«Прывозяць 4–5 памерлых ад каронавіруса штодня». Як працуе адзіны ў Беларусі крэматорый?


Крэматорый на Паўночных могілках у Менску.
Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Адзіны на ўсю Беларусь крэматорый размяшчаецца ў Менску, на Паўночных могілках. З пачатку эпідэміі каронавіруса туды звозяць целы памерлых ад інфекцыі з усёй Беларусі. Карэспандэнты «Белсату» наведалі могілкі, каб даведацца, што адбываецца.

Спальваць нябожчыкаў з каронавірусам рэкамендавала Міністэрства аховы здароўя.

«Менш ведаеш – мацней спіш»

Ужо на падыходзе да крэматорыя бачна, як з яго выходзяць людзі ў медычных масках. За гадзіну такіх груп было некалькі.

Некаторыя з іх заходзяць у праваслаўную царкву побач, пытаюцца, як лепш маліцца за памерлых. Працаўніца царкоўнай крамкі прызнае, што сярод такіх гасцей ёсць і сваякі памерлых ад каронавіруса, але пры гэтым заклікае іх бліжэйшыя 40 дзён як мага часцей быць у святыні. Паводле яе, тут няма каронавіруса. Не было, маўляў, і радыяцыі падчас аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Hавiны
Кіраўнік БПЦ заклікаў вернікаў не наведваць цэрквы падчас Вялікадня
2020.04.14 14:11

Збоку стаяць прадаўцы кветак. Але яны пра каронавірус калі што і ведаюць, дык толькі з медыяў. Самі не надта цікавяцца – «менш ведаеш – мацней спіш», кажа жанчына. Але афіцыйным звесткам прадаўцы давяраюць не надта.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Заходзім на тэрыторыю крэматорыя ды ідзем да кацельнай. Спрабуем распытаць працаўнікоў пра сітуацыю з каронавірусам, але яны або ігнаруюць пытанні, або адсылаюць да начальства.

«Як працавалі ў адну змену, так і працуем. А на гэтыя ўсе пытанні ёсць Тур Сяргей Уладзіміравіч на Альшэўскага 12, намеснік па ідэалогіі», – кажа начальства ды ідзе далей.

На гэтым наша размова з ім скончаная.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«А мы тут да чаго?» – адказвае на просьбу распавесці пра працу жанчына ў масцы ды са стосам дакументаў у руках і заходзіць у службовае памяшканне. Але неўзабаве яе галава высоўваецца з дзвярэй і сочыць за нашай спробай паразмаўляць з іншым працаўніком.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

З усіх працаўнікоў крэматорыю адказаць на нашыя пытанні пагадзіўся толькі адзін. На ўмовах ананімнасці.

Паводле яго, зараз у крэматорый прывозяць па 4-5 памерлых з каронавірусам штодня з усёй Беларусі. Агулам зараз кожны дзень праз эпідэмію спальваюць прыкладна па 30 чалавек, тады як раней самае вялікае было 20, кажа суразмоўца.

«Раней, калі толькі-толькі пайшло, неяк хавалі. Пісалі, што пнеўманія. А потым, калі большасць народу пачала абурацца, тады ўжо адкрыта пачалі казаць, што з каронавірусам», – адзначыў ён.

Hавiны
«Людзі баяцца, што мы кантактныя». Як працуюць менскі доктар і фельчар раённай хуткай ва ўмовах пандэміі
2020.04.14 15:12

Памерлых ад каронавіруса хаваюць у мяхах і закрытых трунах. Працаўнікі кацельнай працуюць у абарончых касцюмах. Развітання няма – «іх адразу завозяць і паляць», дадае суразмоўца. Але ж прызнае, што, нягледзячы на меры бяспекі, усё адно непакоіцца за сябе і за сваіх сваякоў.

«Мала што. Ніхто ж не застрахаваны», – кажа ён.

«Адразу крэмуем»

Пра тое, як арганізаваная праца крэматорыю падчас эпідэміі, у тэлефонным каментары belsat.eu распавёў намеснік дырэктара па ідэалагічнай працы УП «Спецыялізаванага камбінату камунальна-бытавога абслугоўвання» Сяргей Тур. Паводле яго, на прадпрыемстве ідуць планавыя пахаванні і крэмацыя.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Распавёў ён і пра захады бяспекі, які робяцца на прадпрыемстве.

«У нас і так раней людзі хадзілі ў адмысловай вопратцы, бо яны працавалі з памерлымі каля крэмацыйных печаў. А зараз тым больш. У нас маскі, халаты, пальчаткі, бахілы на нагах», – кажа Сяргей Тур.

Суразмоўца таксама адзначыў, што калі ў медычнай установе ставяць дыягназ, што чалавек хварэў на пнеўманію ці каронавірус, то развітанне са сваякамі не рэкамендаванае.

«Такога чалавека адразу прывозяць да нас, і мы яго адразу крэмуем», – заявіў ён.

Пра колькасць памерлых, паводле яго, варта пытацца ў Міністэрства аховы здароўя. Паводле ж апошніх звестак, ад каронавіруса ў Беларусі памерлі 33 чалавекі.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

МГ belsat.eu

Стужка навінаў