«Прыйшоў у суд назіраць, а затрымалі мяне самога». У Магілёве – суды над затрыманымі напярэдадні Дня Перамогі

Праваабаронца Барыс Бухель дае парады перад судом жыхару Магілёва Уладзіміру Барэйшы. Фота: «Белсат»

Першымі ў суд прывезлі журналіста і праваабаронцу Аляксандра Буракова, якога затрымалі 8 траўня, і жыхара Магілёва Уладзіміра Барэйшу, якога таксама забралі 8 траўня проста з дому. Абодва правялі ў ізалятары часовага ўтрымання па 3 дні – максімальна магчымы тэрмін затрымання да суда.

Уладзімір Барэйша распавёў, што яго вінавацяць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паводле артыкула 23.34 КаАП. Судзяць за тое, што прыйшоў пад Магілеўскі ізалятар пасля затрымання блогера Сяргея Ціханоўскага 6 траўня. Справу Башарымава разглядае суддзя суду Ленінскага раёну Магілёва Ксенія Урублеўская.

Журналіст і праваабаронца Аляксандр Буракоў увогуле застаўся сам насам ля суду: канвой яго прывёз і знік, а ў раскладзе паседжанняў ягонай справы не знайшлося. У адказ на гэтае бяздзеянне Буракоў напісаў скаргу ў суд Кастрычніцкага раёну і ў пракуратуру.

Журналіст і праваабаронца Аляксандр Буракоў. Фота: «Белсат»

На думку Буракова яго затрымалі ўвогуле незаконна: «Я прыйшоў 8 траўня ў суд, каб назіраць за ходам працэсаў над затрыманымі, а затрымалі мяне самога. Прычым ні за што. 6 траўня я чакаў пад РАУС Магілёўскага раёну, калі выпусцяць кіроўцаў Ціханоўскага. Намеснік начальніка РАУСа сам папрасіў мяне забраць кіроўцаў і рэчы з машын і адвезці іх дадому. Мы з кіроўцамі Ціханоўскага спачатку пад’ехалі да ІЧУ, дзе ўжо сабраліся людзі. Там мы даведаліся навіны і абстаноўку і я завёз кіроўцаў дадому. Як мяне за гэта можна судзіць? Я збіраюся даказаць на судзе, што я не браў удзелу ні ў якой акцыі» – сказаў праваабаронца Аляксандр Буракоў.

Справу Аляксандра Буракова накіравалі суддзі Ігару Шведу, разгляд пачнецца пасля абеду.

Абноўлена: 16-50

Міхась Аршынскі. Фота: «Белсат»

Аператар і блогер Міхась Аршынскі ў ІЧУ трымаў галадоўку. Падчас паседжання ён адразу заявіў хадайніцтва аб тым, каб яму далі час знайсці адваката. Суддзя Кастрычніцкага суду Міхайлава Таццяна прапанавала яму дзяржаўнага адваката, на што Аршынскі заявіў, што хоча запрасіць менавіта свайго адваката. Хадайніцтва задаволена не было. Аршынскі папрасіў час, каб азнаёміцца са справай, суддзя дала яму на гэта 10 хвілін.

Таццяна Сівачэнка. Фота «Белсат»

Таццяну Сівачэнку з АГП прыехалі падтрымаць палітыкі Міхаіл Казлоў і Анатоль Лябедзька. Таццяне інкрымінуюць удзел у акцыі ля гіпермаркету «Гіпа» 6 траўня. Дзяўчыну забралі ў РАУС і пасля ў ІЧУ адразу са святкавання Дня народзінаў, так што сёння Таццяну віншавалі ў судзе.

Мікіта з маці пад кабінетам суддзі. Фота «Белсат»

Грамадзянін Расеі Мікіта Ігнашын быў затрыманы ў пятніцу 8 траўня нібыта за ўдзел у сустрэчы 6 траўня з прадстаўнікамі YouTube-каналу «Краіна для жыцця» ля супермаркету «Гіпа» у Магілёве. Мікіта кажа, што ён у акцыі не ўдзельнічаў, ён з сямʼёй прыехаў у гэты час на закупы ў гіпермаркет. «На паркоўцы ўбачылі людзей, падышлі, паглядзелі, што там адбываецца. І пайшлі далей. Не стаялі, удзелу ў акцыі не прымалі, а мне ў пратаколе напісалі, нібыта актыўна ўдзельнічаў у несанкцыянаваным мітынгу», – распавёў Мікіта.

Ігар Шчамялёў. Фота «Белсат»

Ігар Шчамялёў, як і ўсе, быў затрыманы нібыта за ўдзел у сустрэчы з прадстаўнікамі YouTube-каналу «Краіна для жыцця» 6 траўня. Але Ігар і яго родныя кажуць, што ўвесь вечар былі дома і на сустрэчы не прысутнічалі. Яны глядзелі стрымы з сустрэчы онлайн. І тым не менш, Ігара затрымалі на 3 содняў да суду. Сёння ў суд Кастрычніцкага раёну не зʼявіліся сведкі па справе Ігара, відэа з сустрэчы таксама даследавана не было. У выніку суддзя Жанна Пушкіна адпусціла Ігара дадому, а наступнае паседжанне па яго справе прызначыла на 14 траўня 14:30.

Станіслаў Паўлінковіч. Фота: «Белсат»

Станіслаў Паўлінковіч адзіны, каго забралі за «кармленне галубоў» 2 траўня. Хлопец патрапіў у ІЧУ адразу з працы і таму на судзе прадстаў у працоўнай вопратцы Магілеўскага Металургічнага заводу. Ён пацвердзіў, што браў удзел у акцыі і нават на судзе агучыў лозунгі «Стоп, таракан!» Станіслава судзілі паводле адразу трох артыкулаў 23.34, 23.4, 23.5 КаАП. Разам за ўсё ён атрымаў 15 сутак.

Прысуды

Уладзімір Барэйша пакараны 8 соднямі арышту, Джумава Інна 3 соднямі арышту, Сівачэнка Таццяна – штраф 25 б.в., Міхась Аршынскі – 10 содняў, Барыс Огнеў – 7 содняў, Мікіта Ігнашын – 10 содняў, Станіслаў Паўлінковіч – 15 содняў.

Фота: «Белсат»

Вольга Васільева belsat.eu

Hавiны