«Прыват» з Валярынай Куставай стаў лаўрэатам конкурсу «Жыццё пад сэрцам»


Выданне праграмы «Прыват» на «Белсаце» «Не наРАКай, альбо перамога над смерцю» перамагло ў журналісцкім конкурсе «Жыццё пад сэрцам».

«На ўзнагароджанні была вельмі сяброўская і камфортная атмасфера, таму вельмі прыемна было проста прысутнічаць там, нават калі б я нічога не атрымала. Мяне вельмі ўсцешыла, што ўзнагароду атрымала выданне «Прывату», дзе галоўная гераіня Надзея Гацак перамагла рак. Калі яна стаяла перад выбарам пакінуць сваё жыццё ці жыццё дзіцяці, то вырашыла пакінуць дзіцё – і гэтае дзіцё сваймі клеткамі ўратавала і яе, і сябе. Гэта такая гісторыя цуду. Было вельмі шмат водгукаў пасля гэтай праграмы. Мне пісалі потым людзі, якія мелі 4-ю стадыю раку, казалі, што гэтая праграма змяніла іх стаўленне да таго, што іх чакае», – распавяла «Белсату» Валярына Кустава.

Супольнасць хрысціянскіх журналістаў і блогераў праводзіць конкурс «Жыццё пад сэрцам» ужо трэці год. Журы ацэньвае прэтэндэнтаў паводле журналісцкай якасці іх тэкстаў, наяўнасці сацыяльнага аспекту ў матэрыяле і хрысціянскай значнасці.

«Гэта ў першую чаргу перамога «Белсату», які дае магчымасць рабіць такія праграмы», – падкрэсліла Валярына Кустава.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў