненасць у тым, што злачынствы не застануцца беспакаранымі. Сёння людзі просяць не толькі пераменаў, але і помсты.

– Пратакол тут адзін – тэставанне сваёй гуманнасці. Адна справа ў запале прыдумляць нейкія сцэнары, зусім іншае – пераходзіць да дзеянняў. Цалкам зразумела, што адплаты хочацца тут і цяпер, але цяпер гэта будзе не адплата, а новы віток гвалту. Калі цяпер паддацца на гэта, то варонка агрэсіі будзе толькі расці. Ёсць вельмі простыя рэчы, якія дазволяць пазбавіцца ад дэструктыўных эмоцый. Проста вазьміце пачак паперы, самыя танныя ручкі і з усёй лютасцю выкрэслівайце паперу. Як раз гэта будзе каналізацыя назапашанага гневу. Магчыма, сёння здаецца, што гэта нейкае глупства – свет мяняецца, шакавальныя навіны прыходзяць кожны дзень. Але гэтыя метады дапамогуць не запусціць новы цыкл агрэсіі.

На ІЧУ і ЦІП Акрэсціна выдаюць затрыманым рэчы. Менск, Беларусь. 15 жніўня 2020 года.
Фота: Іра Арахоўская / Vot-tak.tv / Belsat.eu

Адказваючы на пытанне, як жа павінна адбывацца пазбаўленне ад агрэсіі, як навучыцца жыць у новым свеце, Крысціна адказвае, што мы ўжо гэта робім – жывем у новых умовах.

– Заўсёды важна памятаць, з якога ты лагера. Паспрабуйце адказаць на пытанне: я не тапчу кветкі і збіраю смецце пасля акцыі або хачу гвалту? Калі разумееш, што бліжэй другі варыянт, трэба звяртацца па дапамогу. Псіхолагі могуць дапамагчы. Нашая агульная мэта – не даць адбыцца гвалту, як акту роспачы.

Марыя Малевіч Belsat.eu

Стужка навінаў