«Прыярытэтнай версіі няма». СК дагэтуль не ведае, што адбылося з Аляксандрам Коржычам


Кіраўнік следчай групы па справе аб трагедыі ў Печах даў інтэрв’ю TUT.by, дзе распавёў, што Следчы камітэт дагэтуль разглядае адразу тры версіі здарэння: забойства, давядзенне да самагубства і самагубства.

«Асноўнай або прыярытэтнай версіі няма, усе тры адпрацоўваюцца паўнавартасна, роўна. Тое, што на самой справе здарылася 26 верасня 2017 года ў Печах, будзе выкладзена ў новай, можна сказаць канчатковай пастанове аб прыцягненні ў якасці абвінавачанага», – распавядае Міхаіл Уладзіміравіч.

Пры гэтым кіраўнік следчай групы адназначна сцвярджае, што на целе Коржыча былі выяўлены менавіта трупныя плямы, а не сляды збіцця.

Па словах следчага, то што ў Коржыча былі звязаны ногі і нацягнута на галаву майка яшчэ не сведчыць пра тое, што яго забілі.

«Справа ў тым, што ў практыцы сустракаюцца такія выпадкі, калі чалавек звязвае сябе перад суіцыдам. Акрамя таго, існуюць прыклады калі перад суіцыдам чалавек апранаў сабе на галаву пакет, закручваў яе кашуляй, курткай і да т.п. Некаторыя псіхолагі заяўляюць, што гэта падобна на тое, каб «заплюшчыць вочы» перад «тварам смерці». Але ёсць яшчэ і фізіялагічны фактар. Па этычных меркаваннях я не буду больш падрабязна выкладаць, але хто бачыў на месцах здарэнняў загінулых ад механічнай асфіксіі, думаю, разумеюць, пра што я кажу. Адзначу, з улікам многіх артыкулаў у інтэрнэце па гэтай справе і каментароў да іх, дзе сцвярджаецца аб немагчымасці павешання пры ўмове звязаных ног і надзетай на галаву майкі, мы правялі шэраг следчых эксперыментаў. Яны паказалі: чалавек з такой жа камплекцыяй і ростам, як Коржыч, мог звязаць сабе ногі шнурком, надзець майку на галаву і здзейсніць самапавешанне ва ўмовах таго падвала. Адзначу, наша задача складаецца ў тым, каб высветліць у ходзе расследавання ўсе абставіны здарэння. Таму, адкінуўшы канспіралагічныя версіі, мы аперуем фактамі», – сказаў ён.

Следчы адзначыў, што па справе аб смерці Коржыча распачата 13 крымінальных справаў. Цяпер па справе праходзіць 9 абвінавачаных (афіцэр, прапаршчык і малодшыя камандзіры) і 3 падазраваных.

«Мы мяркуем, расследаванне па факце смерці Коржыча будзе завершана ў канцы сакавіка», – кажа Міхаіл Уладзіміравіч.

Нагадаем, 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча 3 кастрычніка знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Труп Коржыча знайшлі толькі на 7-ы дзень пасля смерці – са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.

Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных спраў у дачыненні да вайскоўцаў па арт. 443 (дзедаўшчына), 455 (бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы), 209 (махлярства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Пры гэтым у СК сцвярджаюць, што на целе 21-гадовага Коржыча не выяўлена цялесных пашкоджанняў акрамя баразны ад пятлі.

ІІ, belsat.eu, паводле TUT.by

Стужка навінаў