Прынамсі Br 3 млн укінула дзяржава ў заціранне слядоў пераменаў


Мінула два месяцы пратэстаў не толькі на вуліцах, але і на сценах. Вуліцаю займаюцца сілавікі, надпісамі і графіці – камунальнікі, хоць і першыя, і другія неаднаразова былі запрошаныя да пераходу на бел-чырвона-белы бок. «Белсат» падлічыў, колькі грошай укінулі камунальныя службы ў навядзенне старога парадку і высветліў, ці гэтыя дзеянні працуюць.

Праца менскіх камунальнікаў у першы месяц пратэстаў каштавала Br 750 тыс, што паведаміў начальнік упраўлення гарадской гаспадаркі Менгарвыканкаму Уладзімір Лебедзь. Пасля яго чыноўнікі не агучвалі сумаў, якія выдаткоўваюць на давядзенне гарадоў і мястэчак да парадку, які хоча бачыць вертыкаль Лукашэнкі.

Мурал пра Ніну Багінскую. Фота ад чытачоў

Хутчэй за ўсё за другі месяц пратэстаў тэмп працы камунальных службаў не паменшыўся. Пра гэта сведчаць рэгулярныя сустрэчы беларусаў у пратэставых дворыках, навіны пра новыя вывешаныя сцягі ды стужкі ці адноўленыя пасля папярэдняга запэцквання муралы. Таму за два месяцы пратэстаў у Менску камунальныя службы маглі патраціць прынамсі паўтара мільёны рублёў. Цяжэй зразумець, колькі сілаў і сродкаў пайшло на барацьбу з партызанскім рухам у рэгіёнах.

Мы пазбіралі ў медыях і папулярных тэлеграм-каналах паведамленні пра новыя надпісы, муралы, сцягі, налепкі ды стужкі, якія з’явіліся за апошні тыдзень і вывялі прыкладную прапорцыю актыўнасці менскіх партызанаў у параўнанні да рэгіянальных – 5:6. Такім чынам за два месяцы пратэстаў у рэгіёнах камунальныя службы маглі патраціць Br 1,8 млн. Таму агулам адмыванне ўсёй Беларусі ад налепак, муралаў ды стужак можа каштаваць больш за Br 3 млн. бюджэтных грошай.

Супрацоўнікі МНС зноў займаюцца справай. Фота ад чытачоў

Гэта выдаткі, якія прайшлі праз камунальную гаспадарку. Але часам здымаць сцягі з дамоў прыязджалі службы МНС. Штраф за беспадстаўны выклік ратавальнікаў – гэта мінімум 4 базавыя (Br 108). Можам лічыць, што столькі каштуе выезд супрацоўнікаў МНС на працу. Вядомых нам выпадкаў выкліку ратавальнікаў на зняцце сцягаў было каля 15. Такім чынам мінус яшчэ мінімум Br 1500 з бюджэту. Зазвычай разам з МНС здымаць сцягі прыязджалі спецслужбы ды міліцыя. Міліцыянты часта абаранялі камунальнікаў падчас працы.

Камунальнікі змагаюцца, але ці эфектыўна?

Шматразова замаляваны і адноўлены мурал у Маладзечна. Ультыматум. Фота ад чытачоў

Робяць гэта рознымі метадамі, але не ўсе з іх спрацоўваюць. Найбольш распаўсюджаны спосаб – замазаць сцяну разбаўленаю фарбай. Але ён нячаста спрацоўвае – жыхары змываюць фарбу ды аднаўляюць малюнкі. Часам разбаўленая фарба папросту не брала муралы.

Мурал «дыджэяў пераменаў» у квартале Салідарнасці ў менскім мікрараёне Захад. Фота ад чытачоў

Надпісы пераменаў – патрэба часу, яны сэнсоўныя і часта – прыгожыя, а замалёўванне адно псуе сцены – лічыць жыхар Асмалоўкі і гарадскі актывіст Андрэй Эзерын:

«Што датычыць нашага кварталу, які можна лічыць гістарычным, то зусім нядаўна тут адбывалася рэканструкцыя пад наглядам прафесійных архітэктараў і рэстаўратараў. Нашыя сцены добра апрацавалі і пафарбавалі паводле адмысловай тэхналогіі і адмысловымі фарбамі. Зараз жа квадратамі замалёўваюць нашыя сцены – гэта неэстэтычна выглядае. Масленай фарбаю замалёўваюць мінеральную, якая нямала каштавала».

Пратэстоўцы часта ўскладняюць задачу камунальнікам. Напрыклад, ставяць сцягі пасярэдзіне сажалкі. Тады камунальнікі перасаджваюцца ў лодку. Бывала, што перасаджваліся нават у пад’ёмнікі, каб здымаць сцягі і плакаты з гаўбцоў. У Лебядзіным вялікі бчб-сцяг зрабілі са скотчу. Прыбраць яго спрабуюць ужо другі дзень.

16 кастрычніка камунальнікі здымалі сцяг, зроблены св скотчу. Фота ад чытачоў

Крэатыўны не толькі змест малюнкаў, але і тое, як пратэстоўцы выпраўляюць дзеянні камунальнікаў. Гэтак калі ў чарговы раз мемарыял Тарайкоўскага засыпалі рэагентам, людзі правялі чырвоную лінію і атрымаўся бчб.

Рэагент на Пушкінскай у Менску ўдасканалілі чырвонаю рысаю.
Фота: Тэлеграм @motolkohelp

«Нанясенне на будынкі нейкіх малюнкаў, няўзгодненых з мясцовымі ўладамі, – гэта адміністрацыйнае правапарушэнне. Але ж што такое зараз адміністрацыйнае правапарушэнне, калі ў Беларусі парушаюцца правы грамадзянаў?», – сцвярджае Рыгор Кастусёў, які быў кіраўніком ЖКГ на Магілёўшчыне.

Напрыклад, мурал «Ды-джэі перамен» намаляваны https://nashaniva.by/?c=ar&i=260318 на частцы вентыляцыйнага памяшкання падземнага паркінгу, які належыць да таварыства ўласнікаў, а не ЖКГ.

«Калі сцяна на балансе таварыства ўласнікаў, то пытанне вырашаецца на агульным сходзе. Зацвярджаюць мурал, супольна набываюць фарбу. Калі сцяна на балансе ў гораду, то, зразумела, што гэта чужая маёмасць. Фармальна трэба мець дазвол, каб наносіць мурал. З іншага боку ёсць грамадзяне, якім неабыякава гарадское асяроддзе. Гэта не лаянка, гэта не тое, што мы бачым у падваротнях. Калі казаць пра мурал з ды-джэямі, то тут не ў юрыспрудэнцыі справа, а ў палітыцы. Шчыра кажучы, у нас дагэтуль цячэ іржавая вада ў Менску. Лепей бы яны сваімі праблемамі займаліся, а не рэзалі стужкі і сцягі ў дварах», – лічыць дырэктар ініцыятывы «Эфектыўнае кіраванне гарадамі» Уладзімер Навасяд.

«Яны зафарбоўвалі – мурал вяртаўся»

Мурал у дворыку на Чарвякова ў Менску аднаўляюць зноў і зноў.
Фота: чытачы Радыё Свабода

Мы паразмаўлялі з Юліяй, жыхаркаю дворыку на Чарвякова, дзе мясцовыя змагаюцца за мурал «Ды-джэі перамен». Малюнак з’явіўся 12 жніўня. Яго аднаўлялі ўжо больш за 10 разоў.

«Мы не ведаем, хто яго зрабіў, але ён нам падабаецца. Гэты мурал упрыгожвае нашую плошчу. Учынак ды-джэяў адбыўся акурат недалёка. Тады толькі-толькі пачала фармавацца дваровая суполка. Не памятаю, колькі першы мурал вісеў, але яго даволі хутка зафарбавалі. Праз дзень ён з’явіўся ізноў – зафарбавалі. І гэтак далей».

Зазвычай гэтым займаліся камунальнікі. Пазней гэтую працу пачалі выконваць праваахоўнікі.

Плошча праўды. Фота ад чытачоў

«Некаторыя былі ў форме, але былі і нейкія незразумелыя мужчыны ў цывільным. Ніхто не прадстаўляўся. З часам гэта ператварылася ў вайну між намі. Яны зафарбоўвалі – мурал вяртаўся зноў. Хтосьці зразумеў, што гэта акрылавая разбаўленая фарба.

Людзі пачалі адціраць мурал, і ў іх атрымалася. Яго не трэба было перарабляць. Пару раз так было. Яны ставілі вакол варту, каб мы не маглі падысці. Адным разам зафарбавалі дзіўнай фарбай, якая страшна смярдзела, а гэта на дзіцячай пляцоўцы. Мы ў санстанцыю звярталіся – атрымалі адпіску».

Юлія распавядае, што ў дворык праваахоўнікі не вяртаюцца ўжо прыкладна 10 дзён, мурал таксама не кранаюць. Лічыць, што пераключыліся на Лебядзіны. Але калі што, жыхары гатовыя аднаўляць мурал.

«Першы мурал быў раздрукаваны і клеіўся. Зараз гэта трафарэт. Гэта даволі хутка робіцца. Распыляецца з балонам ці пракатваецца фарбай. Памятаю, у нас сцяна пасля ўсіх гэтых дзеянняў была ў такім страшным стане, што мы яе аблупілі, пафарбавалі файна і тады ўжо нанеслі мурал».

Бчб-сімволіка ў дварах мікраёну Уручча ў сталіцы. Фота ад чытачоў

Барацьба адбываецца і са стужкамі. У апошні раз іх увогуле падпалілі.

«Было два мужчыны ў цывільным. Адзін падпальваў. Гэтыя стужкі ўвесь час падразаюць, але абцінкаў нават не прыбіраюць за сабой. Мы іх збіраем і вяжам назад. Стужкі ўсё больш кароткія.

У апошні раз яны былі настолькі кароткія, што плот быў у вузялках. Іх нязручна зразаць. Яны вырашаліся на падпал. Гэта быў жах, сінтэтыка расплавілася. Часам фарбавалі гэтыя стужкі з балонаў. Гэта ўсё адбывалася недзе а 3-4 ночы».

Раней гэта рабілі аб 11-12 гадзіне дня. 15 верасня, калі на «плошчу Пераменаў» у чарговы раз прыехалі сілавікі, дворык абараняў Сцяпан Латыпаў. Тады мужчыну затрымалі, і ён дагэтуль застаецца на Акрэсціна, прызнаны палітвязнем.

«Зараз сярод ночы таксама выходзяць размаўляць. Але яны не асабліва размаўляюць. Калі адзін чалавек выходзіць, то ім больш камфортна, чым калі 20 асобаў.

Цяжкавата з імі змагацца. Супраць Сцяпана, які адно прасіў суразмоўцу паказаць дакументы, завялі крымінальную справу. Розніца ў тым, што ім за гэта плацяць, а для нас гэта задавальненне. Стаім вяжам, пакуль музыка гучыць, канцэрт».

Партызаны вывесілі вялікі сцяг на чыгуначным мосце ў Сцяпянцы. Фота ад чытачоў

Часам на зразанне стужак абаронцы старога ладу дасылалі больш танную працоўную сілу.

«Да нас прыводзілі п’янчугаў. Напэўна, гэта людзі з абавязкам да грамадскай працы. Міліцыя знаходзіць асобаў, на якіх можна націснуць і выкарыстаць. Мы размаўлялі з гэтымі хлопцамі і казалі, што яны не мусяць гэта рабіць. Яны сышлі.

Я вельмі адмоўна да такога стаўлюся, тым больш што гэты будынак – маёмасць таварыства ўласнікаў. Хоць, вядома, знаходзіцца яно ў Рэспубліцы Беларусь».

Дзіяна Раткевіч Belsat.eu

Стужка навінаў