Пшыдач: Рашэнне Лукашэнкі адклікаць дыпламатаў ударыць па беларусах

Сёння з Менску выязджаюць 32 польскія дыпламаты. Гэта вынік патрабавання беларускага боку – «У сувязі з дэструктыўнай дзейнасцю, якую праводзяць гэтыя краіны (Польшча і Літва)», – сказаў Анатоль Глаз, прэсавы сакратар МЗС Беларусі. Віцэ-міністр МЗС Польшчы пракаментаваў belsat.eu сітуацыю вакол гэтага выезду.

– Чаму Міністэрства замежных справаў Польшчы пагадзілася з патрабаваннем беларускага боку абмежаваць колькасць працаўнікоў польскай місіі ў Менску? Ці не было гэтае патрабаванне пагрозай Міністэрства замежных спраў Беларусі надаць дыпламатам статус «персоны нон грата»? Таму вы вырашылі пайсці на такі крок яшчэ да таго, як гэта адбылося?

– Сёння (пятніца, 9 кастрычніка) Польшча выведзе з Беларусі больш за 30 сваіх дыпламатаў. Мы прынялі гэтае рашэнне паводле патрабавання беларускага боку. Аднак нашае рашэнне вынікае не толькі праз нежаданне прымаць удзел у «авантурнай» палітыцы, якую ў цяпер праводзяць беларускія ўлады. Гэта перш за ўсё клопат пра грамадзянаў Беларусі і абавязак польскай дзяржавы дапамагчы ім.

Віцэ-міністр Марцін Пшыдач у Горадні. Фота: Belsat.eu

Але на самой справе рашэнне Лукашэнкі пра высыланне дыпламатаў краінаў Еўразвязу, якое падтрымала Масква, у першую чаргу ўдарыць па беларускім грамадстве. Менавіта гэтыя дыпламаты, якія вяртаюцца сёння ў сваю краіну, адказвалі за выдачу візаў у Еўрапейскі звяз. Таму гэтыя захады з’яўляюцца яшчэ адным рэзкім інструментам уціску, накіраваным супраць беларусаў, і спробай абмежаваць іх грамадзянскія правы, у гэтым выпадку свабодна перамяшчацца па Еўропе. Такім чынам Аляксандр Лукашэнка хоча закрыць уласнае грамадства ад Еўропы, ад інавацыяў, інвестыцыяў, высокай якасці адукацыі і нават ад магчымасці выехаць у турыстычных мэтах, ці проста за пакупкамі.

Беларусы з’яўляюцца найбольш мабільным грамадствам у Еўропе, а ў апошнія гады консульскія ўстановы Польшчы і Літвы адказваюць за выдачу каля 75 % усіх шэнгенскіх візаў. Здаралася, толькі польскія ўстановы выдавалі каля 400 тысячаў візаў за год! Беларусы атрымалі больш за ўсіх шэнгенскіх візаў на душу насельніцтва.

32 польскія дыпламаты пакідаюць Беларусь, пачаліся праблемы з атрыманнем візаў

Магу запэўніць, што мы зробім усё, каб абмежаваць негатыўныя наступствы гэтай захады, бо права на свабоднае перамяшчэнне з’яўляецца адной з фундаментальных каштоўнасцяў супольнай Еўропы. Мы працягнем падтрымліваць беларусаў у іх свабодным выбары. Польшча таксама знойдзе магчымасці і захады адказаць на гэты непрыязны жэст у адпаведны час і ў адпаведнай форме.

– Ці надоўга амбасадара Польшчы ў Беларусі выклікалі на кансультацыі ў Варшаву? Ці разглядаецца варыянт паніжэння рэйтынгу нашага прадстаўніцтва ў Менску?

– Не толькі Польшча і Літва выклікалі сваіх амбасадараў на кансультацыі, але і многія іншыя еўрапейскія краіны. Гэта было зроблена не паводле пагрозы з боку беларускага Міністэрства замежных справаў. Патрабуючы ад’езду польскага амбасадара, улады ў Менску не чакалі, што ЕЗ прадэманструе адзінства. Пагроза высылкі амбасадараў і скарачэнне колькасці дыпламатычнага персаналу большасць краінаў ЕЗ сустрэлі жэстамі салідарнасці.

У мінулую суботу (3 кастрычніка) шэраг міністраў замежных справаў і вярхоўны прадстаўнік ЕЗ па вонкавай палітыцы публічна выказалі сваё здзіўленне і асудзілі захады беларускіх уладаў. Большасць дзяржаваў-сябраў ЕЗ, якія маюць дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Менску, таксама адклікалі сваіх амбасадараў для кансультацыяў у свае сталіцы.

Сёння ў Менску няма амбасадараў Нямеччыны, Швецыі, Чэхіі і Латвіі. Некалькі амбасадараў як раз накіроўваліся ў Менск, але МЗС спыніў іх выезд. Так адбываецца, напрыклад, у выпадку з амбасадарамі Францыі і ЗША. У выніку, Лукашэнка вядзе Беларусь да самаізаляцыі, але ўзнікае сумнеў, ці крыніца такіх захадаў знаходзіцца ў Менску, ці хутчэй за ўсё ў Маскве.

Беларусь павінна ўлічваць сурʼёзныя наступствы з боку ўсёй Еўропы праз свой непрадуманы жэсту і ў выпадку магчымых наступных спробаў эскалацыі. У шчыльнай каардынацыі ў межах ЕЗ, і ў прыватнасці з Міністэрствам замежных справаў Нямеччыны, якая старшынюе ў ЕЗ, мы таксама прымем рашэнне пра вяртанне амбасадараў у Менск.

Тут беларускія ўлады пацярпелі няўдачу – ім не ўдалося рэалізаваць стратэгію падзелу Еўропы. Гэтая стратэгія (добра вядомая з захадаў Расеі) правалілася, паколькі рашэнне пра санкцыі супраць Беларусі, насуперак расейскай і беларускай дэзынфармацыі, былі не вынікам нейкай асаблівай упартасці Польшчы ці Літвы, а рэакцыяй усёй еўрапейскай супольнасці на парушэнне асноўных правоў чалавека з боку беларускага рэжыму. Мы ведаем, што Еўропа гатовая працягваць захады ў гэтым кірунку.

– Якім чынам Міністэрства замежных справаў мае вырашаць праблему выдавання візаў грамадзянам Беларусі пасля ад’езду такой колькасці дыпламатаў? Ці будуць надалей выдавацца візы?

Мы хутчэй задаемся пытаннем, якія аргументы будуць выкарыстоўваць улады Беларусі, каб растлумачыць уласным грамадзянам, чаму яны не могуць наведваць сваякоў, хадзіць па крамах, працаваць ці вучыцца. Я таксама не ведаю, як улады будуць тлумачыць, што грамадзяне не могуць паехаць у краіну, якая стала падтрымлівае іх у апошнія гады. Як можна патлумачыць жэсты супраць дзяржавы, якая некалькі месяцаў таму аказала беларусам найбольшую ў гісторыі дапамогу ў сувязі з пандэміяй COVID-19. Польшча адправіла 50 грузавікоў з медычным абсталяваннем, маскамі і дэзынфікуючымі сродкамі, агулам больш за 300 тон дапамогі на суму 12 мільёнаў еўраў!

Найбуйнейшая партыя гуманітарнай дапамогі з Польшчы прыбыла ў Беларусь

Антоні Стырчула belsat.eu

Hавiны