Прывід Дзятлава. Спадчына Радзівілаў, якую мы разменьваем на «Дажынкі»


Палац Радзівілаў у Дзятлаве. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Пакуль чыноўнікі з Дзятлава носяцца вакол «Дажынак» ды санаторыю «Радон», у горадзе пакрысе разбураецца ўнікальны помнік XVIII ст. – палац Радзівілаў і Солтанаў.

Беларусы звыкліся, што спадчына Радзівілаў у нас – гэта Нясвіж і… усё. Насамрэч, найбагацейшы род ВКЛ меў вельмі шмат нерухомасці, у тым ліку палацаў, па ўсёй краіне. І калі, напрыклад, пампезны палац Радзівілаў на Рынкавай плошчы ў Горадні не збярогся (разбураны падчас вайны), то палац у Дзятлаве стаіць і нават захаваў каштоўныя архітэктурныя дэталі.

Сцёкі сапсаваныя, таму вада знішчае тынкоўку і ляпніну. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Лічыцца, што палац у стылі ракако збудаваў у 1751 г. Мікалай Радзівіл, аднак ёсць меркаванне, што гэта была адно перабудова яшчэ больш старажытнага барочнага палацу. Напрыканцы XVIII ст. і палац, і пейзажны парк навокал апынуліся ў руках Солтанаў, пакуль расейскія ўлады не канфіскавалі іхную маёмасць за ўдзел у Паўстанні 1831 г. Далей будынак прыстасоўвалі пад казармы, школу, лякарню…

Наведнікаў сустракае замок ды шыльда. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Гермесы ды вусатыя рыцары на сценах

Сёння палац нагадвае хутчэй прывід Дзятлава, чымся турыстычную атракцыю мястэчка. На дзвярах вісіць іржавы замок, ад парку з масткамі і скульптурамі нічога не засталося. Зніклі і трох’ярусныя вежы, збудаваныя па баках палацу, а вальмавы дах стаў фактычна плоскім. Разам з тым палац захаваў унікальную ляпніну, якую можна параўнаць толькі з аздобаю Нясвіжу.

Краявіды Дзятлава. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Калі браць несакральныя будынкі, то падобная ляпніна XVIII ст. захавалася ў Беларусі толькі ў Нясвіжы ды ў Дзятлаве, – тлумачыць старшыня Таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч, – і гэта дае падставы лічыць палац унікальным. Што захавалася ўсярэдзіне, мы, на жаль, не ведаем… Калі на працягу доўгіх гадоў там была ўстанова медычнага профілю, магчыма, усё даўно перабудавалі».

Гербавы картуш над уваходам. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Ляпніна палацу сапраўды ўражвае – гэта і геральдыка (гербы ўласнікаў ды Рэчы Паспалітай), і партрэтныя выявы (ад Гермеса да вусатых сармацкіх рыцараў), і шаломы з гарматамі ды ядрамі… Пры гэтым вільгаць паступова разбурае выявы, у тым ліку праз сарваныя вадасцёкі – там-сям тынкоўка адвальваецца вялізнымі кускамі.

Выгляд з тыльнага боку. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

«Класічная сітуацыя для помніку без уласніка…»

Паводле Антона Астаповіча, гэта вынік класічнай сітуацыі, калі помнік гісторыі і культуры не мае ўласніка. Палац неаднойчы выстаўлялі на аўкцыён, але безвынікова. Цяпер яго няма ў спісе нерухомасці на продаж на сайце Дзятлаўскага райвыканкаму, але ніякіх слядоў уласніка таксама знайсці не ўдалося.

Раней фігуравала інфармацыя, маўляў, палац збіраюцца рэстаўраваць ды аддаць пад музей, які цяпер месціцца ў «каробцы» 1960-х гг. і наўрад ці можа візуальна прывабіць турыстаў. Былі ідэі аднавіць інтэр’еры радзівілаўскіх часоў, адкрыць тут кавярню, а ў скляпеннях – рэстаўрацыйныя майстэрні для музейнікаў. Усё, аднак, спынілася на пошуку грошай.

Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Зразумела, што мясцовыя ўлады аддаюць максімальную ўвагу санаторыю «Радон», які месціцца ўсяго за 10 км ад Дзятлава і па праву лічыцца найлепшаю здраўніцаю Гарадзенскай вобласці. Куды ж там нейкаму палацу? Але палац Радзівілаў – гэта фактычна адзіны статусны архітэктурны аб’ект Дзятлаўскага раёну, калі не лічыць Жыбуртоўшчыны – маёнтку Дамейкаў, які цяпер у яшчэ горшым стане, ды дзятлаўскага касцёлу XVII ст., які фінансуецца не дзяржаваю, а каталікамі.

Палац, упісаны ў комплекс шпіталю. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Палац ці будынак райвыканкаму?

Без перабольшвання палац мог бы стаць і брэндам раёну, і атракцыяй для наведнікаў таго ж «Радону», і новым памяшканнем для музею, дзе, дарэчы, захоўваюцца некаторыя прадметы з палацавай мэблі. Для вобласці Дзятлава паводле значнасці магло б стаць у адзін шэраг з Залессем (сядзіба Агінскіх) ды палацам у Свяцку. Першы аб’ект ужо зроблены і прымае турыстаў, другі – у працэсе.

Сажалкі каля палацу. Фота – Васіль Малчанаў/Белсат

Грошы на аднаўленне палацу можна было б знайсці дзякуючы транспамежным праектам або пусціць частку сродкаў з леташніх «Дажынак» хаця б на кансервацыю фасадаў. Але, мабыць, нашмат прасцей укласціся ў дабудоўванне райвыканкаму – як і атрымалася напярэдадні «Дажынак-2018».

Алесь Кіркевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары