Прынамсі чатыры чалавекі загінулі ў выніку штурму прыхільнікамі Трампа Капітолію ў Вашынгтоне


У Вашынгтоне 6 студзеня прыхільнікі дзейнага прэзідэнта ЗША Доналда Трампа прарваліся ў будынак Капітолію, паведамляе Reuters. У гэты час там абмяркоўвалі вынікі выбараў і мусілі зацвердзіць перамогу дэмакрата Джо Байдэна, піша Vot Tak TV.

У будынку Капітолію адбылася страляніна. Як мінімум 4 асобы загінулі, 52 арыштаваныя, паведамляе Reuters.

Сутыкненні пачаліся неўзабаве пасля таго, як прэзідэнт Доналд Трамп чарговы раз звярнуўся да сваіх прыхільнікаў, сцвярджаючы, што выбары былі сфальсіфікаваныя. Пратэстоўцы прайшлі праз Скульптурную залу Капітолію, размахваючы амерыканскімі сцягамі і выкрыкваючы «Дзе яны, чорт вазьмі!», маючы на ўвазе эвакуяваных кангрэсменаў.

Прыхільнікі Трампа таксама ўварваліся ў залу пасяджэнняў Сенату з крыкамі «Ён выйграў гэтыя выбары».

Hавiны
Паліцыя аднавіла кантроль над будынкам Кангрэсу. Перапыненае праз штурм пасяджэнне аднавілася
2021.01.07 09:29

Хроніка падзеяў у Вашынгтоне (паводле менскага часу)

20:00. Трамп заявіў, што ягоныя прыхільнікі павінны прыйсці да Капітолію і «дапамагчы слабым рэспубліканцам, бо моцныя ў дапамозе не маюць патрэбы».

21:00. Кангрэс пачаў пасяджэнне. Прыхільнікі Трампа спрабавалі прабіцца ў будынак, паліцыя ўжывала газ, паступілі паведамленні пра першых пацярпелых.

22:20. Пратэстоўцы ўварваліся ў Капітолій, а затым у залы пасяджэнняў і кабінеты, кангрэсменаў тэрмінова эвакуявалі, сертыфікаты з вынікамі прэзідэнцкіх выбараў таксама.

23:15. Пачалася страляніна, некалькі пратэстоўцаў былі параненыя, прынамсі 4 асобы загінулі.

00:00. Байдэн назваў тое, што адбываецца, мяцяжом, праз 15 хвілінаў Трамп заклікаў сваіх прыхільнікаў разысціся, цягам дзвюх гадзінаў сілавікі занялі і ачысцілі Капітолій, была знойдзеная і абясшкоджаная бомба, 20 чалавек былі затрыманыя. Выбуховае прыстасаванне знайшлі і ў штаб-кватэры Рэспубліканскай партыі ў Вашынгтоне, яго абясшкодзілі, піша New York Times.

Мужчына паказвае, куды трапіла гумавая куля, выпушчаная паліцыяй ЗША, калі спецслужбы зачышчалі тэрыторыю ад пратэстоўцаў каля будынку Капітолію, ЗША, 6 студзеня 2021 года.
Фота: Essdras M Suarez / Zuma Press / Forum

Віцэ-прэзідэнт ЗША Майк Пэнс абвясціў, што ўдзельнікаў штурму Капітолію прыцягнуць да адказнасці. Ён асудзіў тое, што адбываецца, запатрабаваўшы «спыніць гвалт і разбурэнні ў Капітоліі ЗША»: «І гэта павінна спыніцца цяпер. Усе датычныя павінны паважаць працаўнікоў праваахоўных органаў і неадкладна пакінуць будынак». Доналд Трамп раней раскрытыкаваў Пэнса за нібыта адсутнасць «смеласці зрабіць тое, што мусіла быць зроблена для абароны краіны ды Канстытуцыі і дало б Штатам магчымасць пацвердзіць выпраўлены набор фактаў, а не тыя фальшывыя або недакладныя, якія іх прасілі пацвердзіць раней».

Працаўнікі праваахоўных органаў супрацьстаяць прыхільнікам прэзідэнта ЗША Доналда Трампа. Вашынгтон, ЗША, 6 студзеня 2021 года.
Фота: JIM URQUHART / Reuters / Forum

Каменданцкая гадзіна ў Вашынгтоне

Мэр Вашынгтону М’юрыел Баўзэр увяла каменданцкую гадзіну, пра гэта яна напісала ў Twitter: «Сёння я загадваю ўвесці агульнагарадскую каменданцкую гадзіну ў акрузе Калумбія з 18:00 у сераду, 6 студзеня, да 6:00 чацвярга, 7 студзеня».

Як паведамляе The Associated Press, у Пэнтагоне заяўляюць пра блізу 1100 чальцоў Нацыянальнай гвардыі акругі Калумбія, вылучаных для дапамогі праваахоўным органам спыніць гвалт з боку трампістаў. Прадстаўнік Міністэрства абароны паведаміў, што гвардыя будзе кантраляваць КПП на вуліцах гораду і дапамагаць забяспечваць рэжым каменданцкай гадзіны.

Паводле папярэдніх вынікаў, 78-гадовы былы віцэ-прэзідэнт ЗША (2009–2017) Джо Байдэн перамог на прэзідэнцкіх выбарах 3 лістапада 2020 года: нягледзячы на нязначны адрыў ад канкурэнта, яму ўдалося набраць 306 галасоў выбарнікаў, а дзейны прэзідэнт-рэспубліканец Доналд Трамп атрымаў 232 галасы з 538.

Фота
Трамп не прызнаў паразы на выбарах. Ягоныя прыхільнікі ўварваліся ў Капітолій. Фота
2021.01.07 03:39

Vot Tak TV / belsat.eu

Стужка навінаў