Каб не забралі дзіця, маці мусіць давесці сваю адэкватнасць за $ 700


Святлана Мішота з сынам Мікітам.
Фота: belsat.eu

Святлана Мішота з Мазыра, пра здзекі з якой belsat.eu пісаў раней, атрымала судовае распараджэнне прайсці разам з былым мужам ды іхным двухгадовым сынам псіхолага-псіхіятрычную экспертызу. Суд усклаў абавязак сплаты выдаткаў на Святлану і Максіма Ляпёшкіна ў роўных долях. Прыблізны кошт экспертызы – 1449 рублёў.

Заплаціць трэба да 1 лістапада. Адкуль узяць такія грошы, Святлана не ведае. Жанчына кажа, што не будзе плаціць, аднак гэта можа негатыўна паўплываць на рашэнне інстанцыі.

«Я ў шоку ад сумы. Спытала Максіма [былы муж. – Belsat.eu], калі пойдзем плаціць за экспертызу. Кажу, што трэба заплаціць у адзін дзень. А ён кажа, што будзе плаціць толькі пасля мяне. Я ведаю, што ён не заплоціць, таму, каб маю частку грошай не змарнаваць, мне б давялося плаціць цалкам. Такіх грошай няма», – распавядае мазыранка.

Загад аб прызначэнні псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы.
Фота: belsat.eu

Згодна з законам аб Дзяржаўным камітэце судовых экспертызаў, даследаванні эканамічных і грамадзянскіх справаў ладзяцца на платнай аснове. Гэтыя сродкі залічваюцца ў даход рэспубліканскага бюджэту.

«Прызначэнне экспертызы было ініцыятываю суда ў інтарэсах абодвух бакоў», – гаворыцца ў дакументах.

Пастанова суду
Пастанова суду
Пастанова суду
Пастанова суду
Пастанова суду

Як дакладна выглядае экспертыза і з чаго складаецца тэст, Святлана не ведае.

«Нам прызначылі прайсці тэсты з сынам. Яму толькі два гады, а там пытанні кшталту да каго дзіця больш прывязанае, хто адмоўна на яго ўплывае», – адзначае суразмоўца.

Між іншым, з папераў вынікае, што псіхолагі маюць вызначыць, ці ёсць у бацькоў псіхічныя хваробы, якія перашкаджаюць ім выконваць бацькоўскія абавязкі, а таксама ўзровень трывожнасці Мікіты.

Былы муж Святланы Максім Ляпёшкін

Святлана асцерагаецца негатыўнага ўплыву на сына і маніпуляцыяў з боку былога мужа.

«Калі Мікітка вяртаецца ад бацькі, кажа, што мама «бяка». Вядома, гэта не ён сам прыдумаў, гэта яму ўкладае ў галаву ейны былы муж. А хлопчыку толькі два гады!», – скардзіцца суседка Святланы, якая сочыць за сітуацыяй.

Усе пытанні – у працоўным парадку

Belsat.eu паспрабаваў даведацца, як выглядае працэс даследавання і з чаго складаецца кошт. На сайце Дзяржаўнага камітэту судовых экспертызаў паведамляецца, што сума працы разлічваецца зыходзячы з кошту адной гадзіны працы эксперта, а таксама ўключаюцца паслугі сувязі, транспарту, камунальныя ды іншыя выдаткі.

«Каментаваць вам мы не маем права і магчымасці. Усе пытанні аб арганізаванні экспертызы, магчымасці аплаты, магчымасці правядзення без папярэдняй аплаты трэба ўзгадняць з судом. Суд мае розныя варыянты, як можна правесці гэтую экспертызу. Усе пытанні суд можа развязаць з намі ў працоўным парадку», – адказалі belsat.eu ва ўпраўленні судова-псіхіятрычных экспертызаў.

Тады мы паспрабавалі звязацца беспасярэдне з суддзёй, якая вядзе справу Святланы Мішоты і Максіма Ляпёшкіна. Аднак сакратарка Таццяны Кучаровай адмовілася размаўляць з «Белсатам» і перадаць нашыя пытанні да яе.

  • Жыхарка Мазыра Святлана Мішота амаль штодня наведвае мясцовы РАУС. Ужо практычна год яна змагаецца з былым мужам, які пагражае забраць у яе дзіця. Паводле Святланы, нягледзячы на доказы фізічных і маральных здзекаў з боку былога сужэнца, міліцыя і ўлады гораду бяздзейнічаюць.

Цалкам гісторыю Святланы Мішоты чытайце тут:

ДР belsat.eu

Стужка навінаў