«Прынцыпова не аплочваю штрафу за ўдзел у мітынгу». З карткі жыхара Магілёва знялі ўвесь заробак


20 студзеня на заробкавую картку Алега Аксёнава прыйшлі 262 рублі заробку. Менавіта столькі ён атрымлівае, як дагляднік жылога комплексу. Ужо праз пару хвілін пасля залічэння ўся сума была знятая з рахунку. Калі Алег звярнуўся ў «Альфа-банк», што абслугоўвае ягоны рахунак, яму патлумачылі, што спісанне грошай адбылося на запыт судовых выканаўцаў.

18 верасня суд Ленінскага раёну Магілёва аштрафаваў Алега Аксёнава за ўдзел у мірным мітынгу пратэсту 23 жніўня і прысудзіў яму штраф памерам 30 б. в. – 810 рублёў. Праўда, у судовай пастанове суддзя Алена Літвіна забылася адзначыць памер штрафу. На што абласны суд 8 снежня не звярнуў ніякае ўвагі і пакінуў пастанову актуальнаю. Да 8 студзеня ў Алега Аксёнава быў час на добраахвотную аплату штрафу, але ён не зрабіў гэтага прынцыпова.

Каардынатар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі па Магілёўскай вобласці Алег Аксёнаў.
Фота: Белсат

«Я не лічу сабе вінаватым і таму не аплочваў штрафу паводле арт. 23.34 КаАП добраахвотна. Нашая Канстытуцыя дазваляе людзям збірацца на мірныя сходы, і правы чалавека гэта таксама дазваляюць. Я ведаю, што гэтыя грошы дзяржава пусціць на фінансаванне АМАПу ды іншых сілавых структураў. А мне не падабаецца іхная праца. Увогуле мне не падабаюцца гэтыя ўлады, і я не жадаю іх фінансаваць», – пракаментаваў Аксёнаў.

Алег Аксёнаў вядомы як каардынатар Беларускае хрысціянскае дэмакратыі ў Магілёўскай вобласці. Ён сцвярджае, што за ім пільна сочыць КДБ і таму яму цяжка знайсці сабе хоць якую працу.

«Толькі я ўладкуюся на новую працу – і ўжо праз пару месяцаў мне кажуць: прабачце, але вы нам не падыходзіце. Адзінае месца, дзе мне ўдалося затрымацца, – гэта праца ў жылым комплексе. Так, заробак тут не вялікі, але хоць які», – кажа Алег.

Аксёнаў быў вельмі абураны, калі з ягонага рахунку ў «Альфа-банку» спісалі цалкам увесь заробак. Прычым так хутка, што калі б хацеў – не паспеў бы зняць грошай. Алег не разумее, як маглі зняць увесь заробак – чым цяпер яму плаціць за камуналку, за што набываць ежу? Мужчына меркаваў, што грошы з яго будуць спаганяць у любым разе, але разлічваў, што будуць вылічваць з заробку пэўны адсодак.

У «Альфа-банку» Алегу Аксёнаву патлумачылі, што яшчэ з 1 студзеня 2020 года запрацавала аўтаматызаваная інфармацыйная сістэма выканання грашовых абавязкаў. Яна была распрацаваная згодна з загадам прэзідэнта ад 16.10.2018 г для спрашчэння працэдуры спагнання грашовых абавязкаў.

Фота: Белсат

Калі казаць прасцей, то аўтаматызаваная сістэма выканання грашовых абавязкаў дазваляе судовым выканаўцам шукаць грошы неплацельнікаў ва ўсіх банках і спаганяць пазыкі з іхных рахункаў. Гэтак яно і адбылося ў сітуацыі з Аксёнавым. Але мужчына ўсё роўна звярнуўся па тлумачэнні ў аддзел судовага выканання Ленінскага раёну. Праўда, там яму не змаглі пракаментаваць сітуацыі ды прапанавалі напісаць зварот.

Праваабаронца магілёўскае «Вясны» Барыс Бухель не бачыць у сітуацыі са спісаннем грошай у Аксёнава нейкіх парушэнняў.

«Судовы выканаўца не бачыць, гэта заробак зʼявіўся на рахунку ці нешта іншае. Ён бачыць грошы і спаганяе іх. Гэта ягоная праца. Лепей не дапускаць перадачы справы судовым выканаўцам», – кажа Барыс Бухель.

Праваабаронца перасцерагае ўсіх ад няплаты адміністратыўных штрафаў. Ён раіць не прапускаць тэрмінаў добраахвотнага пагашэння штрафаў, а пры фінансавых праблемах звяртацца ў суд з просьбаю пра растэрмінаванне. Бо калі за спагнанне возьмецца судовы выканаўца, то пазыка аўтаматычна вырастае на 10 %, якія бярэ за працу гэты адмысловец.

Судовы вырак па справе Аксёнава нават не вызначае канкрэтны памер штрафу.
Фота: Белсат

Нагадаем, што ў грамадзянаў на добраахвотную аплату адміністрацыйнага штрафу ёсць 1 месяц з моманту ўступлення выраку ў законную сілу або 1 месяц пасля абскарджання.

Каб атрымаць растэрмінаванне ў аплаце штрафу, вы павінны звярнуцца з адпаведнаю заяваю ў суд, які вам выпісаў гэты штраф. Трэба паспець гэта зрабіць у час, адведзены на добраахвотную аплату штрафу. Пытанне развяжацца станоўча, калі вы далучыце да заявы дакументы, што пацвердзяць фінансавыя цяжкасці. Напрыклад, маленькі аклад ці пенсійнае пасведчанне.

Калі вы ўсё ж такі прапусцілі тэрмін добраахвотнае аплаты штрафу, вы можаце звярнуцца да судовага выканаўцы і папрасіць яго накіраваць ліст вам на афіцыйнае месца працы. Тады штраф будзе вылічвацца з вашага заробку штомесяц, але не больш, чым 50 % заробку за раз.

Абноўлена
У Беларусі праходзяць дваравыя маршы і акцыі салідарнасці. Хроніка дня
2021.01.23 11:44

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў