Прыватны самалёт, Зінгман і ААЭ. Што застаецца за кадрам стасункаў Беларусі і Зімбабвэ?


Belsat.eu высветліў, якія асобы і камерцыйныя структуры стаяць за таямнічымі стасункамі Беларусі і Зімбабвэ.

Два гады таму, у сакавіку 2018 года, кіраўнік Упраўлення справамі прэзідэнта Віктар Шэйман на даручэнне Аляксандра Лукашэнкі наведаў Зімбабвэ і агучыў амбітныя планы: да 2019 года дасягнуць гандлёвага абароту з гэтаю незаможнаю афрыканскай краінай у $ 500 млн, а ў 2020-м – у $ 1 млрд. Гаворка ішла пра пастаўкі беларускай тэхнікі ў Зімбабвэ, распрацоўку там радовішчаў карысных выкапняў, а таксама пра супрацу краінаў у абароннай галіне. «Ніхто не збіраецца супрацоўнічаць за бясплатна. Калі ў іх няма грошай, яны гатовыя разлічвацца карыснымі выкапнямі. Гэта нас задавальняе», – казаў Шэйман.

Лукашэнка і Мнангагўа ў Менску, студзень 2019 года. Фота – president.gov.by

З таго часу Шэйман прынамсі двойчы лятаў у Харарэ, а прэзідэнт Зімбабвэ Эмэрсан Мнангагўа наведаў Менск, дзе сустрэўся з Аляксандрам Лукашэнкам. Але відавочнае нарошванне кантактаў на найвышэйшым узроўні не прывяло да прарыву ў эканамічных стасунках. Статыстыка за 2019 год яшчэ не апублікаваная, але ў 2018 годзе замест росту адбыўся абвал гандлёвага абароту: з $ 21,4 млн да $ 5,4 млн (хаця імпарт з Зімбабвэ ў Беларусь нечакана вырас амаль у паўтара разы).

Скрыншот са старонкі rsa.mfa.gov.by

Пры гэтым у сакавіку 2018 года Шэйман даваў справаздачу Лукашэнку пра падпісанне кантрактаў на суму $ 58 млн. Што здарылася з гэтымі кантрактамі і як прасоўваецца праца ў сумесных праектах – публічных згадак няма.

Belsat.eu распавядае пра асобаў, якія граюць важную ролю ў таямнічых стасунках Беларусі і Зімбабвэ, і пра малавядомыя дэталі двухбаковых кантактаў.

Прыватны самалёт для чыноўніка

Летась у студзені ў Менск з афіцыйным візітам прыбыў прэзідэнт Зімбабвэ Эмэрсан Мнангагўа. Прыляцеў ён на адным з найдаражэйшых самалётаў у свеце – Boeing 787-8 Dreamliner. Гадзіна арэнды такога джэта – каштуе каля $ 70 тыс, а набыць яго можна за больш як $ 300 млн.

Мнангагва прыляцеў у Беларусь другі раз. Першы візіт здзяйсняў чатырма гадамі раней, калі займаў пасаду першага віцэ-прэзідэнта Зімбабвэ. Паводле Мнангагўэ, паміж гэтымі сустрэчамі «мы стала падтрымлівалі цесныя дачыненні». Беларускія дэлегацыі наведваюць Зімбабвэ больш рэгулярна.

Мнангагўа і Шэйман. Фота – herald.co.zw

12 верасня 2018 года зімбабвійскія медыі паведамлялі пра прыбыцце Віктара Шэймана ў Харарэ. Для афіцыйнага візіту кіраўнік справамі прэзідэнта скарыстаўся прыватным самалётам Embraer Legacy з рэгістрацыйным нумарам M-ABEC. Гэты бізнес-джэт прэміум-класу змяшчае ў салоне 13 пасажыраў і каштуе не менш за $ 24 млн. Каму ж ён належыць?

Шэйман і Зінгман у Харарэ, верасень 2018 года. Фота – @ZBCNewsonline

M-ABEC зарэгістраваны на выспе Мэн. Гэтая невялікая каронная тэрыторыя Брытаніі сёння – адзін з найвялікшых рэестраў прыватных і карпаратыўных самалётаў. Сакрэт поспеху выспы ў спрошчаным падаткавым заканадаўстве, якое дазваляе ўвозіць самалёты ў Еўразвяз без падатку на даданую вартаць.

З дакументаў афіцыйнага рэестру выспы Мэн вынікае, што ўнікальны нумар M-ABEC быў зарэгістраваны 14 лютага 2012 года. Уладальнікам жа пазначаная кампанія Rozelda Investments, зарэгістраваная, у сваю чаргу, на Брытанскіх Віргінскіх выспах. Паколькі гэта афшорная юрысдыкцыя, камерцыйную інфармацыю яны трымабць у строгай таямніцы.

Ня гледзячы на гэта, мы дакладна ведаем ранейшага ўладальніка «Эмбраера». Да 2012 года ён належаў «Ітэра» – міжнароднай групе кампаніяў, якая сёння фігуруе пад назваю «Арэці». Раней гэтая кампанія была буйным пастаўляльнікам прыроднага газу ў Беларусь. А ейны прэзідэнт – расейскі мільярдэр Ігар Макараў – ужо шмат гадоў з’яўляецца ганаровым консулам Беларусі ў Маскве. Летась медыі пісалі пра дарагія падарункі, якія атрымалі ад Макарава Аляксандр Лукашэнка і ягоны малодшы сын Мікалай. Гэта ровары коштам прыкладна € 7,5 тыс.

Імёны наступных ўладальнікаў самалёту засакрэчаныя ў афшорных зонах. Выглядае на тое, што кампанія-ўладальнік «Эмбраера» (Rozelda Investments) не фігуруе больш ні ў якіх карпаратыўных датабазах. Гэта наводзіць на думку, што створаная яна была выключна з мэтаю зарэгістраваць згаданы джэт.

Адметна, што на некалькіх авіяаматарскіх сайтах мы знайшлі звесткі, што гэты самалёт можа належаць Яўгену Прыгожыну. Гэта, аднак, падобна на супадзенне: іншы, але той жа мадэлі «ітэраўскі» джэт можа належаць «кухару Пуціна».

Фактам застаецца, што M-ABEC – часты госць і ў Афрыцы, і ў Маскве. Паводле звестак авіяцыйнага сэрвісу flightaware, толькі з верасня па снежань 2019-га джэт пабываў у Нігерыі, Малаві, Кеніі, Мазамбіку, Замбіі, Тога, Чадзе і Буркіна Фасо. Быў ён таксама і ў Канах, Жэневе, Берліне, Саўдаўскай Аравіі і ААЭ.

У снежні 2019-га паляцеў у ЗША, пасля чаго знік з радараў. Мы спрабавалі даведацца ва Упраўленні справамі прэзідэнта, чаму прыватным самалётам карыстаецца Віктар Шэйман падчас афіцыйных візітаў у Зімбабвэ, дзе ён падпісвае шматмільённыя кантракты. Але ад наўпроставага адказу ва Упраўленні справамі прэзідэнта ўхіліліся.

«Паведамляем, што візіт Кіраўніка справамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Шэймана В.У. у верасні 2018 года ў Зімбабвэ быў арганізаваны за кошт прымаючага боку», – адзначаецца ў адказе.

Адметна, што і праз год, у верасні 2019-га, Шэйман і Зінгман прыбылі ў Харарэ, імаверна, на тым жа самалёце.

Зінгман і Шэйман у Харарэ, верасень 2019 года.
Фота: @ZBCNewsonline, Twitter

Таму пытанне застаецца: належыць самалёт зімбабвійскаму боку ці асабіста Шэйману? Ці, можа, яшчэ аднаму частаму пасажыру таго самага джэту, якога завуць Аляксандр Зінгман?

Бізнесовец без бізнесу

Аляксандр Зінгман – гэта ключавая асоба ў дачыненнях Беларусі і Зімбамбвэ. Маніторынг адкрытых крыніцаў паказвае: менавіта гэты чалавек рэгулярна з’яўляецца на фотаздымках з беларускімі дэлегацыямі ў Харарэ і з афрыканскімі партнёрамі – у Беларусі. У зімбабвійскіх медыях яго называюць то «выбітным беларускім бізнесоўцам», то «дарадцам» Віктара Шэймана. Але ў інфапрасторы Беларусі пра бізнесоўца Зінгмана не было згадак, пакуль у студзені 2019 года той не зрабіўся ганаровым консулам Зімбабве ў Беларусі. На сённяшні дзень гэта адзіная афіцыйная пасада Зінгмана.

