Прызы Гільдыі кінаактораў раздалі ў Галівудзе. Оскары яшчэ наперадзе!


Падчас 26-ай цырымоніі ўручэння ўзнагародаў Гільдыі кінаактораў. Фота SocialNews XYZ

Чырвоныя дываны імпрэзы ў Лас Анджэлесе запоўнілі зоркі Галівуду – ад Брэда Піта і да Джэніфэр Эністан і Шарліз Тэран. Кірмаш пыхлівасці перад пачаткам шоу доўжыўся аж дзве з паловаю гадзіны. Вядоўцы размаўлялі з акторамі пра іхнае жыццё, навіны, праблемы ды спадзяванні.

160 тысячаў чальцоў акторскага прафсаюзу бралі ўдзел у галасаванні. На гэтым шоу няма прызоў за музыку ці за сцэнар, няма ўзнагароды прадзюсарам «найлепшай стужкі», затое ёсць галоўны прыз – за «найлепшы акторскі склад».

Прызы «Актор». Фота Chris Pizzello/Invision/AP/

Тут і здарылася галоўная нечаканасць! Прыз за «найлепшы акторскі склад» атрымаў фільм «Паразіты» паўднёвакарэйскага рэжысёра Пон Чжун Хо. Выбар досыць спрэчны, бо фаварытамі лічыліся «Ірландзец» Скарцэзэ ці «Аднойчы ў Галівудзе» Таранціны. Карэйская стужка нагадвае колішнюю амерыканскую камедыю «Ўікэнд у Бэрні» і смяецца з дурнаватых багацеяў.

Шэраг галоўных прызоў супаў з прыярытэтамі «Залатых Глобусаў». Хаакіна Фенікса назвалі «найлепшым акторам» за ролю Джокера ў аднайменнай стужцы. Ягоны Джокер досыць далёкі ад вобраза з коміксаў. Гэта варʼят, які ўзбуджае насельніцтва гораду Готэм на паўстанне. Нашым фаварытам быў Крысчан Бэйл у драме «Форд супраць Фэрары».

Прыз за «найлепшы акторскі склад» атрымаў фільм «Паразіты» паўднёвакарэйскага рэжысёра Пон Чжун Хо. Фота SAG

Рэне Зельвегер назвалі «найлепшай акторкай» за выкананне ролі выдатнай спявачкі Джудзі Гарланд у драме «Джудзі». Зельвегер, нават, сама спявала перад камерай! Яна паказала выбітныя акторскія здольнасці, хоць сам фільм досыць сярэдні. Сцэнар стужкі не адпавядае фактам з біяграфіі спявачкі ды моцна ўпрыгожвае фінал ейнай карʼеры.

Найлепшы акторскі склад – у серыяле «Карона». Гэта гісторыя каралевы Лізаветы II з моманту яе вяселля ў 1947 годзе да цяперашняга часу. Знялі ўжо чатыры сезоны. «Карону» здымаюць з салідным бюджэтам у 150 мільёнаў долараў. Серыял таксама мае некалькі прызоў «Залаты Глобус». Так што тут не адбылося ніякага сюрпрызу.

Брэд Піт і Джэніфэр Эністан. Фота FoxNews

Тарантыну і ягоны выбітны фільм «Аднойчы ў Галівудзе» адзначылі прызам Брэду Піту – за ролю другога плану. Акторкай жа другога плану назвалі ветэранку Лору Дэрн за ролю ў «Шлюбнай гісторыі» побач са Скарлет Ёхансан і Адамам Драйвэрам. Узнагароды гэтых катэгорый таксама супалі з вынікамі цырымоніі «Залатых Глобусаў». Гэта азначае, што Оскары, магчыма, заваююць тыя ж самыя акторы.

Былую жонку Брэда Піта – Джэніфэр Эністан вызначылі «найлепшай акторкай драматычных серыялаў» за ролю ў «Ранішнім шоу». Гэта апусканне ў бездань амбіцыі, эгацэнтрызму і імкнення да ўлады, якія хаваюцца за глянцавымі студыямі амерыканскага тэлебачання.

А вось карліка Пітэра Дынклэйджа назвалі «найлепшым акторам серыялаў» за «Бойку тронаў».

Акторскі склад камедыйнага серыялу «Здзіўляльная міс Майзэл» зрабіўся тут найлепшым.

Тэлевядоўца і былая прафесійная танцорка Кэлці Найт. Фота SAG

Прызы «Гільдыі кінаактораў» нагадваюць пра шэрагі шматлікіх іншых цырымоніяў, праўда, ёсць тут і такое, чаго няма ў іншых месцах: узнагароды статыстам і каскадзёрам.

Каскадзёраў з серыялу «Гульня тронаў», а таксама з фільма «Мсціўцы: канец гульні» назвалі найлепшымі.

Сезон студзеня і лютага ў сусветным шоубізе звычайна называюць «прызавым». За гэты час адбываюцца дзясяткі розных узнагародных цырымоніяў. Прызы «Гільдыі кінаактораў» могуць лічыцца адной з генеральных рэпетыцыяў Оскараў.

Брэд Піт і Джэніфэр Эністан зноў побач

Сяргей Філімонаў belsat.eu

Стужка навінаў