«Прымаў дарагія падарункі». Прэм'ера Ізраіля вырашылі абвінаваціць у карупцыі


Генеральны пракурор Ізраіля мае намер прадʼявіць прэмʼер-міністру Біньяміну Нетаніягу абвінавачванні ў карупцыі па трох розных справах.

Перад канчатковым рашэннем Нетаніягу зможа прадставіць свае пярэчанні ў ходзе слуханняў. Прэмʼер-міністр усе абвінавачванні на свой адрас адхіляе, піша The Times of Israel.

Адна са спраў датычыць атрымання Нетаніягу дарагіх падарункаў ад бізнесоўцаў у абмен на заступніцтва. У іншым выпадку гаворка ідзе пра дамоўленасці з выдаўцам ізраільскай газеты «Едзіот Ахронот»: Нетаніягу нібыта абяцаў аслабіць яе канкурэнтаў, а выданне павінна было надалей не пісаць пра яго крытычныя артыкулы. Па трэцяй справе прэмʼер-міністра хочуць абвінаваціць у прыняцці рашэнняў на карысць аднаго з мясцовых бізнесоўцаў у абмен на пазітыўныя публікацыі на сайце, які належыць апошняму.

Нетаніягу хочуць абвінаваціць у махлярстве і злоўжыванні даверам па ўсіх трох справах, а па апошняй яшчэ і ў хабарніцтве.

9 красавіка ў Ізраілі пройдуць выбары ў парламент. Паводле апытанняў, партыя Нетаніягу «Лікуд» ідзе на другім месцы з 19% галасоў і можа страціць як мінімум чатыры працэнтных пункты ў выпадку прадʼяўлення абвінавачванняў.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў