Прынцэса ў пекле. Фемактывістка Заліна Маршанкулава сабрала аншлаг у Менску


Яна ўзарвала інтэрнэт прапановаю «перасесці з голкі мужчынскага ўхвалення на мужчынскі твар», заснавала сайт Breaking Mad і стварыла фемінісцкі Telegram-канал «Женская власть». Вядомая актывістка Заліна Маршанкулава 27 кастрычніка з аншлагам выступіла ў менскай арт-прасторы «Корпус». Карэспандэнты belsat.eu занатавалі цытаты са шчырай размовы пра гвалт, сексізм і «нежаночыя» прафесіі.

Лекцыя «Было так добра, пакуль не прыйшлі феміністкі», якую арганізаваў інтэрнэт-часопіс 34mag.net, сабрала больш за 100 асобаў, сярод якіх было ўсяго некалькі мужчынаў. Тры гадзіны Заліна з гумарам распавядала, як жанчыны адстойваюць сваё права на павагу, хочуць, каб спыніўся гвалт і не прымушалі нараджаць.

Фемактывістка Заліна Маршанкулава. Фота «Белсат»

«Спачатку збіў – пасля забіў»

Як і ў Беларусі, гэтак і ў Расеі жанчыны спрабуюць прасунуць закон супраць хатняга гвалту. Гэта адна з мэтаў, якую ставяць перад сабой феміністкі. Напрыклад, у Расеі кожная чацвёртая жанчына пакутуе на гвалт у сям’і. А чаму жанчыны не сыходзяць? Паводле Заліны, усё ідзе праз выхаванне.

«У Расеі жанчына не можа проста сказаць: я сыходжу. Гэта наўпроставы шлях да смерці», – кажа Маршанкулава.

Сустрэча з фемактывісткай Залінай Маршанкулавай ў менскай арт-прасторы «Корпус». Фота «Белсат»

У гэтым выпадку фемінізм прасоўвае веды, як жанчыне застацца жывой, а мужчыну не сесці за краты. Але тут моцную ролю грае заканадаўства.

У лютым 2017 года ў Расеі прынялі Закон аб дэкрыміналізацыі збіцця. Хатні гвалт, які не нясе лёгкай шкоды здароўю і здараецца не часцей за адзін раз на год, выключылі з Крымінальнага кодэксу і перавялі ў шэраг адміністратыўных правапарушэнняў. У выніку гвалт у сямʼі пашырыўся, а колькасць паведамленняў пра гэта рэзка скарацілася, паліцыя пачала адмаўляцца расследаваць выпадкі хатняга гвалту. – даведка belsat.eu

Мужчыны ў залі былі ў меншасці. Фота «Белсат»

Сексізм і стэрэатыпы ў медыяпрасторы

У лютым усе абмяркоўвалі гучную рэкламную кампанію Reebok #НИВКАКИЕРАМКИ. Заліна – аўтарка слогану «перасесці з голкі мужчынскага ўхвалення на мужчынскі твар», які выклікаў неадназначную рэакцыю ў грамадстве. Яна атрымлівала шмат ненавісніцкіх паведамленняў і пагрозаў зламаць ёй ногі.

У Расеі ўвогуле маркетынг гуляе на жаночых фемстэрэатыпах. «Пагуляйся ў гульню, пакуль твая жанчына збіраецца 100 гадоў», кепская класіка – эксплуатацыя жаночага цела ў рэкламе. Мужчына ўсміхнецца, жанчына заплача, адзначае актывістка.

«Секс – не прадае. Грудзі на шынамантажы ды жанчыны ў бікіні на мыйні – гэта эксплуатацыя жаночага цела, збіты шаблон, які не звяртае ўвагу на брэнд, а звяртае на цела. У выніку продажы расці не будуць», – кажа Заліна.

Улюбёная цытата Заліны: «Ні бога, ні мужа, ні пана!» Фота «Белсат»

Сярод удзельнікаў лекцыі былі і тыя, хто асабіста сутыкаўся з сексізмам. Заснавальніца мануфактуры Zaduma і актывістка Святлана Гатальская сустрэлася з праявамі нянавісці яшчэ падчас навучання ў ВНУ.

«Гэта быў Лінгвістычны ўніверсітэт, 95 % былі жанчыны. Мы прыйшлі на прадмет, і настаўнік кажа, цытую: «Мой прадмет – логіка, і яго будуць здаваць толькі мужчыны, бо жанчына – гэта вагіна з галавою», – кажа Святлана.

Сустрэча з фемактывісткай Залінай Маршанкулавай. Фота «Белсат»

«Схільнасць да пэўных прафесіяў – гэта фігня»

Што такое фемінізм? Паводле Маршанкулавай, феміністкі проста адстойваюць сваё права на павагу і хочуць мець аднолькавую працу і статус з мужчынамі. Праз гендарныя стэрэатыпы цярпіць эканоміка. У Расеі жанчыны атрымліваюць на 30 % менш заробку ў параўнанні з мужчынамі. Жанчын дагэтуль могуць не браць на працу з аргументам «у нас працуюць толькі мужчыны».

«Ёсць легенда, што ў жанчын – нейкая схільнасць да пэўных «жаночых» прафесіяў. Гэта фігня, – кажа Заліна. – Няма аніякіх даследаванняў, якія б паказалі, што жанчыны маюць нейкія прыродныя хібы да пэўных прафесіяў. Нават заснавальніца сучаснага праграмавання Эйда Лаўлэйс – жанчына. «Жанчына не павінная складацца з базавага набору: усміхацца і гатаваць», – дадае актывістка.

Квіткі на лекцыю каштавалі ад 20 да 30 рублёў. Фота «Белсат»

«У нас усё яшчэ не ведаюць, што жанчына – чалавек. У Беларусі і Украіне таксама»

Асобную частку лекцыі актывістка прысвяціла тэме абортаў, якія ўвесь час спрабуюць абмежаваць на постсавецкай прасторы. Паводле Заліны, на постсавецкай прасторы ўсцяж прасоўваецца стэрэатып: «Калі ў табе нарадзілася дзіця, то на сябе трэба ставіць крыж і займацца толькі сваім нарадзінцам».

Сустрэча з фемактывісткай Залінай Маршанкулавай. Фота «Белсат»

На Каўказе – увогуле, калі з’яўляецца дзяўчынка, то могуць зрабіць аборт, проста таму, што дзяўчынка не лічыцца раўнаважнай хлопцу.

«Да вас могуць прыйсці рэлігійныя актывісты, якія будуць вас адгаворваць «не забіваць дзіця». Яны кажуць, што ў эмбрыёна ёсць асабовасць і душа. А ў жанчыны яе няма?» – пытае Маршанкулава.

Атрымліваецца, што ў жанчыны дагэтуль няма права распараджацца сваім целам.

Аўтограф сесія ў часе якой аўтарка паабяцала абавязкова яшчэ раз прыехаць у Менск. Фота «Белсат»

На працягу трох гадзінаў Заліна тлумачыла, што немагчыма проста сказаць грамадству «цяпер мы ўсе роўныя», і заўтра ўсё зменіцца. Трэба казаць пра гэта ўвесь час, і тады будзе вынік. У свеце вельмі розная сітуацыя з правамі жанчын, калі ў Канадзе прымаюць закон, што ўва ўсіх калектывах мусіць быць не менш за, умоўна, 30 % жанчын, то ў Афрыцы працягваецца прымусовая жаночая кастрацыя. І трэба памятаць, што гэта ўсё – часткі аднога ланцуга.

ВР, фота Ірына Арахоўская belsat.eu

Стужка навінаў