Прыклад і натхненне. Мецэнатка беларускага руху Магдалены Радзівіл перапахаваная ў менскім касцёле


Перапахаванне парэшткаў Магдалены Радзівіл

«Яе душа і сэрца былі з нашым беларускім краем, з нашым беларускім народам», – сказаў дапаможны біскуп Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі Юрый Касабуцкі падчас пахавальнай цырымоніі ў менскай каталіцкай парафіі Найсвяцейшай Тройцы на Залатой Горцы.

Яна марыла вярнуцца ў Беларусь

Парэшткі Магдалены Радзівіл перапахаваныя ў левай частцы святыні. На тым месцы ўсталяваная памятная шыльда з барэльефам у гонар славутай мецэнаткі.

На ўрачыстасць прыбылі Мацей і Мікалай Радзівілы, а таксама праўнукі Магдалены Радзівіл – Гелена і Адам Замойскія.
Яшчэ ў 2016 годзе Мацей і Мікалай Радзівілы абмяркоўвалі перапахаванне сваёй знакамітай сваячкі з арцыбіскупам Менска-Магілёўскім Тадэвушам Кандрусевічам у адным з касцёлаў у Менску.

«Яна лічыла сябе беларускай, яна марыла жыць у Менску, таму гэта будзе вельмі сімвалічна, калі мы пахаваем прах Магдалены тут, бо яна марыла пра вольную дэмакратычную Беларусь», – казаў Мацей Радзівіл.

У Беларусь парэшткі Магдалены Радзівіл даставіў Аляксандр Сапега – намеснік старшыні Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі.

Княгіня, якая паходзіла са старажытнага роду Вялікага княства Літоўскага, зрабіла неацэнны ўклад у падтрымку беларускай культуры і хрысціянскага руху ў першай палове ХХ стагоддзя.

«Вобразна кажучы, калі Магдалена Радзівіл стала перад брамай святога Пятра, яе рукі былі поўныя добрых учынкаў… Кожны з нас можа спытацца – а калі я буду перад брамай Нябеснага Валадарства, ці мае рукі будуць поўныя ці пустыя?», – сказаў падчас казання біскуп Юры Касабуцкі.

Святая Імша закончылася супольным спяваннем нацыянальнага духоўнага гімну «Магутны Божа».

Супраць мэйнстрыму свайго часу

Пасля літургіі і цырымоніі перапахавання адбылася імпрэза, у якой нашчадкі Магдалены Радзівіл і вядомыя беларускія дзеячы, прадстаўнікі рэлігійных супольнасцяў і дыпламаты казалі пра важнасць сённяшняй падзеі. Вёў імпрэзу журналіст і паэт Глеб Лабадзенка.

Першае выданне «Вянка» Максіма Багдановіча фундавала Магдалена Радзівіл

Пробашч парафіі Найсвяцейшай Тройцы ксёндз Юры Санько паведаміў пра планы праводзіць у гонар мецэнаткі творчыя вечары ў Залатагорскім касцёле, таксама ёсць прапанова стварыць Фонд Магдалены Радзівіл для падтрымання таленавітай беларускай моладзі, як гэта рабіла беларуская арыстакратка.

Плануецца таксама паставіць шыльду ў памяць Магдалены Радзівіл на гістарычным будынку, у якім яна жыла – цяпер гэта побач з Чырвоным касцёлам.

«Збіраюцца каменьчыкі ў наш нацыянальны Пантыён», – сказаў Глеб Лабадзенка, адзначаючы важнасць падзеі.

Магдалена Радзівіл у маладосці

«Лічу сябе беларускай літоўскага паходжання. Як і муж мой, полькай сябе не прызнаю», – пісала арыстакратка ў 1912 годзе.

Згадваючы гэтыя словы, праўнук княгіні Адам Замойскі распавёў, што хоць асабіста не ведаў сваю прабабулю, аднак ягоная маці вельмі шанавала Магдалену Радзівіл за яе смеласць і ўпэўненасць у сваёй справе. Арыстакратка пайшла супраць сучаснага для яе мэйнстрыму ў шэрагах мясцовай буйной шляхты.

«Калі яна заявіла сябе беларускай, а не полькай, то значная частка яе сям’і адвярнулася ад яе, але яна разумела, у што яна верыць, таму смела рабіла тое, у што верыла», – сказаў Адам Замойскі.

Выступілі таксама прадстаўнікі сямʼі Радзівілаў, былы міністр культуры Беларусі Анатоль Бутэвіч, пісьменнік Арлоў прадстаўнік польскай амбасады, Аляксандр Сапега.

Арыстакратка і БНР

«Невядома якой была б наша сучасная культура, якім бы бы стан сучаснай беларускай мовы, калі б не Магдалена Радзівіл. Нашая зямля заўсёды нараджала шмат геніяў, але не заўсёды гэтыя геніі мелі магчымасць раскрыцца. І Магдалена была адной з тых асобаў, якія далі магчымасць для раскрыцця талентаў гэтай зямлі», – сказаў Глеб Лабадзенка падчас імпрэзы.

Дзякуючы намаганням Магдалены Радзівіл былі адкрытыя і фінансаваліся беларускія школы ў шэрагу рэгіёнаў Беларусі, фінансаваліся выдавецтва «Загляне сонца і ў наша аконца», Беларускае выдавецкае таварыства, каталіцкая газета «Беларус», таварыствы цвярозасці, шпіталі, сельскія крамы.

Магдалена Радзівіл

Мецэнатка плаціла стыпендыю студэнтам-беларусам, якія вучыліся ў Пецярбургу, падтрымлівала тамтэйшую беларускую бібліятэку. Яе маёнтак у Кухцічах наведвалі Вацлаў Іваноўскі, Iван і Антон Луцкевічы, Раман Скірмунт і іншыя дзеячы беларускага нацыянальна-культурнага руху.

Аляксандр Сапега

«У гісторыі яна застанецца як беларуская мецэнатка. Бачыцца сімвалічным, тое, што сённяшняя падзея адбываецца незадоўга да 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, ідэалы якой вітала і падтрымлівала Магдалена Радзівіл. Відавочна, што без БНР мы б не мелі зараз беларускай незалежнай дзяржавы… Спадарыня Магдалена, Беларусь памятае Вас», – сказаў Уладзімер Арлоў.

Аляксандр Гелагаеў

Глядзі таксама
Каментары