Прысуды за надпіс «Не забудзем» і Аўтуховіч «тэрарыст». 122-і дзень пратэстаў

Аўторак, 8 снежня, стаў 122-м днём з пачатку штодзённых паслявыбарных пратэстаў. Узгадваем падзеі сённяшняга дня.

«Хімія» і турма за надпіс «Не забудзем»

Сёння ў судзе Фрунзенскага раёну турэмныя тэрміны і «хімію» за надпіс «Не забудзем» атрымалі пяць асобаў.

Усіх фігурантаў дзвюх справаў вінавацілі ў хуліганстве і наўмысным пашкоджанні маёмасці ў буйным памеры. Такім чынам за надпіс «Не забудзем» асуджаныя пяць асобаў, а па забойстве Аляксандра Тарайкоўскага нават не распачалі крымінальнай справы.

За надпіс «Не забудзем» трох менчукоў асудзілі да «хіміі» ды калоніі строгага рэжыму

БТ назвала экс-палітвязня Мікалая Аўтуховіча «верхаводам тэрарыстычнай банды»

Дзяржаўны прапагандысцкі канал АТН выпусціў сюжэт, у якім сцвярджаецца, што былы палітвязень з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч узарваў міліцэйскае аўта ў Горадні і падпаліў дом сілавіка ў Ваўкавыску.

Аўтуховіча называюць лідарам «тэрарыстычнага атраду».

Журналістку тэлеканалу «Белсат» Любоў Лунёву з турмы на Акрэсціна забрала хуткая дапамога

Любоў Лунёва, адна з найлепшых рэпарцёрак Беларусі, разам з аператарам Іванам Куракевічам была затрыманая падчас працы на маршы мудрасці 7 снежня. На іх склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і даставілі на Акрэсціна да суду.

Аператару Івану Куракевічу, якога затрымалі на Маршы мудрасці, далі 15 содняў

Аператару Івану Куракевічу, які супрацоўнічае з «Белсатам», далі 15 содняў арышту нібыта за ўдзел у масавым мерапрыемстве.

Лукашэнка і ягонае атачэнне адрэагавала на загад МАК выключыць яго з шэрагаў НАК

Лукашэнка эмацыйна пракаментаваў рашэнне Міжнароднага Алімпійскага камітэту аб забароне яму ўдзельнічаць у іхных мерапрыемствах.

«Трэба нам звярнуцца ў суд. Хай Бах і банда раскажуць, у чым мая віна, што я сваю краіну абараняю?! Удзел у гэтых мерапрыемствах я 25 гадоў не прымаў, перажыву і далей. Але вы што, сабралі ўсе краіны і прынялі рашэнне?? І добра я, навошта дзяцей чапаеце? Няма справядлівасці ў свеце. Калі ты справядлівую палітыку выбудоўваеш – будзеш ворагам», – сказаў ён.

Ён сказаў, што будзе звяртацца ў суд.

Напішы журналістам

Hавiны