Консульства Зімбабвэ ў менскім «Прэзідэнт-гатэлі».
Фота: Belsat.eu

Зазвычай фатэль ганаровага консула займаюць асобы, якія зрабілі значны ўнёсак у гандлёва-эканамічныя стасункі дзвюх дзяржаў. Як пісала афрыканскае выданне The Herald, на адкрыцці консульства ў Менску прэзідэнт Зімбабве Эмэрсан Мнангагўа звярнуўся да Зінгмана папросту «Алекс», насуперак дыпламатычнаму пратаколу. Безумоўна, гэты факт сведчыць пра іхнае шчыльнае знаёмства. Калі і пры якіх абставінах яно паўстала – сказаць складана, можна адно прасачыць публічныя кантакты Зінгмана, Шэймана і зімбабвійскіх уладаў.

Упершыню Аляксандр Зінгман з’явіўся на фота побач з Шэйманам і віцэ-прэзідэнтам Зімбабввэ Канстанцінам Чывенга ў сакавіку 2018 года ў Харарэ. Тады бакі нібыта падпісалі кантракты на суму амаль $ 60 млн на пастаўкі ў Зімбабвэ сельскагаспадарчай тэхнікі беларускай вытворчасці. Дарэчы, мясцовыя медыі ў якасці «дарадцаў» Шэймана называла не толькі Зінгмана, але і сына высокага чыноўніка – Сяргея Шэймана. Раней «Белсат» пісаў пра імаверныя сувязі Шэймана-малодшага з расейскім «шэрым» бізнесам.

Hавiны
Што агульнага ў Шэймана, генерала ФСБ і Тальяці? Расследаванне «Белсату»
2018.05.21 08:00

Наступным разам Аляксандра Зінгмана «злавілі» побачз Мнангагўай на адкрыцці консульства ў менскім «Прэзідэнт-гатэлі», які, вельмі дарэчы, належыць Упраўленню справамі прэзідэнта, якое ачольвае Віктар Шэйман. У верасні 2019 усе трое – зноў у Харарэ, падпісваюць чарговыя «мульцімільённыя» дамовы. Пра ролю Зінгмана ў гэтых, як яны кажуць, прадуктыўных перамовах – а ні згадкі.

Аляксандр Зінгман – яшчэ менш публічны, чымся некаторыя набліжаныя да Лукашэнкі беларускія алігархі. У публічным доступе звесткі пра якія-кольвеча бізнэс-актывы Зінгмана адсутнічаюць.

Рэстарацыя Falcone у Менску.
Фота: Belsat.eu

Пасля прызначэння Зінгмана консулам журналісты паведамілі, што ягоная сям’я ўпраўляе фешэнэбельнай сталічнай рэстарацыяй «Фальконэ». Сапраўды, ягоная жонка Лізавета Дзенісевіч працуе дырэктаркай «Фальконэ», час ад часу там адпачывае і сам бізнесовец, і нават ягоны сын Дзяніс. На старонцы рэстарацыі ёсць відэа з вечарыны, дзе апроч Зінгмана прысутнічаюць алігархі Яўген Баскін (група кампаній «Сервалюкс») і Уладзімір Япрынцаў (экс-партнёр Юрыя Чыжа па «Трайпл»). Зінгман і Япрынцаў там гутараць і абдымаюцца, як блізкія сябры.

Зінгман і Япрынцаў. Скрыншот з відэа falcone.by

Пры гэтым фармальна Зінгман не мае ніякага дачынення да «Фальконэ». З выпісак, атрыманых намі праз сэрвісы kartoteka.by i legat.by вынікае, што ўласнік рэстарацыі – кампанія «ВестБалт». Ёй, у сваю чаргу, валодае польская аграрная кампанія «Кантрактус», якая актыўна гандлюе з Беларуссю.

Лятаў у Танзанію, сябраваў з Польшчаю

Зінгмана няма сярод заснавальнікаў ні першай, ні другой, хаця ў шэрагу датаваных 2011 годам публікацыяў ён фігуруе як камерцыйны дырэктар «Кантрактусу» па Усходняй Еўропе. Пра тое, што ён не быў звычайным наёмным супрацоўнікам, сведчыць шэраг фактаў.

Паводле фінансавай справаздачнасці польскай фірмы, да якой мы атрымалі доступ, «ВестБалт» у 2018 меўся вярнуць пазыку «Кантрактусу» памерам больш за PLN 4 млн, то бок крыху больш за € 900 тысяч. Гэта сведчыць пра тое, што бізнес-сувязі абедзвюх фірмаў існуюць дагэтуль.

Мы шмат разоў спрабавалі звязацца з дырэктарам «Кантрактусу» Вітальдам Карчэўскім, які да таго ж з’яўляецца шматгадовым прэзідэнтам Гандлёва-прамысловай палаты ў Беластоку. Але на нашыя тэлефанаванні і электронныя лісты ў офісе Карчэўскага цягам некалькіх тыдняў адказвалі, што таго «У дадзены момант яго няма. Адкажа, калі вернецца». Таму высветліць рэальную ролю Зінгмана ў абедзвюх фірмах нам пакуль не ўдалося.

«Кантрактус» – гэта буйная кампанія, якая мае свае адгалінаванні ў некалькіх мясцовасцях у Польшчы. Паводле інфармацыі на старонцы, прадпрыемства займаецца вытворчасццю кармоў для свойскай жывёлы, гандлюе мясам і сельскагаспадарчаю тэхнікай, экспартуе малочную прадукцыю на замежныя рынкі. Фірма некалькі разоў брала ўдзел у спецыялізаваных выставах «Белагра» ў Беларусі.

Пра сувязь Зінгмана з Карчэўскім сведчыць і тое, што беларускі бізнесовец у 2015-ым суправаджаў Карчэўскага падчас ягонага візіту ў Танзанію, дзе яны сустрэліся з тагачасным прэм’ерам Мізэнга Пінда. А годам раней, калі на запрашэнне Карчэўскага Пінда прыляцеў у Польшчу сустрэцца з прадстаўнікамі мясцовага бізнесу, і тут Зінгмана бачым побач з танзанійскім прэм’ерам.

Зінгман і танзанійскі прэм’ер.
Фота: ndgshilatu.blogspot.com

Танзанійскія блогеры пішуць пра Зінгмана як пра «эканамічнага дарадцу ў Польшчы» ці «кансультанта і акцыянера Карчэўскага». Паколькі офіс Карчэўскага не палічыў патрэбным адказаць на нашыя пытанні, сувязь Зінгмана з Польшчаю застаецца завуаляванаю.

Знайсці хоць якія актывы Знгмана ў Беларусі мы спрабавалі і праз папярэдняга ўласніка «Фальконэ». Да 2006 года ўстановаю валодала беларуска-амерыканскае прадпрыемства «В.Т.Т» з рэгістрацыяй у Менску. Сёння «В.Т.Т» мае толькі двух бенэфіцыяраў: нейкая Святлана Іванова і даволі вядомы рэстаратар Ігар Харыноўскі. Раней замест іх кампанія належала шэрагу фізічных і юрыдычных асобаў, у тым ліку з ЗША і Італіі, чыю сувязь з Зінгманам ніякім чынам нельга прасачыць.

Дом за высокім плотам

Зінгман з жонкаю. Скрыншот з відэа falcone.by

У жніўні 2018 года газета Адміністрацыі прэзідэнта «СБ-Беларусь сегодня» апублікавала артыкул «Сцяна разладу». На першы погляд, гаворка ідзе пра звычайную спрэчку паміж суседзямі: пажылая жанчына скардзілася, што ля ейнага дому ў пасёлку Раубічы пад Менскам сусед набыў некалькі ўчасткаў і агарадзіў іх высокім бетонным плотам. Глухі плот перашкаджаў сонечным прамяням асвятляць градкі, дзе жанчына вырошчвала садавіну. Сын жанчыны прыйшоў з гэтаю праблемай да мясцовых уладаў, але тыя толькі адмахнуліся. Журналістка беспаспяхова паспрабавала сустрэцца з гаспадаром сядзібы, аднак ягоны «памочнік па будаўніцтве не пажадаў называць прозвішча ўласніка», які нібыта «даўно з’ехаў за мяжу». «Нарэшце сельсавет устанавіў, што валодае зямлёй Аляксандр Уладзіміравіч Зінгман», – гаворыцца ў артыкуле. А памочнікам па будаўніцтве аказаўся Віталь Дзядзейка, які раней з’яўляўся намеснікам дырэктара рэстарацыі «Фальконэ».

Відавочна, журналістка прэзідэнцкай газеты не ўсведамляла, пра каго менавіта напісала ў сваім артыкуле. Не зразумеў і рэдактар, чый адрас дазволіў «засвяціць» у матэрыяле. Гэта яшчэ раз сведчыць пра непублічнасць асобы Зінгмана. Ягонага імя яшчэ два гады таму не ведалі нават тыя, хто мае кантакт з уладамі.

Ведаючы імаверны адрас пражывання Зінгмана, мы выправіліся ў Раубічы. Пасёлак непадалёк ад Менску выглядае эклектычна. Побач з элітнымі катэджамі мясцовыя пенсіянеры жывуць у напаўразваленых бараках. Дом па вуліцы Новай знаходзім без праблемаў – маштабы маёнтку адразу кідаюцца ў вочы. Вялізарны светлы дом з панарамнымі вокнамі на некалькі паверхаў, прысядзібныя домікі, гараж, прафесійны ландшафтны дызайн.

Дом Зінгмана ў Раўбічах.
Фота: belsat.eu

Як толькі нашае аўта спынілася ля глухога плоту, з будкі вызірнулі ахоўнікі. Мы падышлі бліжэй і трапілі ў аб’ектывы камераў назірання, шчыльна размешчаныя па ўсім перыметры ўчастку. Прадставіліся журналістамі і папыталі, ці можна пагутарыць са спадаром Зінгманам.

«Ён цяпер за мяжой, яны з жонкай у адпачынку. Прыкладна на месяц», – сказаў ахоўнік. Пры гэтым ён адмовіўся называць структуру, ахоўную кампанію, на якую працуе.

Дом Аляксандра Зінгмана ў Раўбічах.
Фота: belsat.eu

Такім чынам, мы пацвердзілі, што ў катэджы сапраўды жыве Зінгман з сям’ёй. Аднак убачыць бізнесоўца асабіста, каб задаць пытанні, аказалася задачаю вельмі складанай.

«Не ўпаўнаважаны даваць каментары»

Кансулят Зімбабвэ ў Менску ў будынку менскага «Прэзідэнт-гатэлю».
Фота: Belsat.eu

У пошуках спадара Зігмана мы накіраваліся ў консульства Зімбабвэ ў «Прэзідэнт-гатэлі». Але і на працоўным месцы заспець консула не ўдалося. Са словаў сакратаркі, ён практычна не бывае ў Беларусі, а знаходзіцца, збольшага, за мяжою. «Можа прыбываць там нават па паўгады», – адзначыла прадстаўніца консульства. Праз тое, што не магчыма ўзяць інтэрв’ю ў консула асабіста, яна прапанавала даслаць пытанні ў пісьмовым выглядзе.

Сярод пытанняў, дасланых намі Зінгману: што звязвае яго з Зімбабвэ, чаму для афіцыйнага візіту ў Харарэ яны з Шэйманам выкарыстоўвалі прыватны самалёт і ці спраўджваецца прагноз Шэймана дасягнуць таваразвароту з Зімбабве ў памеры $ 1 млрд.

Віктар Шэйман. Скрыншот з відэа «Беларусь 1»

Адказ з электроннай пошты консула прыйшоў праз два дні.

«Зададзеныя Вамі пытанні, роўна як і выказванне якіх-кольвек меркаванняў на гэты конт, не ўваходзяць у кампетэнцыю Ганаровага консула Рэспублікі Зімбабве ў Рэспубліцы Беларусь. […] Ганаровы консул не ўпаўнаважаны даваць якія-кольвек каментары датычна вышэйшых службовых асобаў Рэспублікі Беларусь, раўна як і Рэспублікі Зімбабвэ, паколькі ганаровыя консульскія службовыя асобы не выконваюць дыпламатычных і палітычных функцый», – гаворыцца ў адказе.

Зінгман нават не стаў называць лічбы па таваразвароце, адзначыўшы толькі, што ён «абавязкова будзе павялічвацца».

На сённяшні дзень атрымаць ад Аляксандра Зінгмана канкрэтныя адказы на пытанні не прадстаўляецца магчымым.

Дылер у суседнім пакоі

Консульства і офіс AFTRADE DMCC.
Фота: Belsat.eu

У суседнім пакоі з прадстаўніцтвам Зімбабвэ знаходзіцца офіс прадстаўніцтва кампаніі AFTRADE DMCC. І гэтае суседства таксама зусім не выпадковае.

AFTRADE DMCC зарэгістравана ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах (ААЭ). Абрэвіятура DMCC (Dubai Multi Commodities Centre) азначае, што кампанія з’яўляецца рэзідэнтам адпаведнай свабоднай эканамічнай зоны – цэнтру міжнароднага гандлю ў Дубаі. Рэзідэнты DMCC пазбаўленыя абавязку сплочваць падатак на прыбытак, падаходны падатак для фізічных асобаў, імпартныя і экспартныя мыты, а таксама маюць магчымасць стоадсоткавага вываду капіталу з краіны. Дарэчы, адна з галоўных спецыялізацыяў гэтай арабскай СЭЗ – гандаль дыяментамі ды іншымі каштоўнымі камянямі.

Фота: Belsat.eu

Імёны ўласнікаў кампаніі ў адкрытых крыніцах не фігуруюць, аднак ёсць падставы меркаваць, што да AFTRADE DMCC мае непасрэднае дачыненне Аляксандр Зінгман. Калі журналісты belsat.eu тэлефанавалі ў кансулят Зімбабвэ ў Менску, то сакратарка спачатку памылкова дала ў якасці кантактнага мэйла пошту кампаніі AFTRADE. Да таго ж Зінгмана можна было заўважыць на стэндзе AFTRADE падчас міжнароднай выставы ў Анголе ў ліпені 2019 года.

Зінгман на стэндзе AFTRADE DMCC падчас выставы ў Анголе.
Фота: belinterexpo.by

AFTRADE DMCC займаецца пастаўкамі беларускай тэхнікі ў Афрыку. Кампанія – афіцыйны дылер на кантыненце заводаў МАЗ і «Бабруйскаграмаш». На міжнародных выставах AFTRADE DMCC прадстаўляе інтарэсы такіх прадпрыемстваў як Амкадор, «БелАЗ», МТЗ, Гомсельмаш, Лідсельмаш і Лідаграпраммаш. Гендырэктар AFTRADE DMCC – Алег Водчыц, былы намеснік кіраўніка ААТ «Прамагралізінг».

Міністр горнай здабычы і развіцця горназдабыўной прамысловасці Зімбабвэ Уінстан Чытанда і Аляксандр Зінгман падчас наведвання заводу БЕЛАЗ, 2018 год.
Фота: belaz.by

AFTRADE DMCC – не адзіная зарэгістраваная ў ААЭ кампанія, якая прадае беларускую тэхніку ў Афрыцы. У 2017 годзе прадпрыемства свабоднай эканамічнай зоны SOHRA OVERSEAS FZE паставіла буйную партыю самазвалаў «БелаАЗ» на алмазаздабываючыя кар’еры Зімбабвэ паводле кантракту з зімбабвійскай дзяржаўнай алмазнай карпарацыяй ZCDC.

Памочнік Віктара Лукашэнкі

Менавіта Sohra Overseas з’яўляецца ўласнікам футбольнага клубу «Дынама-Берасце». У Менску існуе фірма з падобнай на арабскую кампанію назвай – ТАА «Сохра» (ранейшая назва – «Сохра груп»). 100 % статутнага фонду менскай фірмы належыць яшчэ адной кампаніі зарэгістраванай у Дубаі – «Timak General Trading Co».

Адзінае, што вядома пра гэтую кампанію, гэта тое, што ў ёй топ-менеджарам працуе былы гендырэктар «Сохра» Яўген Мацюхін. Той жа Мацюхін у інтэрнэце фігуруе і як менеджар Sohra Overseas.

Аляксандр Зайцаў (справа).
Фота: pressball.by

Рэальным уласнікам і менскай ТАА «Сохра», і дубайскай Sohra Overseas СМІ называюць алігарха Аляксандра Зайцава. Бізнесоўца лічаць асобаю, набліжанай да Віктара Лукашэнкі. Паводле TUT.by, Зайцаў раней працаваў памочнікам у старэйшага сына кіраўніка Беларусі.

У гэтым будынку на вуліцы Рэвалюцыйнай знаходзяцца офісы «Сохра» і «Сцісха».
Фота: Belsat.eu

Да таго як ТАА «Сохра» была цалкам перапісаная на арабскую «Timak General Trading Co» Зайцаў афіцыйна ўваходзіў у лік уладальнікаў менскай фірмы. У спісе саўладальнікаў раней таксама фігураваў экс-памочнік прэм’ера Сяргея Сідорскага Андрэй Філіпюк і ТАА «Сцісха». «Сцісха» – яшчэ адна афіляваная з «Сохра» кампанія. Яны зарэгістраваныя па адным адрасе, уласнікам «Сцісха» з’яўляецца ўсё той жа алігарх Аляксандр Зайцаў.

Шыльда ў будынку на вул. Рэвалюцыйнай у Менску, дзе месцяцца офісы прадстаўніцтва Sohra Overseas, фірмаў «Сохра» і «Сцісха».
Фота: Belsat.eu

Паводле выдання «Ежедневник», менавіта Sohra Overseas разам з дзяржаўным прадпрыемствам ВПК «Белспецзнештэхніка» – сузаснавальнікі абароннай кампаніі «БСЗТ – Новыя тэхналогіі». У прыватнасці, «БСЗТ – Новыя тэхналогіі» займаюцца мадэрнізацыяй вайсковай тэхнікі і ракетных сістэмаў класа «паветра-паветра». А ў 2018-м «БСЗТ – Новыя тэхналогіі» па загадзе Аляксандра Лукашэнкі запусціла ў Аршанскім раёне першую ў Беларусі вытворчасць патронаў. Пакуль прадпрыемства на Аршаншчыне выпускае толькі спартовыя і паляўнічыя патроны, але ў хуткім часе плануе наладзіць вытворчасць патронаў для баявой зброі.

Генеральны дырэктар «БСЗТ – Новыя тэхналогіі» Алег Сільвановіч. У 2015 годзе Сільвановіч быў партнёрам Зайцава па кампаніі «Сцісха». Той факт, што Sohra Overseas звязана з кампаніяй «БСЗТ-Новыя тэхналогіі», дае падставы выказаць здагадку, што беларуска-зімбабвійскія абаронныя праекты могуць рэалізоўвацца ў тым ліку праз гэтую арабскую кампанію.

Пасярэднікі або «пракладкі»?

Пастаўкі беларускай тэхнікі ў Афрыку праз кампаніі, зарэгістраваныя ў ААЭ, самі па сябе не з’яўляюцца чымсьці незаконным. Аднак такі гандаль відавочна супярэчыць публічнай рыторыцы Аляксандра Лукашэнкі, які з года ў год жорстка крытыкуе сам інстытут пасярэдніцтва ў бізнесе. «Раней гэта называлі спекуляцыяй: купі і перапрадай», – абураўся Лукашэнка яшчэ ў кастрычніку 2018 года. Прычым кіраўнік дзяржавы крытычна ставіцца як да пасярэднікаў пры імпарце, так і пры экспарце. Сёлета, распавядаючы пра «цукровую справу», Лукашэнка назваў «Беларускую цукровую кампанію» ў Маскве «звычайнай пракладкай» – хаця гэтую кампанію цалкам афіцыйна заснавалі беларускія дзяржаўныя прадпрыемствы.

Аляксандр Лукашэнка.
Фота: president.gov.by

Навошта Менск карыстаецца пасярэднікамі (або, паводле тэрміналогіі Лукашэнкі, «пракладкамі») з ААЭ пры гандлі з Афрыкай – пытанне адкрытае. Ганаровы консул Зімбабвэ Зінгман і гендырэктар AFTRADE DMCC Алег Водчыц размаўляць з belsat.eu пра гэта адмовіліся.

Варта дадаць, што ААЭ – гэта не чужая краіна для сям’і Лукашэнкі. Нязменны кіраўнік рэгулярна наведвае Абу-Дабі разам з сынамі Віктарам і Мікалаем. Прыязджае туды не толькі з працоўнымі візітамі, але і дзеля таго, каб ненадоўга «адысці ад штодзённага жыцця» і «абмакнуць ногі ў затоку». Віктар Лукашэнка прыязджае ў ААЭ і асобна – напрыклад, ён неаднаразова наведваў гран-пры па аўтагонках «Формула-1» у Абу-Дабі.

Магчыма, не параіўшыся з кім трэба сёлета Нацыянальны банк Беларусі ўключыў і Зімбабвэ, і ААЭ у спіс краінаў, дзе існуе высокая імавернасць правядзення незаконных фінансавых аперацыяў па «адмыванні» грошай.

Ігар Ільяш, Ганна Любакова, Кацярына Андрэева belsat.eu

Мы ўдзячныя сэрвісу Investigative Dashboard (OCCRP) за дапамогу пры атрыманні звестак пра пералёты самалёта Embraer Legacy з рэгістрацыйным нумарам M-ABEC.

Стужка навінаў