Прыватызацыя «Беларусбанку» і патавая сітуацыя з візамі гэта выклікі на 2018 г. Інтэрв’ю з Богданам Здраеўскім

ВІДЭА

Да мільярда еўраў можа павялічыць Еўразвяз фінансавую дапамогу Беларусі, а візавы рэжым можна будзе спрасціць у 2018 годзе. Што для гэтага трэба зрабіць? Эксклюзіўнае інтэрв’ю Ігара Кулея з Богданам Здраеўскім, кіраўніком дэлегацыі Еўрапейскага парламенту ў дачыненнях з Беларуссю. Раней еўрадэпутат быў міністрам культуры Польшчы ды кіраўніком фракцыі партыі «Грамадзянская платформа» ў сейме.

Усе кажуць, што Лукашэнка пастанавіў не ехаць сюды ў Брусель на саміт «Усходняга партнёрства». Ці для вас гэта было расчараваннем пасля двух гадоў, якія мінулі з апошняга саміту і шмат рабілася, каб паправіць дачыненні з Менскам? Не зважаючы на асабістае запрашэнне і тое, што цяпер няма персанальных санкцыяў, кіраўнік Беларусі ўсё ж пастанавіў не з’яўляцца тут у Бруселі.

Усё ж рух наперад у дачыненнях ёсць, бо было высланае гэтае запрашэнне. Была магчымасць, з якой прэзідэнт не скарыстаўся, а меў такое права. Але з іншага боку еўрапейскія дыпламаты ўздыхнулі з палёгкаю, бо ўсё ж прыезд Лукашэнкі быў быў выклікам. Але шмат хто спадзяваўся, што ягоны прыезд даў бы магчымасць больш адкрыць Еўропу на Беларусь. Гэтага не адбылося, але не магу гэта назваць расчараваннем.

Некаторыя эксперты зазначаюць, што Лукашэнка не прыехаў у Брусель, бо не дазволіла Масква. Пралічыў плюсы і мінусы ды пастанавіў, што гэты крок вельмі б раздражніў Крэмль. Ці вы мяркуеце, што гэта была галоўная прычына?

Не, не думаю так. Гэта магло быць адною з прычынаў, але не самай істотнаю. Гэта перадусім быў цвёрды разлік, якога поспеху тут у Бруселі можна дасягнуць і якія могуць быць цяжкасці. Трэба памятаць, што гэты год – гэта некалькі важных падзеяў: дэбаты ў АБСЕ ААН, таксама некалькі візітаў, што датычылі рэфармавання эканамічнае мадэлі Беларусі. Памятайма, што не так даўно скончыліся вучэнні «Захад». Ці ў гэтым шырокім кантэксце Масква магла забараніць перабыванне прэзідэнта? Можа, была заўвага, але вельмі сумняюся.

У 2014 – 2017 гадах Менск у межах «Усходняга партнёрства» атрымаў 91 мільён долараў. Галоўным чынам гэтыя грошы пайшлі ў дзяржаўныя ўстановы, а не структуры грамадзянскае супольнасці. Гэта даволі сціплая сума ў параўнанні з тым, што атрымалі іншыя сябры «Усходняга партнёрства», бо разам было 2,5 мільярды. Таму 91 мільён – зусім няшмат. Пра якія сумы можам казаць цяпер?

Напэўна, кажам пра большыя сумы. 2014 – 2017 гады былі часам інтэнсіўных размоваў, але малаінтэнсіўнай рэалізацыі праектаў. Сёння Брусель кажа так. Калі краіна будзе дэцэнтралізаваная і больш улады апынецца ў руках самакіравання – на гэта будзе прызначана болей сродкаў.

На гэты момант ідзецца пра 10 мільёнаў і нават да 1 мільярда ў далейшай перспектыве, але ўсё залежыць ад беларускага боку, які пры гатовасці спаўняць чаканні можа атрымоўваць значна большыя сумы.

Ведаю, ва Украіне калісьці была праблема, што з гэтых сродкаў не ўмелі скарыстацца – пісаць заяўкі, разлічваць. Ці ў Беларусі вы бачыце развіццё ў гэтым плане? Ці ёсць ахвота вучыцца?

У Бруселі засталося мысленне, якое вынікала з досведу яшчэ да 2014 года, калі сродкі ўліваліся ў агульны кошык ды падзяляліся не толькі па-за кантролем, але і на іншае прызначэнне. Таму цяпер еўрапейскія інстытуты і банкі шукаюць такі спосаб дапамогі Беларусі, які б дасягаў сваіх мэтаў. З чым праблема? З галоўным пасярэднікам уласна ў Беларусі – банкам.

У нас шмат заўваг да супрацы з беларускімі банкамі агулам – гэта і незразумелая метадалогія працы, і перавод сродкаў субʼектам, якія не выклікаюць даверу. Таму сёння ў Бруселі самы папулярны погляд на гэтае пытанне – ціск на тое, каб адзін з найлепшых беларускіх банкаў прыватызаваць ці прынамсі каб ён зрабіўся больш незалежным інстытутам, які працуе згодна з еўрапейскімі стандартамі ды зможа выдаваць крэдыты і фінансавую дапамогу.

Паводле маёй ацэнкі, гэта вельмі імаверна, і гэта выклік 2018 года. Калі гэта ўдасца зрабіць, увесь працэс атрымання дапамогі будзе больш спраўны.

Вы кажаце пра «Беларусбанк»?

Так.

Два гады таму на саміце ў Рызе пытанне візаў было адным з самых важных. І казалі, што да наступнага саміту трэба ўвесці візавую палёгку, але не ўдалося. Хто затрымлівае гэты працэс?

Удалося ўвесці кароткатэрміновы бязвіз – і гэта відавочны прагрэс. Але хто затрымаў працэс? На пэўным этапе Еўракамісія паставіла ўмовы, якія датычаць біяметрычных пашпартоў. І высветлілася, што беларускі бок не можа выканаць такой умовы хутка, а яшчэ заўважылі, што Еўропа больш строгая да Беларусі, чымся да ўласных краінаў. Гэтак паўстаў пат. Мне падаецца, што гэтая праблему можна развязаць у наступным годзе.

Якая будзе будучыня «Усходняга партнёрства»? Ці не распадзецца гэты праект?

Цяпер у Еўрапарламенце праект «Усходняе партнёрства» не тое каб зрабіўся менш прыцягальны, але менш актуальны. Калі ён паўставаў, то не было прывіду брэкзіту, захопу Крыму і яшчэ колькіх важных праблемаў. Заўсёды так ёсць, што калі зʼяўляюцца вялікія выклікі, то пэўныя справы адступаюць на другі план.

На маю думку, цяпер вельмі важныя нефармальныя кантакты, каб збудаваць шляхі, на якіх вельмі шмат барыкадаў і непатрэбных перашкодаў. Але і ўсе краіны мусяць шукаць супольную мову. Калі мы кажам пра Грузію – зусім іншыя праблемы і чаканні. Малдова – яшчэ іншая сітуацыя. Арменія, якая не хоча сесці за адзін стол з Азербайджанам, а калі сядзе, то іхныя праблемы пачынаюць дамінаваць над найважнейшымі справамі. А таму трэба шукаць супольную мову, гэтак будзе прасцей выйсці з гэтага тупіку.

Ці ўлады ў Менску шчырыя ў сваім жаданні пераменаў з боку Еўропы?

Калі мы размаўляем з Міністэрствам замежных справаў ці іншымі інстытутамі, якія стала супрацоўнічаюць з Еўропаю, то бачны прагрэс і жаданне далей працаваць, хоць захоўваецца недавер да еўрапейскіх структураў. Калі ж размаўляем з Цэнтральнаю выбарчаю камісіяй ці з Міністэрствам юстыцыі, то ўражанні зусім іншыя: упартасць, блакаванне і нежаданне мяняць што-небудзь, каб захаваць статус-кво.

Трэба памятаць, што Майдан пакінуў глыбокі след у галовах беларусаў, засеяў непакой, што такое можа здарыцца і ў Беларусі. Не хачу казаць за беларусаў, не выпадае. Але хачу падкрэсліць: Брусель заўсёды кажа беларускім грамадзянам, што ёсць альтэрнатыва і што ён заўсёды будзе цікавіцца Беларуссю.

Якія чаканні ад сустрэчы з Уладзімірам Макеем?

Не трэба чакаць ад саміту, што ён збудуе пералом у дачыненні Еўропы і краінаў «Усходняга партнёрства». Але такія сустрэчы ініцыююць пэўныя працэсы, якія потым могуць зрабіцца асноўнымі. Саміт – гэта як бы пускаць сняжкі з Эверэсту: спачатку яны выглядаюць бяспечнымі, але могуць выклікаць лавіну. І мы ўсе на гэта разлічваем.

Інтэрв’ю запісалі 23 лістапада. Яго паказалі 24 лістапада 2017 года ў праграме «ПраСвет».

Іншыя тэмы праграмы:

  • Анатоль Лябедзька: «Размаўляць трэба не толькі пра тое што выгодна Лукашэнку»
  • Цярністы шлях на Захад. Ці Беларусь – «траянскі конь» Расеі ва Усходнім Партнёрстве?
  • Тупік Браніслава Тарашкевіча. Як палякі паспрачаліся з беларусамі з-за назвы вуліцы
  • Палкоўнік Спаткай аналізуе афёру Паўла Шаройкі
  • Як выглядае «Гульня тронаў» па-луганску
Глядзі таксама
Каментары