Прызначана дата суду над журналісткай Кацярынай Андрэевай


Суд Цэнтральнага раёну Менску разгледзіць адміністратыўную справу журналісткі Кацярыны Андрэевай 25 жніўня. Пачатак – а 10-й.

Кацярыну Андрэеву вінавацяць у парушэнні заканадаўства аб СМІ (ч.2 арт. 22.9 КаАП) у выглядзе супрацы з тэлеканалам «Белсат» без акрэдытацыі МЗС.

Нагадаем, 12 жніўня Кацярына Андрэева атрымала па пошце адразу два адміністратыўных пратаколы з Цэнтральнага РУУС Менску за стрым з акцыі пратэсту 3 ліпеня і святкаванне Дня дэсантніку 29 ліпеня. У пратаколах адзначалася, што журналістка нібыта падрыхтавала відэасюжэт для праграмы «Навіны» на «Белсаце», хаця такой праграмы на тэлеканале наогул не існуе, а відэасюжэт Кацярына Андрэева не рыхтавала – яна толькі вяла стрым з мітынгу. Раней на гэтыя нестыкоўкі журналістка звярнула ўвагу ў каментары «Белсату».

Міліцыя накіравала пратаколы ў суд яшчэ 10 жніўня. Але ў панядзелак у судзе Цэнтральнага раёну журналістцы паведамілі, што пратаколы па яе адміністратыўнай справе вярнулі на дапрацоўку ў РУУС.

Сёння стала вядома, што суд па справе Кацярыны Андрэевай усё ж адбудзецца: журналістка атрымала позву на 25 жніўня.

Журналістку не ўпершыню пераследуюць за яе прафесійную дзейнасць. 12 сакавіка Кацярына Андрэева была затрымана ў Воршы пасля «маршу недармаедаў», з якога вяла стрым, і правяла ноч за кратамі. На наступны дзень Аршанскі гарадскі суд прысудзіў Кацярыне штраф у памеры 30 базавых за «непадпарадкаванне міліцыі» і «парушэнне закону аб СМІ».

4 траўня суд Савецкага раёну Менску завочна прысудзіў журналістцы штраф у памеры 45 базавых велічынь (1035 рублёў) за працу на «маршы недармаедаў» у Берасці 5 сакавіка. Такім чынам, гэта ўжо 3-ці і 4-ты адміністратыўны пратакол, складзены ў дачыненнi да журналісткі ў 2017 годзе.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў