«Прыходзьце з 8 да 12». У Лагойску адмянілі мітынг Святланы Ціханоўскай


Імпрэза адмянілася за паўгадзіны да пачатку.

Сёння, 5 жніўня, з 19:30 да 22:00 у Лагойску мусіў прайсці мітынг Святланы Ціханоўскай. Аднак літаральна за пару хвілінаў арганізатары даведаліся, што мерапрыемства адмяняецца.

«Мы ўжо прыехалі, пачалі раскладацца. Патэлефанавалі ў РАУС, запыталіся: дзе міліцыянты? Папрасілі іх прыехаць і забяспечыць бяспеку. Аднак потым прыйшоў начальнік РАУС і кажа, што мы не можам праводзіць пікет. Маўляў час заяўлены іншы: з 8:00 да 12:00», – паведаміла belsat.eu Антаніна Канавалава, каардынатарка штабу па Менскай вобласці.

Аднак штаб не атрымоўваў аніякіх паведамленняў аб пераносе мітынгу. А прадстаўнікі гарвыканкаму пачалі спасылацца, што, маўляў, яшчэ пры асабістай сустрэчы ім сказалі аб пераносе часу.

«Аднак мы не сустракаліся, і ўсе заявы дасылалі EMS-поштаю! Калі я паказала чэк аб адпраўцы, то яны пачалі юліць», – абураецца каардынатарка.

Антаніна Канавалава зазначыла, што побач з месцах пікета стаяў «ціхар», які ўсё здымаў на камеру.

«Мітынг нам сёння сарвалі, – заяўляе яна. – А ў выканкаме на нашыя пытанні адказаць не здолелі».

Анонс мітынгу ў Лагойску з’явіўся за 1,5 гадзіны да пачатку. І нават за такі кароткі час на месца збору прыйшло больш за 200 чалавек.

«Гэта не можа не радаваць!», – зазначыла Антаніна.

Зараз штаб будзе падаваць скаргу на такія дзеянні гарвыканкаму.

Падобны выпадак здараўся ўжо ў Стоўбцах, Вялейцы, Слуцку і Салігорску, дзе на месцы правядзенні пікета тэрмінова распачаліся рамонтныя працы.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў